19 красавiка 2024, Пятніца, 16:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Нараджэнне дачкі зрабіла Б’ёрндалена яшчэ мацнейшым»

6
«Нараджэнне дачкі зрабіла Б’ёрндалена яшчэ мацнейшым»

Спаборнікі распавялі, чаго чакаць ад зорнай беларуска-нарвежскай пары ў найбліжэйшы час.

Выбітныя біятланісты Кубка свету на просьбу tut.by падзяліліся думкамі пра тое, як нараджэнне дачкі паўплывала на Уле-Эйнара Б'ёрндалена і Дар'ю Домрачаву.

Ёханэс Бо: «Яшчэ паглядзім, за якую краіну будзе выступаць Ксенія Б'ёрндален»

- Уле - прыгажунчык. Здаецца, нараджэнне Ксеніі зрабіла яго яшчэ мацнейшым. І чацвёртае месца ў індывідуальнай гонцы ў Антхольцы - падарунак для маленькай Ксеніі. Не ведаю, ці ўплывае неяк сямейнае жыццё на Уле-Эйнара, але нараджэнне ягонай дачкі дакладна ўплывае на мяне. Я жыву ў суседнім пакоі і слухаю яе плач. Ды добра, я жартую. Але, відавочна, бацькоўства сур'ёзна матывуе. Калі Б'ёрндален здабудзе золата ў Хохфільцэне, я таксама задумаюся над тым, каб стаць бацькам, абяцаю. Дар'я не адстае ад мужа, у іх класная спартовая сям'я, таму яна так хутка вярнулася да спаборніцтваў. Пакуль Дар'я не запрашала мяне ў Беларусь, але сёння падчас вячэры абавязкова запытаюся ў яе, калі можна будзе прыехаць у госці. Яшчэ паглядзім, за якую краіну будзе выступаць Ксенія Б'ёрндален.

Мартэн Фуркад: «Ёсць шмат шчаслівых спартовых пар, спадзяюся, што Дар'я і Уле-Эйнар - прыклад такога шлюбу»

- Пару гадоў таму ў адным з інтэрв'ю я сказаў, што знаходжуся ў добрых стасунках з Дар'яй, але, вядома, не настолькі добрых, як Б'ёрндален. Гэта пасеяла інтрыгу. Але да таго, як пара публічна абвясціла аб сваім шлюбе, я не раскрыў усіх карт, ха-ха. Я ўпэўнены, што шчаслівае сямейнае жыццё неабходнае для кожнага спартоўца. Калі ты спакойны за жонку і дзяцей, то спорт даецца лягчэй. З іншага боку, важна падзяляць гэтыя сферы, каб канцэнтравацца на працы.

Я не ўяўляю, што такое, калі жонка - біятланістка. Мне падабаецца вяртацца дадому і быць проста Мартэнам, бацькам каханай дачкі. У маім жыцці і так занадта шмат біятлона, таму я б не хацеў абмяркоўваць яго яшчэ і дома. Я стараюся захоўваць баланс, не запаўняючы ўсё біятлонам. Але ёсць шмат шчаслівых спартовых пар, спадзяюся, што Дар'я і Уле-Эйнар - прыклад такога шлюбу. Цяпер я рыхтуюся стаць бацькам другім разам. Неяк я параіў Уле-Эйнару: «Не прапусці самыя важныя моманты сталення дачкі. Дзеці растуць занадта хутка!». Але гэта так складана. Я разумею, што мы, спартоўцы, выбіраем жыццё, у якім спорт адымае шмат часу, але біятлон робіць нас шчаслівымі. Гэта наш свядомы выбар, таму трэба балансаваць і паспяваць усё.

Ларс-Хегле Біркеланд: «Тар'е Бо казаў, што, нават калі б у яго з’явілася дзіця, не быў бы так матываваны, як Домрачава»

- Гэта цудоўная падзея ашчаслівіць Уле-Эйнара. Я падрыхтаваў для яго невялікі падарунак, які ўручыў яшчэ ў Шушэне на старце сезона. А яшчэ я пазнаёміўся там з Ксеніяй, прыемная сустрэча, ха-ха. Думаю, у гэтай дзяўчынкі ёсць усе шанцы стаць біятланісткай. Мне здаецца, што Уле застаўся такім жа, як і да бацькоўства, хіба што цяпер у яго з'явіліся прыемныя хатнія клопаты. Нараджэнне дачкі не зрушыла акцэнты, ён па-ранейшаму сфакусаваны на біятлон і вельмі матываваны.

Я не здзіўлены, што Дар'я так хутка вярнулася ў спорт. Домрачава - суперзорка і вялікі талент. Думаю, да чэмпіянату свету яе кандыцыі толькі палепшацца. Дар'я і Уле фантастычна матываваныя. Тар'е Бо казаў, што, нават калі б у яго нарадзілася дзіця, не быў бы так матываваны, як Дар'я, ха-ха. Кожны шукае натхненне і стымул у чымсьці сваім. Напрыклад, мая самая магутная матывацыя была перад хатнім чэмпіянатам свету ў Осла летась, бо там нас гналі родныя трыбуны.

Антон Шыпулін: «У кожнага чалавека, якім бы робатам ён ні здаваўся, у тым ліку і ў Б’ёрндалена, усё мяняецца ў галаве пасля з'яўлення на свет дзіцяці»

- Калі ў спартоўца нараджаецца дзіця, ён па-іншаму расстаўляе прыярытэты. Самае важнае - гэта дабрабыт сям'і, думаю, многія са мной пагодзяцца. Я, напрыклад, заўсёды думаю так: чым больш медалёў я здабываю, тым больш станоўчых эмоцый дастаўлю сям'і. Я стараюся, каб дзіця і жонка ганарыліся мной. Думаю, у Уле-Эйнара цяпер такое ж жаданне. У кожнага чалавека, якім бы робатам ён ні здаваўся, у тым ліку і ў Б’ёрндалена, усё мяняецца ў галаве пасля з'яўлення на свет дзіцяці. Упершыню за кар'еру Уле-Эйнар прапусціў высакагорны збор і рыхтаваўся ў «Раўбічах». Але ён сам ведае, што для яго важна і трэба.

Я стараюся не думаць пра біятлон дома, а Уле-Эйнар - чалавек, які жыве і дыхае гэтым тыпам спорту. Ён напэўна кругласутачна пагружаны ў думкі пра біятлон, таму што ў свае 42 гады не збіраецца скончыць кар'еру. Ён фанатык сваёй справы. І я гэта ніколькі не асуджаю, а захапляюся тым, што ў такім узросце ён паказвае высокія вынікі. Дар'я Домрачава таксама зноў у справе. Ёсць нямала прыкладаў біятланістак, якія вярталіся ў спорт пасля родаў і паказвалі яшчэ больш высокія вынікі, чым да дэкрэтнага адпачынку. Спадзяюся, што Даша Домрачава, як і мая сястра Анастасія Кузьміна, папоўніць спіс паспяховых вяртанняў.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках