19 красавiка 2024, Пятніца, 3:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Даля Грыбаўскайтэ: Літва і Нямеччына пераадолелі новую гістарычную мяжу

3
Даля Грыбаўскайтэ: Літва і Нямеччына пераадолелі новую гістарычную мяжу
Даля Грыбаўскайтэ

Час сумневаў і недастатковай гатоўнасці ўзяць на сябе адказнасць прайшоў.

Невялікі баварскі гарадок Оберфіхтах непадалёк ад чэшскай мяжы мала чым адметны, за выключэннем размешчаных на фоне цудоўнай прыроды казармаў бундэсвера. Але цяпер яны практычна апусцелі. У чацвер, 19 студзеня, адсюль у Літву адправіліся 500 вайскоўцаў, блізу 200 баявых машын, уключаючы 30 гусенічных - перш за ўсё бронетранспарцёры «Мардэр» і танкі «Леапард», піша DW.

Да адпраўкі ў Літву ключавым пунктам падрыхтоўкі жаўнераў 122-га мотапяхотнага батальёна ў баварскім Оберфіхтаху стала тактыка стрымлівання агрэсіі, распавёў камандзір батальёна старшы лейтэнант Крыстаф Хубер (Christoph Huber). Такая тактыка - гэта не атака і не класічная абарона пазіцыі, а вымотванне агрэсара з тым каб працягнуць час, пакуль не падыдзе падмацаванне.

Сваю службу ў Літве нямецкія жаўнеры называюць «працяглымі манеўрамі», якія будуць праходзіць шэсць месяцаў. Пасля чаго на змену вайскоўцам з Оберфіхтаха прыбудуць жаўнеры з Марыенберга ў Рудных гарах.

4 батальёны NATO

Яны ўвойдуць у склад першага батальёна сіл перадавога базавання NATO ў Літве агульнай колькасцю 1000 чалавек пад камандаваннем Нямеччыны. Акрамя таго, у складзе батальёна будуць знаходзіцца вайскоўцы Нарвегіі, Бельгіі і Нідэрландаў.

Яшчэ тысяча жаўнераў NATO будзе размешчаная ў Эстоніі - імі будзе камандаваць Велікая Брытанія. І столькі ж - пад камандаваннем Канады - у Латвіі.

Адзін батальён NATO, якім будуць камандаваць ЗША, плануецца размясціць на паўночным усходзе Польшчы. Першая амерыканская бранятанкавая брыгада ўжо прыбыла ў Польшчу 15 студзеня. Яна будзе дыслакаваная ў Жагані.

Размяшчэнне чатырох батальёнаў у краінах Балтыі і Польшчы адбываецца ў рамках стратэгіі NATO для ўмацавання ўсходняга флангу і стрымлівання Расеі. Пастанова аб гэтым была прынятая ў ліпені 2016 года на саміце альянсу ў Варшаве.

«Час сумневаў прайшоў»

Спачатку кароткатэрміновыя манеўры саюзнікаў праходзілі ў краінах Балтыі і Польшчы неаднаразова. Акрамя таго, ужо некалькі гадоў паветраную прастору над Балтыкай патрулююць вайсковыя самалёты NATO. З моманту анэксіі Крыма і канфлікту на ўсходзе Украіны краіны Балтыі не раз заяўлялі пра сваю ўразлівасць перад агрэсіўнай палітыкай Расеі. У сувязі з гэтым NATO узмацніла патруляванне паветранай прасторы сваіх балтыйскіх хаўруснікаў. А затым прыняла пастанову аб умацаванні ўсходняга флангу.

Размяшчэнне на тэрыторыі Літвы жаўнераў бундэсвера - гэта знак даверу да Нямеччыны, мяркуе кіраўніцтва краіны. «Пастанова аб дыслакацыі батальёна ў Літве азначае, што Берлін здолеў дамагчыся вядучай ролі ў еўрапейскай сістэме бяспекі, - падкрэсліла прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ. - Гэта гістарычная мяжа. Час сумневаў, страхаў, недастатковай гатоўнасці ўзяць на сябе адказнасць і асцярогі, што падумае прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін, прайшоў».

Былы старшыня літоўскага Сейма Вітаўтас Ландсбергіс, які ў 1988-1991 гадах узначальваў рух за незалежнасць Літвы ад Савецкага Саюза, задаволены дыслакацыяй у краіне нямецкіх войскаў. «З хаўруснікамі Літва адчувае сябе больш упэўнена», - заявіў ён у інтэрв'ю DW.

«З хаўруснікамі Літва адчувае сябе больш упэўнена»

Многія экспэрты сёння ўпэўнены ў тым, што краіны Балтыі з іх рускамоўнай меншасцю ў складзе насельніцтва і невялікімі войскамі адчуваюць усякага кшталту небяспеку з боку Масквы.

Асаблівую занепакоенасць у вайсковых экспэртаў і жыхароў балтыйскага рэгіёну выклікае Сувальскі пярэсмык на паўночным усходзе Польшчы, каля мяжы з Расеяй і Беларуссю. Ён уяўляе сабой адзіны канал, па якім праходзіць наземны шлях альянсу з балтыйскімі дзяржавамі і тэарэтычна можа быць перакрыты ў выпадку расейскага ўварвання ў рэгіён.

На фоне стратэгіі NATO для ўмацавання ўсходняга флангу ўзрушэннем для жыхароў краін Балтыі сталі заявы абранага прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, які ставіць пад сумнеў неабходнасць NATO. Аднак Юры Луйк, эстонскі дыпламат і экспэрт у бяспецы, супакойвае: Паўночна-атлантычная дамова і артыкул 5 аб калектыўнай абароне падпісаныя Злучанымі Штатамі, а не тым ці іншым прэзідэнтам.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках