25 красавiка 2024, Чацвер, 6:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалай Статкевіч: Давайце разам абараняць сябе

118
Мікалай Статкевіч: Давайце разам абараняць сябе

Лідар БНК пра Марш абураных беларусаў.

Мікалай Статкевіч апавёў Charter97.org наконт правядзення 17 лютага Маршу абураных беларусаў..

– Мікалай Віктаравіч, чаму Беларускі Нацыянальны Кангрэс пастанавіў правесці Марш абураных беларусаў?

– Рэжым завёў Беларусь сваёй бяздарнай палітыкай у тупік – ён ідзе да краху. Гэтая шобла, якая захапіла ўладу ў краіне, умее кіраваць толькі калгасам. Але створаны імі вялікі калгас неэфектыўны. Раней плаціла Расея, Лукашэнка думаў, што халява будзе бясконцай, але цяпер расейцы за свае грошы хочуць для пачатку ваенныя базы. А што такое паставіць тут дзве расейскія дывізіі? Гэта ці ў вайну ўцягнуць, ці варыянт Прыбалтыкі 1940 гады – у Літве паставілі савецкія вайсковыя базы, дамовіліся, што Вільню аддаюць, а ўлетку туды заехалі танкі і Літоўская Рэспубліка стала Літоўскай СССР. Вось у такую сітуацыю нас сёння загнаў Лукашэнка.

Сёння дыктатар спрабуе адкласці свой непазбежны канец тым, што стаў адбіраць апошняе ў бедных людзей, якія і так знаходзяцца на мяжы выжывання. У такой сітуацыі абавязак дэмакратычных сілаў, сапраўднай апазіцыі, абараніць народ, дапамагчы народу абараніць сябе. Рэальна ўздзейнічаць на ўлады мы можам толькі масавымі акцыямі. Толькі гэтага яны баяцца – акцый у цэнтры сталіцы.

Таму Беларускі Нацыянальны Кангрэс падтрымаў ініцыятыву лідара прафсаюза РЭП і старшыні сацыяльна-эканамічнай камісіі Рады БНК Генадзя Фядыніча ў зборы подпісаў з патрабаваннем скасавання гэтага дэкрэта № 3. Але акрамя гэтага мы патрабуем, каб былі абгрунтаваныя кошты на ЖКГ, таму што цяпер нам «выкацяць» нерэальныя сумы; каб перасталі душыць малы бізнэс – крыніцу існавання сотняў тысячаў беларусаў. Мы пастанавілі дапамагчы людзям, якія апынуліся ў складанай сітуацыі, самаарганізавацца і прымусіць уладу перастаць лезці да іх у кішэню. Хай яны лезуць у кішэню да сябе, хай Лукашэнка пачне выдаткоўваць свае мільярды, пра якія кажуць вельмі многія незалежныя эканамісты і міжнародныя эксперты. Хай падзеліцца з народам.

Цяпер людзей спрабуюць браць за горла, прымушаюць плаціць гэты незаконны, абсурдны «падатак на дармаедства», і сітуацыя можа абвастрыцца якраз у лютым. Да мяне часта звяртаюцца людзі, я ўжо пачуў шмат адчайных гісторый. Таму 17 лютага а 18-й на Кастрычніцкай плошчы Менска мы пачнем Марш абураных беларусаў. Да гэтага мы месяц будзем збіраць подпісы супраць гэтага дэкрэта. Я спадзяюся, што іншыя апазіцыйныя структуры, якія пакуль яшчэ не ўвайшлі ў БНК, таксама выявяць актыўнасць і дапамогуць людзям публічна пратэставаць.

– Чаму Вы пастанавілі так назваць акцыю?

– Таму што людзі цяпер вельмі абураныя ўладай. Яны бачаць, што крызіс не сканчаецца, што мадэль Лукашэнкі падышла да поўнага краху і яе нішто не ўратуе, акрамя рэформаў, а рэформы ён праводзіць не хоча, бо не ўмее нічога. Да таго ж рэформы – гэта ж трэба даць людзям свабоду. А свабодная эканоміка прыводзіць да свабоды ў палітыцы, таму пайсці на гэта гэтая ўлада ніяк не можа.

Людзі ж дайшлі да краю, яны пачынаюць разумець, што лепш пры гэтай уладзе не будзе і трэба яе мяняць.

Напісаць каментар 118

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках