18 красавiка 2024, Чацвер, 16:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гурт Navi: Замежнікі ўжо запісваюць на нашу песню каверы

7
Гурт Navi: Замежнікі ўжо запісваюць на нашу песню каверы
ФОТА: SVABODA.ORG

Удзельнікі гурту распавялі, чаму для іх важна выступіць на «Еўравізіі-2017» з песняй па-беларуску.

Упершыню ў гісторыі на "Еўравізіі" прагучыць песня на беларускай мове. Учора ўначы гурт Navi перамог у нацыянальным адборы на "Еўравізіі". Пра тое, чым беларуская мова прыцягвае еўрапейскую публіку, Арцём Лук'яненка і Ксенія Жук распавялі «Свабодзе».

— Ці вы разлічвалі на перамогу?

Арцём: Зразумела, калі мы пайшлі ў адбор, мы вельмі хацелі перамагчы. Цяпер я магу сказаць, што мы гэта заслужылі. Год быў у нас такі актыўны, шмат працавалі, пісалі песні. Гэта быў такі падарунак нам.

Усё ж я, можна сказаць, чакаў. Таму што нашая песня адрозніваецца ад усіх канкурсантаў па стылістыцы, падачы і, напэўна, па натуральнасці.

Ксенія: Я вельмі старалася ня думаць, які будзе фінал, таму што гэта вельмі замінае. Калі ты стаіш на сцэне і думаеш пра перамогу, гэта ўсё ж замінае спяваць.

Арцём: Цудоўна адцягваў увагу той факт, што ў нас выйшаў новы альбом. Нас натхніла, што ён спадабаўся людзям. І падрыхтоўка прайшла так незаўважна. Мы выйшлі на сцэну і атрымалі задавальненне.

Фото: svaboda.org

Ксенія: Нібыта гэта быў наш канцэрт.

— Ці не кожны год вакол Еўравізіі былі скандалы, розныя ўмовы падліку, купленыя галасы гледачоў. Вас гэта не палохала?

Арцём: Мы вырашылі ўдзельнічаць. І бачыце самі. Дзякуй богу, што мы не паехалі летась. Мы былі непадрыхтаванымі. Цяпер прайшоў год, мы больш упэўненыя ў нашых песнях, у нашых вобразах. У нашых пачуццях. Гэта сапраўды ўсё натуральна. І бачыце, усё справядліва. Журы паставіла нам 12 балаў, за што ім кажам вялікі дзякуй. І ўпершыню беларуская мова загучыць на гэтым конкурсе. Для нас гэта вялікі гонар.

— Песню пісалі адмыслова пад Еўравізію?

Фото: svaboda.org

Арцём: Песню мы пісалі для альбому. Я натхніўся, напісаў, калі мы прыехалі з фэстывалю Lollapalooza у Бэрліне. Дзе моладзь вельмі адкрытая. Яна падтрымлівае сваіх спевакоў. Мы бачылі, як стотысячны натоўп падтрымлівае выканаўцу, якога мы нават не ведалі. На памяць спявалі песні.

Мяне гэта вельмі натхніла. І атрымалася такая лёгкая, адкрытая пазітыўная песня, якую могуць спяваць усе.

— Ці беларуская мова дапамагла ў адборы?

Ксенія: Можа, мы не ведаем. На ангельскай мове мы не спяваем. Навошта нам гэта рабіць, калі ў жыцці мы не выкарыстоўваем ангельскую мову.

Арцём: Але ў песні ёсць шмат месцаў, дзе слухач з Еўропы зможа заспяваць, пакрычаць «Хэй», патанчыць. Таму я ўпэўнены, не будзе праблемы.

Ксенія: Мы ўжо нават кавэры бачылі. На беларускай мове спрабуюць спяваць.

Арцём: Ужо сёння нам з Грэцыі адзін хлопец даслаў свой кавэр. Ён зрабіў трансліт і па-беларуску спрабаваў спяваць. Нам вельмі прыемна.

— Але песню вы не будзеце перакладаць?

Арцём: Не, гэта прынцыпова для нас. Мы хочам заспяваць па-беларуску. Для нас гэта важна. Ісці на іншыя ўмовы мы не хочам, і песню змяняць не будзем. Нам шмат пішуць з іншых краінаў Еўропы, што гэта цікавае, самабытнае, адметнае, таму не перакладайце песню. Мілагучная мова, трэба яе паказаць.

Ксенія: Мы ведаем, што перад фіналам еўрапейскія гледачы таксама галасавалі. І многія краіны паставілі нам высокі бал. Паводле падліку вызначылася, што мы першыя. Шмат еўрапейскіх краінаў — яны за беларускую мову. Яны кажуць, што гэта класна, што такая прыгожая, такая мілагучная мова. Я спадзяюся, гэта будзе сапраўды цікава ўбачыць Еўропе.

— А для чаго ўдзел у Еўравізіі?

Фото: svaboda.org

Арцём: Гэта досвед, неверагодны досвед. Па-першае, гэта будзе праходзіць у Кіеве. Для нас гэта неверагодна крута. Разумеем, што шмат людзей прыедзе нас падтрымаць. Шмат украінцаў зразумеюць, пра што мы будзем спяваць. Гэта будзе неверагодная падтрымка і новая геаграфія для нашага гурту.

— Большасць беларускіх фіналістаў пасля выступу на Еўравізіі запаміналіся адной гэтай песняй. Не баіцеся такога самага лёсу?

Арцём: Нездарма ў дзень фіналу мы выклалі наш новы альбом. Мы паказваем, што ў нас ёсць песні, мы граем, мы спяваем. І ў нас ёсць аўдыторыя і публіка. І Еўравізія — не мэта нашага гурту. Нашая мэта і місія — большыя.

Ксенія: Гэта проста цікавы досвед. Праўда. Можа, хтосьці думае, што мы марылі кожны дзень, каб паехаць на Еўравізію. Гэта проста іншая гісторыя для нас.

Арцём: Але для нас гэта вялікі гонар прэзентаваць нашую краіну на гэтым конкурсе, заспяваўшы па-беларуску, на роднай мове. Гэта цудоўна.

— Вы таксама былі ў нацыянальных строях. Таксама будзеце падчас фіналу Еўравізіі выступаць у іх?

Арцём: Мы, мабыць, будзем у крыху іншых вобразах. Але мы абавязкова падкрэслім адметнасць нашых каларытных арнаментаў.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках