28 сакавiка 2024, Чацвер, 20:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Якія прадпрыемствы Беларусь гатовая аддаць кітайцам?

19
Якія прадпрыемствы Беларусь гатовая аддаць кітайцам?

Улады падрыхтавалі пералік беларускіх ААТ для ўваходжання ў іх акцыянерны капітал кітайскіх кампаній.

Для стымулявання гэтага працэсу мяркуецца стварыць супольны з Кітаем інвестфонд. Ці атрымаецца на гэты раз у Менску «разгарнуць» крэдытнае супрацоўніцтва з Кітаем на інвестыцыйнае? На гэтае пытанне адказвае аглядальніца выдання «Белрынак» Таццяна Манёнак.

У Беларусі падрыхтаваць пілотны пералік беларускіх ААТ для ўваходжання ў іх акцыянерны капітал кітайскіх кампаній плануюць у пачатку 2017 года. У яго мяркуецца ўключыць ААТ «Гарызонт», «Магілёўхімвалакно», МТЗ, «Гомсельмаш», ААТ «БАТЭ» — кіроўная кампанія холдынгу «Аўтакампаненты». Пра гэта распавёў старшыня дзяржаўнага камітэта маёмасці Беларусі Андрэй Гаеў 27 снежня 2016 года на першым пасяджэнні рабочай групы ў супрацоўніцтве і механізмаў узаемадзеяння паміж ДКІ і Камітэтам кантролю і кіравання дзяржаўнай маёмасцю пры Дзяржсавеце Кітая. Адзначым, што гэта пасяджэнне прайшло ў адпаведнасці з рамачным пагадненнем аб супрацоўніцтве і механізмах узаемадзеяння паміж структурамі, якое было падпісана ў верасні 2016 года ў Пекіне ў прысутнасці Лукашэнкі і Сі Цзіньпіна.

Аб падрыхтоўцы аналагічнага пераліку паведамляў таксама і намеснік міністра эканомікі Аляксандр Ярашэнка ў верасні мінулага года. Ён распавёў, што беларускі бок прапанаваў спіс з 25 акцыянерных таварыстваў для ўваходжання ў іх капіталу кітайскіх кампаній. У пераліку, як было сказана, «ёсць і вядомыя брэнды, і кампаніі больш сціплыя». «Галіны разнастайныя, але перш за ўсё мы гаворым аб прамысловым сектары, энэргетыцы, будаўнічай галіне. Разглядаем прадпрыемствы цэментнай галіны, вытворчасці металаканструкцый», — дадаў Ярашэнка.

Напрыклад, як было сказана, у супрацоўніцтве з беларускімі прадпрыемствамі зацікаўлена найбуйнейшая харчовая кампанія Кітая Cofco. «Гэта велізарны вытворца і рэалізатар, мы бачым зацікаўленасць у яго прыходзе на шэраг нашых прадпрыемстваў. Гэта і «Сервалюкс», і Дзяржынская птушкафабрыка, і некаторыя іншыя кампаніі», — сказаў Ярашэнка.

РЫХТУЕЦЦА БАЗА ДЛЯ ІНВЕСТСУПРАЦОЎНІЦТВА

Новая ініцыятыва афіцыйнага Менску прапанаваць кітайцам спіс кампаній для пакупкі дзяржпакетаў акцый айчынных прадпрыемстваў закліканая паспрыяць змене цяперашніх прыярытэтаў у супрацоўніцтве з Кітаем. Цяперашняя мадэль на аснове прыцягнення звязаных крэдытаў беларускі бок даўно не задавальняе: бо Кітай прапануе Беларусі ў асноўным звязаныя крэдыты: пад закупку кітайскага абсталявання і прыцягненне кітайскіх рабочых. Акрамя гэтага, такая мадэль супрацоўніцтва прадугледжвае рост беларускай замежнай пазыкі.

Паводле экспэртных ацэнак, у апошнія 5 гадоў чысты адток валюты з Беларусі ў Кітай у сярэднім перавышаў 1 млрд даляраў за год. У найбліжэйшыя гады з улікам вяртання кітайскіх крэдытаў гэтая сума можа перавысіць 2 млрд даляраў на год. Пры гэтым чысты прыток наўпроставых кітайскіх інвестыцый у Беларусь у апошнія 5 гадоў склаў блізу 100 млн даляраў, а чысты імпарт тавараў — амаль 9,8 млрд даляраў (фінансаваўся ён пераважна за кошт звязаных крэдытаў КНР).

Цяпер урад Беларусі хоча зрабіць стаўку на інвестыцыйную мадэль супрацоўніцтва. Рэалізаваць гэтую мадэль ён мае намер праз уваходжанне кітайскіх кампаній у акцыянерны капітал беларускіх прадпрыемстваў. Зрабіць гэта можна шляхам куплі акцый беларускіх прадпрыемстваў, а таксама выкарыстоўваючы такі інструмент, як IPO (першаснае размяшчэнне акцый, – выкарыстоўваецца як інструмент прыцягнення дадатковага капіталу для развіцця кампаній. – Рэд.).

Паскорыць гэты працэс мяркуецца з дапамогай супольнага інвестыцыйнага фонду. Андрэй Кабякоў ў ліпені 2016 года паведаміў, што Беларусь стварае з Кітаем супольны інвестыцыйны фонд. Праект быў названы «беспрэцэдэнтным» у плане адкрыцця новай эпохі ў развіцці беларуска-кітайскага стратэгічнага партнёрства. Капітал фонду на пачатковым этапе складзе 50 млн даляраў. Пакуль гэта невялікая сума, але ў перспектыве яна можа вырасці – у залежнасці ад попыту беларускіх і кітайскіх кампаній на рэалізацыю супольных праектаў у Беларусі, адзначыў Кабякоў. Спачатку, як заяўлялася, фонд зоймецца дадатковым фінансаваннем у Беларусі супольных інвестпраектаў пры падтрымцы кітайскіх банкаў – праз выдачу крэдытаў і набыццё акцый беларускіх кампаній, а ў перспектыве павінен выйсці на пошук самастойных праектаў і поўнае іх фінансаванне.

У рамках гэтага праекта з 1 верасня меркавалася падрыхтаваць рамачнае пагадненне з дэталёва прапісанымі механізмамі стварэння, прынцыпамі працы і кіравання фондам. Аднак пакуль ніякай дадатковай інфармацыі аб супольным інвестфондзе не з'явілася.

Затое 28 снежня мінулага года беларускі і кітайскі бакі падпісалі ў Менску пагадненне аб стварэнні супольнага фонду венчурных інвестыцый з мінімальным інвестыцыйным капіталам у 20 млн даляраў. Заснавальнікамі фонду сталі Беларускі інавацыйны фонд, Кампанія развіцця індустрыяльнага парка «Вялікі камень» і кітайская кампанія «ЧайнаМерчантс Капітал». Гэты фонд арыентуецца на падтрымку праектаў з пераліку, адабранага Кітайска-беларускім цэнтрам камерцыялізацыі інавацый. Гэты цэнтр адкрыўся 28 снежня 2016 года, галоўнай яго задачай стане адбор перспектыўных інавацыйных праектаў, якія могуць быць рэалізаваныя ў «Вялікім камні», і пошук інвестараў для іх рэалізацыі. Цэнтр ужо адабраў 43 праекты, у тым ліку праекты для стварэння супольнай вытворчасці для выпуску беспілотнікаў, выпуску «ядомай упакоўкі», распрацоўкі ў сферы ўмацавання падшыпнікаў з дапамогай нанатэхналогій, а таксама ў галіне прыборабудавання, электронікі.

ДАРОЖНАЯ МАПА Ў ПРЫВАТЫЗАЦЫІ НЕ ЗАПРАЦАВАЛА

Цягам апошніх гадоў Беларусь некалькі разоў спрабавала змяніць прыярытэты супрацоўніцтва з Кітаем. У 2011 годзе, пасля візіту ў Беларусь дэлегацыі кітайскіх крэдытораў і інвестараў пад кіраўніцтвам спікера парламента КНР У Банга, у Менску быў падпісаны беспрэцэдэнтны дакумент — міжурадавае пагадненне «Аб фінансавым супрацоўніцтве ў прыватызацыі і прыцягненні кітайскіх інвестыцый у Беларусь у 2011-2013 гадах».

Тады заяўлялася, што гэты дакумент закладвае юрыдычную базу для ўдзелу кітайскіх інвестараў у прыватызацыі беларускіх актываў. Пасля яго падпісання ў Расеі нават загаварылі аб тым, што цяпер у яе з'явіўся магутны канкурэнт у барацьбе за кантроль над прадпрыемствамі ў Беларусі.

Дакумент сапраўды быў беспрэцэдэнтным — такіх дарожных мапаў аб прыватызацыі Менск дагэтуль не падпісваў з аніводнай дзяржавай. Прэс-сакратар прэм'ера РФ Дзмітрый Пяскоў вымушаны быў прызнаць, што такога пагаднення ў Беларусі няма нават з саюзнай Расеяй. Больш таго, нягледзячы на працяглыя нафтавыя і газавыя падсілкаванні Расеі так і не ўдалося прыватызаваць найлепшыя беларускія актывы. Хоць прыватызацыяй беларускіх прадпрыемстваў больш за ўсё цікавіліся менавіта расейскія кампаніі. Напрыклад, у падрыхтаванай у той час МЗС РФ на даручэнне прэзідэнта. Д. Мядзведзева «Праграме эфектыўнага выкарыстання замежнапалітычных фактараў у мэтах доўгатэрміновага развіцця РФ» былі пастаўленыя задачы «пашыраць расейскую інвестыцыйную прысутнасць у Беларусі», «дамагацца згоды беларускіх уладаў на набыццё нафтавымі кампаніямі РФ кантрольных пакетаў акцый нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў Беларусі».

Аднак у Расеі дарэмна спалохаліся канкурэнцыі з кітайцамі за беларускія актывы. Беспрэцэдэнтная дарожная мапа ў іх прыватызацыі кітайскімі кампаніямі так і не запрацавала.

Але беларускі бок не здаваўся. Візіт беларускага прэм'ера Міхаіла Мясніковіча ў Кітай у студзені 2014 года быў закліканы даць старт інвестыцыйнаму супрацоўніцтву з Кітаем. Тыднёвая праграма знаходжання ў Кітаі беларускага прэм'ера была вельмі насычанай — сустрэчы з вышэйшым кіраўніцтвам КНР, уладамі і дзелавымі коламі правінцыі Хэйлунцзян і горада Харбіна, перамовы з кіраўніцтвам буйных кітайскіх карпарацый, а таксама наведванне шэрагу кампаній.

Пасля гэтага візіту, напрыклад, заяўлялася пра праект вялікай хіміі, які меркавалася рэалізаваць на ААТ «Магілёўхімвалакно» і ААТ «Кітайская карпарацыя інжынірынгу САМСЕ». Гаворка ішла аб будаўніцтве новага поліэфірнага комплексу для вытворчасці поліэтылентэрэфталату (ПЭТФ) коштам блізу 300 млн даляраў. Аднак далей гэтых заяў справа не пайшла.

Візіт старшыні КНР Сі Цзіньпіна ў Беларусь у траўні 2015 года зноў актывізаваў цікавасць кітайскіх кампаній да прадпрыемстваў айчыннай нафтахіміі. У час наведвання «Магілёўхімвалакна» прадстаўнікі Кітайскай нафтавай карпарацыі ў тэхніцы і распрацоўцы (СРТDС) выказалі зацікаўленасць ва ўдзеле ў рэалізацыі праекта будаўніцтва комплексу ПЭТФ. Згодна з пратаколам перамоваў, меркавалася, што пасля атрымання адпаведнай дакументацыі ад «Магілёўхімвалакна» кітайскі бок прапануе магчымыя схемы фінансавання праекта. Тады ж заяўлялася, што ААТ «Кітайская карпарацыя інжынірынгу САМС» праявіла цікавасць да ўдзелу ў рэалізацыі праектаў будаўніцтва азотнага комплексу ў ААТ «Гродна Азот» коштам 1,2 млрд даляраў. Аднак, годам раней кітайская кампанія CRT DC праявіла цікавасць да ўдзелу ў конкурсе ў рэалізацыі гэтага інвестпраекту.

Аднак да сёння ў рэалізацыі гэтых двух буйных праектаў бакі ні на крок не прасунуліся.

Стаўка афіцыйнага Менска на кітайскія карпарацыі ў якасці інвестараў беларускай прыватызацыі вытлумачальная. І гэта не толькі інвестыцыі, у чым сёння маюць патрэбу айчынныя прадпрыемствы. Відавочна, што беларускаму кіраўніцтву значна лягчэй кантраляваць кітайскі капітал у Беларусі, чым расейскі, бо цяжка ўявіць, каб кітайскія карпарацыі ўдзельнічалі ў Беларусі ў якіх-небудзь палітычных гульнях, у адрозненне ад буйных расейскіх кампаній.

Але таксама відавочна, што гэтых пераваг недастаткова, каб кітайскія кампаніі маглі стаць інвестарамі беларускіх прадпрыемстваў. У шэрагу выпадкаў беларускія ААТ маюць патрэбу не столькі ў грошах, колькі ў гарантаваных пастаўках сыравіны (гэта, у першую чаргу, хімічныя і нафтахімічныя прадпрыемствы).

Якія беларускія прадпрыемствы могуць зацікавіцца Кітай?

«Пеленг». Нагадаем, што 3-4 гады таму РФ спрабавала паскорыць рэалізацыю ў Беларусі 5 інтэграцыйных праектаў - гэта МАЗ і КамАЗ, «Інтэграл» і «Расейская электроніка» ГК «Растэхналогіі», ААТ «Мінскі завод колавых цягачоў» і ГК «Растэхналогіі», «Гродна Азот» і «ЕўраХім», «Пеленг» і Федэральнае касмічнае агенцтва «Раскосмас».

У гэтай «пяцёрцы» асаблівая ўвага надавалася «Пеленгу». Афіцыйную прапанову беларускаму боку купіць дзяржпакет акцый «Пеленгу» «Раскосмас» зрабіў яшчэ ў 2012 годзе. Віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка заяўляў у той час, што прапановы «Раскосмаса» абмяркоўваецца на розных узроўнях, а «Пеленг» - «самае значнае ў сваёй сферы прадпрыемства на постсавецкай прасторы», яно «на сусветным узроўні развязвае пытанні стварэння абсталявання для касмічных апаратаў». У 2013 годзе бакі абмяркоўвалі магчымасць продажу «Раскосмасу» не менш чым 25% плюс адной акцыі ААТ «Пеленг», зыходзячы з іх рынкавага кошту (сам інтэграцыйны праект планавалася скончыць у 2014 годзе).

Але гэтыя планы не былі рэалізаваныя, а ў Менска, відавочна, з'явіліся свае планы на «Пеленг». У сакавіку 2015 года Лукашэнка наведаў прадпрыемства і заявіў, што адмыслова прыехаў на «Пеленг» напярэдадні травеньскага візіту ў Беларусь старшыні КНР. Ён распавёў, што плануе паказаць старшыні КНР «пункты супрацоўніцтва» з Кітаем, у тым ліку на «Пеленгу», які ўжо актыўна супрацоўнічае з кітайскімі кампаніямі. «Гэта краіна, якая шукае сёння партнёраў, у якой мора грошай. Калі мы станем, як цяпер, з імі партнёрамі і будзем развіваць гэтае супрацоўніцтва ва ўсіх кірунках, мы можам атрымаць і крэдыты, і замовы. Для нас галоўнае замовы», - заявіў Лукашэнка.

«Беларуськалій». Трэба адзначыць, што кітайскія кампаніі раней праяўлялі сур'ёзную цікавасць да «Беларуськалію». У пачатку 2010 года прадстаўнікі найбуйнейшага кітайскага імпарцёра калійных угнаенняў - холдынгу Sinofert і кампаніі China Blue Chemical атрымалі ад урада КНР паўнамоцтвы на правядзенне перамоваў з беларускім бокам аб куплі акцый «Беларуськалію». Паводле наяўных звестак, гаворка ішла аб магчымых інвестыцыях кітайскіх кампаній у аб'ёме 2 млрд даляраў – для набыцця акцый або ж для асваення новага рудніка. Аднак наўпроставых кітайскіх інвестыцый у калійную вытворчасць у Беларусі тады так і не паступіла. Можна меркаваць, што бар'ерам на шляху продажу дзяржпакета акцый «Беларуськалію» кітайскім кампаніям стала супярэчнасць паміж інтарэсамі вытворцы і пакупніка калійных угнаенняў, а таксама нежаданне прадаць кантрольны пакет акцый. Затое пазней Беларусбанк і Дзяржаўны банк развіцця Кітая (ГБРК) падпісалі крэдытнае пагадненне на 1,4 млрд даляраў для фінансавання будаўніцтва горна-абагачальнага комплексу «Слаўкалій» на сыравіннай базе Нежынскага ўчастка Старобінскага радовішча калійных соляў у Любанскім раёне Менскай вобласці, які цяпер рэалізуе расейскі бізнэсовец Міхаіл Гуцарыеў.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках