18 красавiка 2024, Чацвер, 13:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віталь Портнікаў: Пуцін у прадчуванні краху

6
Віталь Портнікаў: Пуцін у прадчуванні краху
Віталь Портнікаў

Калі захаваюць санкцыі, а цэны нафты не ўзляцяць – значыць, крах расейскай эканомікі непазбежны.

Расейскі прэм'ер Дзмітрый Мядзведзеў папярэдзіў паплечнікаў па партыі ўлады, што разлічваць на скасаванне санкцый супраць дзяржавы не варта. Мядзведзеў зрабіў гэту рэзанансную заяву на з'ездзе партыі «Адзіная Расея», так што гэта было не толькі яго пасланне наменклатуры, але і ўсім расейцам, якія падбадзёрыліся пасля сенсацыйнай перамогі мільярдэра Дональда Трампа на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША, піша Віталь Портнікаў у сваёй калонцы на kontrakty.ua.

Пасля гэтай перамогі Крэмль не хаваў свайго энтузіязму з нагоды перамогі рэспубліканскага кандыдата, а высокапастаўленыя чыноўнікі сцвярджалі, што разлічваюць на значнае пацяпленне расейска-амерыканскіх стасункаў. Зусім нядаўна першы віцэ-прэм'ер Ігар Шувалаў заклікаў расейскіх вытворцаў рыхтавацца да скасавання праславутых контрсанкцый – а, значыць, і санкцый – ужо ў 2017 годзе. Чаму ж Мядзведзеў голасна зняпраўдзіў свайго намесніка.

Прычына простая. Крамлю проста няма чаго прапанаваць Беламу дому. Трамп не можа проста так узяць і скасаваць санкцыі. Для гэтага патрэбныя хоць бы нейкія саступкі з боку Пуціна. Ядзернае раззбраенне, сумесныя дзеянні ў Сірыі, сыход з Данбаса. Пуцін павінен зрабіць хаця б штосьці, каб падаць сябе ў якасці лаяльнага партнёра. А ён не збіраецца рабіць нічога.

Радасць з нагоды перамогі Трампа была звязана не столькі з жаданнем убачыць у Белым доме канструктыўнага суразмоўцу (Абама выяўляў цуды канструктыўнасці і падатлівасці, але Пуцін ненавідзеў яго ўсё больш і больш), колькі – дылетанта, які дазволіць Маскве зайсці так далёка, як гэтага хочуць у Крамлі. Але падобна на тое, нефармальныя кансультацыі паміж расейскім кіраўніцтвам і новай камандай у Белым доме – а яны працягваліся ўсе гэтыя тыдні – пераканалі Пуціна, што разлічваць на памяркоўнасць новага амерыканскага прэзідэнта не варта. Выснова ў гэтым выпадку напрошваецца сама – захаваюць санкцыі.

Але расслабляцца нам ні ў якім выпадку не варта. Крэмль будзе рабіць самыя разнастайныя намаганні, каб падмануць Трампа і ягоную каманду, раз'яднаць еўрапейцаў, дэстабілізаваць Украіну. Чым Пуціну будзе цяжэй, тым больш агрэсіўным і больш небяспечным будзе станавіцца гэты загнаны ў кут старэючы маргінал. Калі захаваюць санкцыі, а цэны нафты не ўзляцяць – значыць, крах расейскай эканомікі непазбежны. Хто ведае, што задумае Пуцін у прадчуванні гэтага краху. Бо для такіх, як ён, забраць разам з сабой у магілу як мага больш людзей – момант найвышэйшай палітычнай урачыстасці. Ад ашалеласці ніякія санкцыі не дапамогуць. Але рэцэпт ёсць. Моцнае войска, эфектыўная дыпламатыя, узаемадзеянне з хаўруснікамі, стабільная дзяржава. Гэта тое, што дапаможа нам супрацьстаяць злавеснаму пуцінскаму адчаю.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках