25 красавiка 2024, Чацвер, 15:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітолаг: Трампу здаецца, што ён дасць рады Пуціну

11
Палітолаг: Трампу здаецца, што ён дасць рады Пуціну

Новы прэзідэнт ЗША ўпэўнены, што ён дасць рады расейскаму лідару.

Палітолаг Марцін Забароўскі разважае аб тым, ці зможа Дональд Трамп даць рады Уладзіміру Пуціну і калі ў Маскве адкрыюць Трамп-таўэр, паведамляе belsat.eu.

— Бізнэсовец Дональд Трамп шмат разоў спрабаваў рабіць бізнэс у Расеі. Чаму ў Маскве Маскве ўсцяж няма Трамп-таўэр?

— Дынаміку мы назіраем паміж Трампам і Пуціным, варта чакаць вялікіх інвестыцый Трампа ў Маскве і ў некаторых цэнтральных месцах горада. Так яны будуць дамаўляцца, калі не пасварацца, а гэта таксама можа здарыцца.

— Ці ў стане наогул палітык, якому не ўдалося зрабіць вялікі бізнэс у Расеі, акрамя продажу правоў на «Miss Universe», дамовіцца з Пуціным у палітычным плане?

— Яму здаецца, што ён можа дамовіцца з Пуціным, што ён можа быць раўнапраўным партнёрам з Пуціным, што Пуцін трактуе палітыку як бізнэс. І ў гэтым тлумачэнні палітыкі ён ведае, як заключаць такія бізнэс-угоды. А Трамп лічыць, што ён выдатны бізнэсовец, які ў стане абыграць кожнага. Яму здаецца, што ён справіцца з Пуціным. Мне здаецца, ён памыляецца.

— У апошніх інтэрв'ю Трамп казаў пра дамову з Расеяй, якая заключалася б у тым, што ўзамен за скасаванне амерыканскіх санкцый Масква пагодзіцца на скарачэнне ядзернай зброі. Ці можна дамовіцца такім чынам?

— У дыпламатыі такіх рэчаў не робяць. Гэта як калі б мы гандлявалі яблыкамі: хочам пагандляваць трохі яблыкамі, а [потым вырашаем] апельсінамі. Калі мы ўжо гандлюем яблыкамі, давайце гандляваць яблыкамі. Санкцыі ўвялі ў сувязі з анэксіяй Крыма. І ў сувязі з дзеяннямі Расеі ва ўсходняй Украіне. Таму гэтыя санкцыі можна скасаваць тады, калі гэтыя дзеянні будуць спыненыя. Аб'яднанне гэтага пытання з пытаннем ядзернай зброі не мае сэнсу. Нават расейцы, з якімі я нядаўна размаўляў у Лондане, таксама лічаць, што гэта аб'яднанне вельмі няўдалае. І што яно не прынясе вынікаў.

— У Беларусі многія экспэрты кажуць, што існуе рэальная пагроза анэксіі Беларусі Расеяй. Якой можа быць рэакцыя адміністрацыі Трампа на такую гіпатэтычную анэксію?

— Павінна была б быць нейкая рэакцыя. Я думаю, што з'явіліся б санкцыі, напружанне ў стасунках паміж Пуціным і Трампам. Таксама была б міжнародная рэакцыя. Іншым дзяржавам гэта б не спадабалася. Напрыклад, Кітаю гэта не спадабаецца. Гаворка не толькі пра ЗША. Міжнародная супольнасць на гэта адрэагавала б.

— А якая павінна быць правільная рэакцыя на такія дзеянні?

— Рэакцыя, падобная на тую, якую мы назіраем у выпадку Украіны. Ці нават мацней: санкцыі, супраціў, адсутнасць супрацоўніцтва з Расеяй.

«Я думаю, што гэта вельмі малаімаверны сцэнар: навошта Пуціну захопліваць Беларусь? — — У Беларусі і так прарасейскі ўрад, суверэннасць Беларусі вельмі сур'ёзна абмежаваная. Расея мае базы ў Беларусі»

Расея перастае ўспрымаць Беларусь і Лукашэнку як хаўрусніка, і турбуецца аб тым, што Беларусь паварочваецца ў напрамку на Захад.

Мне здаецца, што Беларусь Лукашэнка гуляе ў такую геапалітычную гульню з Захадам і Усходам. Але ў выніку яна будзе на баку Расеі. Я не зусім бачу карысць, якую магла б атрымаць Расея ад адназначнага парушэння міжнароднага права і анэксіі Беларусі, якая і так знаходзіцца на яе баку. Я думаю, што цана была б занадта высокай. Нерэальна, каб такое адбылося.

— У сувязі з імавернай расейскай агрэсіяй часцей гавораць аб анэксіі балтыйскіх дзяржаваў, дзе жыве вялікая беларуская дыяспара — Латвіі і Эстоніі. Наколькі можна сабе ўявіць, што Расея адважыцца на гэта?

Вядома, з'яўленне міжнародных сіл NATO, канадскіх, брытанскіх і амерыканскіх частак у балтыйскіх дзяржавах нівеліруе імавернасць вайсковай атакі на гэтыя дзяржавы. У гэтым выпадку атака на Эстонію становіцца атакай на іншыя дзяржавы. І таму цана зноў вельмі высокая. Аднак правядзенне нейкай дыверсійнай акцыі, напрыклад, з удзелам «зялёных чалавечкаў», якая прывядзе да захопу Нарвы і яе аддзялення ад Эстоніі, не такі ўжо нерэальны сцэнар. Такое можа здарыцца. Яго ўжо праверылі ў Крыме. Яго могуць праверыць у іншых частках балтыйскіх дзяржаў, дзе няма прысутнасці NATO. Таму што, шчыра кажучы, прысутнасць NATO там вельмі невялікая, а прарасейскія тэндэнцыі ёсць. Напрыклад, у Нарве.

— То бок можна казаць пра невялікія рэгіёны на мяжы з Расеяй?

Так, гэта магчыма.

— Амерыка вельмі павольна рэагавала на расейскую агрэсію супраць Украіны, толькі цяпер амерыканскія сілы перакідваюць у Польшчу і балтыйскія краіны. Крым сапраўды стаў для амерыканцаў сюрпрызам?

— Замежная палітыка Абамы была палітыкай мінімізацыі ўдзелу ў сусветных канфліктах.

Абама цалкам вывеў войскі з Ірака, ствараючы пустэчу, якую, між іншым, заняла Ісламская дзяржава. Таксама ён скараціў прысутнасць ЗША ў Афганістане. Ён вельмі не хацеў удзельнічаць у Лівіі, яго прымусілі да гэтага еўрапейцы. Ён выкарыстаў выпадак, каб не ўдзельнічаць у канфлікце ў Сірыі.

Пасля 8 гадоў прэзідэнтуры папярэдніка Абамы, Джорджа Буша, падчас якой ЗША ўдзельнічалі ў многіх канфліктах, амерыканцы стаміліся. Амерыканскае грамадства не хацела ўдзельнічаць у вялікіх канфліктах. Рэакцыя на вайну ва Украіне была вынікам гэтага.

«Амерыканцы стаміліся»

— Яны не ангажаваліся ў гэту сітуацыю, яны да канца не разумелі. І ў цэлым пачалі старацца менш умешвацца ў справы свету. Таму былі санкцыі, была сімвалічная падтрымка Майдана, але не было фундаментальнай падтрымкі Украіны. Амерыка не ўдзельнічала ў Нармандскім фармаце, не ўдзельнічала і ў менскіх перамовах. Гэта шмат пра што кажа.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках