19 красавiка 2024, Пятніца, 6:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Давыдзька назваў рэзідэнцыі Лукашэнкі «народным здабыткам»

72
Давыдзька назваў рэзідэнцыі Лукашэнкі «народным здабыткам»
ГЕНАДЗЬ ДАВЫДЗЬКА

У «Клубе рэдактараў» на БТ абмяркоўвалі сюжэт тэлеканала «Белсат».

«Белсат» паведаміў, што каля вёскі Шаршуны знойдзеная новая рэзідэнцыя кіраўніка Беларусі. Перадача БТ атрымалася захапляльнай і нават са спецэфектамі. Кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька распыляў асвяжальнік паветра і паралельна распыляўся сам, апавядаючы пра «адыёзных» журналістах, інтэрв'ю Charter97.org Юрыя Хашчавацкага і народны набытак – рэзідэнцыі прэзідэнта.

– Гэта ўсё хлусня! Выдумку «Белсата» аспрэчылі іншыя СМІ. Апынулася, што ўчастак даўно выкуплены адным расейскім бізнэсмэнам. Але справа зробленая! Больш за сто тысячаў каментароў на ютубе. І якіх каментароў? Народ усё больш бяднее, а гэты сабе пабудаваў. На “Белсаце” нават абвяржэння няма», – абураўся Генадзь Давыдзька, піша «Салідарнасць».

Пасля гэтых словаў ён надумаў папырскаць вакол асвяжальнікам паветра, «каб не смярдзела такімі навінамі, такой хлуснёй», і падарыць балончык «Белсату» – «каб пасля кожнага інфармацыйнага ўкіду туды яны асвяжалі вакол сябе паветра».

– Асадак-та застаўся, наўрад ці хто-небудзь будзе чытаць абвяржэнне ў іншых СМІ. Да гонару рэсурсу, адыёзнага таксама, «Наша Ніва», яны правялі сваё расследаванне і абверглі гэтую інфармацыю. Што тычыцца маёмасці прэзідэнта, нават не прэзідэнта, а Рэспублікі Беларусь. Існыя рэзідэнцыі належаць народу. А гэта нізкае смакаванне, – сказаў Давыдзька.

У сувязі з гэтым ён нават надумаў паразважаць над словам «фэйк».

– Слова «фэйк» мне не падабаецца, мне падабаецца слова «хлусня». Але «фэйк» прыгожа гучыць, як «гей», – выказаў сваё ўяўленне наконт гожага Давыдзька.

Не змог утрымацца ад каментароў на тэму дзейнасці Белсата і рэдактар «Савецкай Беларусі» Павел Якубовіч.

– Цяпер шмат кажуць пра пацяпленне з Еўрапейскім звязам, з Польшчай. Ёсць сітуацыя, журналісты польскага канала гойсаюць па беларускім лесе і спрабуюць знайсці сенсацыю, звязаную з прэзідэнтам. Я не магу сабе ўявіць сітуацыі, каб журналісты БТ наблізіліся да дзяржаўных будынкаў, што знаходзяцца ў мазоўскіх балотах ці варшаўскіх прадмесцях. Гэта адразу стала б падставай для размоваў наконт абмежаванага інфармацыйнага суверэнітэту любой краіны. Чаму польскія, амерыканскія, новазеландскія, ізраільскія журналісты... Прычым неакрэдытаваныя, ніякія гэта не журналісты. Гэта ўжо пераходзіць у юрыдычную сферу, сферу бяспекі, паліцыі, – заявіў Якубовіч.

– Мы бачым падбухторванне, немалады недаростак Хашчавацкі піша на «Хартыі», што Лукашэнка рыхтуе сабе месца, дзе будзе хавацца, калі народ выйдзе на вуліцы. Зноў мне хочацца пацягнуцца па асвяжальнік, – не сунімаўся Давыдзька.

Не будзем абмяркоўваць культурны ўзровень гутаркі такіх высокіх кіраўнікоў, якія ўзяліся дакараць іншых за адсутнасць журналісцкай этыкі. Як і чарговы раз прыводзіць факты, якія змаглі сабраць журналісты.

Цікавае ў гэтай гутарцы іншае. Радасць удзельнікаў перадачы з нагоды таго, што знойдзены маёнтак не належыць Лукашэнку. Гэта значыць, спачатку яны голасна абвяшчаюць, што ўсе рэзідэнцыі Лукашэнкі – гэта народны здабытак, а пасля раптам шчыра радуюцца, што гэта маёмасць расейскага бізнэсмэна. Непатрыятычна неяк атрымліваецца.

Зрэшты, пра падобны «народны здабытак» беларусам вядома не з чутак. Незалежныя журналісты ўжо не раз пералічвалі рэзідэнцыі прэзідэнта, колькасць якіх пераваліла за дзясятак. Дразды, комплекс Заслаўе недалёка ад Менскага мора, лецішча ля Астрашыцкага гарадка, якое калісьці належала маршалу Цімашэнку, Віскулі ў Белавежскай пушчы, палеская рэзідэнцыя на беразе Прыпяці ў Петрыкаўскім раёне – спіс можна доўжыць і доўжыць.

Ды хоць бы пабудаваны ў цэнтры Менска «адміністрацыйны будынак». Той самы, з шыльдачкай «Рэзідэнцыя прэзідэнта», які будаваўся «для людзей», але чамусьці апынуўся для іх зачынены, і на які не патрацілі «ні капейкі з бюджэту», спустошыўшы казну мінімум на 100 мільёнаў даляраў.

Дзякуючы Лукашэнку ў беларусаў ёсць адна з самых дарагіх у свеце машынаў «Майбах», на якой яны могуць катаць сваіх прэзідэнтаў, шыкоўны Боінг, шматлікія самалёты, верталёты, аўтапарк... Увогуле, усё самае лепшае і дарагое. А яшчэ дарагія дзяржСМІ, прадстаўнікі якіх чамусьці не радуюцца ад такога багацця.

Напісаць каментар 72

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках