24 красавiка 2024, Серада, 17:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ці стане Трамп новым Ніксанам?

8
Ці стане Трамп новым Ніксанам?
Дональд Трамп

Пуціну з новым амерыканскім прэзідэнтам давядзецца вельмі нялёгка.

"Ён бізнэсовец і будзе таргавацца", - вашынгтонскі знаёмы з добрымі сувязямі ў палітычных колах так ахарактарызаваў будучы стыль Дональда Трампа на міжнароднай арэне. Гэта, на першы погляд, павінна задавальняць Маскву. Расейскаму кіраўніцтву было нязручна мець стасункі ні з нэакансерватарамі Буша, ні з адміністрацыяй Абамы, якая вечна вагалася паміж адхіленым наглядам за падзеямі і выбухной актыўнасцю, піша расейскі журналіст Канстанцін Эгерт для DW.

"Спіс мары"

На пытанне, чаго чакае Крэмль ад Трампа, Уладзімір Пуцін ужо даў адказ, калі ў канцы мінулага года падпісаў указ аб прыпыненні расейскага ўдзелу ў пагадненні аб утылізацыі плутонію — да зняцця санкцый і скасавання закона Магніцкага. Дакумент, мабыць, найлепшы довад таго, што санкцыі працуюць. Ну, а акрамя гэтага, Масква не супраць дамагчыся ад Вашынгтона поўнага і канчатковага прыпынення ўсякіх планаў разгортвання сістэмы супрацьракетнай абароны (СРА) у Еўропе.

У ідэале Крэмль хацеў бы ўкладання нейкага пагаднення аб "новай архітэктуры еўрапейскай бяспекі", якое для сцісласці многія ўжо назвалі "Ялта-2". Згода на ператварэнне постсавецкай прасторы ў зону выключнага ўплыву Масквы, адмова Украіне і Грузіі ва ўступленні ў NATO, стварэнне нейкай "супольнай" сістэмы супрацьракетнай абароны, якая давала б Расеі нефармальны ўплыў на пастановы краін-чальцоў Паўночна-атлантычнага альянсу, плюс поўнае неўмяшанне і адмова ад крытыкі ўнутранай палітыкі пуцінскага рэжыму — вось крамлёўскі "спіс мары".

Скепсіс і варожасць

Пуціну давядзецца нялёгка. Па-першае, Трамп імпульсіўны, і калі мець стасункі з прэзідэнтам Расеі яму не спадабаецца, то і ніякіх дамоўленасцяў не будзе. Па-другое, прыхільнікаў размарожвання стасункаў з Крамлём у Вашынгтоне амаль няма. Нават калі ўважаць за шчырыя выказванні самога Трампа аб жаданні наладзіць сувязі з Пуціным, то ўсе астатнія чальцы ягонай каманды, Кангрэс і дзяржаўная бюракратыя адчуваюць у дачыненні да расейскага кіраўніцтва яскрава выяўленыя эмоцыі ў нешырокім спектры: ад глыбокага скепсісу да непрыхаванай варожасці.

Хіба што пакуль не зацверджаны сенатарамі кандыдат на пасаду дзяржаўнага сакратара, былы кіраўнік нафтавага гіганта Exxon Mobil Рэкс Цілерсан будзе спрабаваць наладзіць дыялог з Крамлём. Нарэшце, па-трэцяе, не цалкам зразумела, што, уласна, зможа прапанаваць Масква Вашынгтону, напрыклад, у абмен на зняцце санкцый?

Ядзернае раззбраенне? Але гэта заўсёды было асобным кірункам у расейска-амерыканскіх стасунках. Больш таго, Трамп абяцаў інвеставаць у мадэрнізацыю ядзернай трыяды ЗША, і гэтыя абяцанні кіраўніцтва ўзброеных сіл яму ўзгадае. Дапамогу ў барацьбе з ісламскім экстрэмізмам? Магчыма. Але патэнцыял Злучаных Штатаў у гэтай сферы нашмат мацнейшы за расейскі. Крэмль можа пагадзіцца не перашкаджаць Беламу дому і дапамагаць выведнікамі.

Урэгуляванне ў Сірыі? Гэта цалкам рэальна. Думаецца, Трамп лёгка пагодзіцца на захаванне ва ўладзе Башара Асада. Але затым ягоная каманда захоча разабрацца з сітуацыяй на Блізкім Усходзе агулам. А тут у Масквы і Вашынгтона інтарэсы кардынальна разыходзяцца. Пуцін зрабіў стаўку на альянс з Тэгеранам, а рэспубліканцы ўважаюць Іран за галоўную пагрозу амерыканскім хаўруснікам і ўплыву Вашынгтона ў рэгіёне.

Па слядах Ніксана?

Тая ж самая гісторыя з Кітаем. Трамп і ягоная каманда ўважаюць яго за пагрозу і, прынамсі, пакуль маюць намер зрабіць больш жорсткай палітыку стрымлівання Пекіна. У Крамлі з кітайскімі камуністамі сварыцца не маюць намеру, бо КНР успрымаецца ў Маскве перш за ўсё як процівага Злучаным Штатам.

Ёсць тэорыя, што Дональд Трамп — гэта новы Рычард Ніксан. Як той калісьці павярнуў кірунак сусветнай палітыкі, агаломшыўшы Брэжнева візітам да Мао Цзэдуна, так і новаабраны прэзідэнт-мільярдэр прапануе, маўляў, Пуціну глабальнае стратэгічнае партнёрства ў абмен на супрацьстаянне Кітаю. Для Крамля варыянт ператварэння ў малодшага партнёра ЗША ў абмен на стратэгічны разрыў з Тэгеранам і Пекінам, напраўду, мог бы стаць вельмі прывабным.

Але ў гэтай палітыкі будзе шмат апанентаў, як у Вашынгтоне, так і, хай і ў меншай ступені, у Маскве. Аднак, як ні дзіўна, толькі такі рэвалюцыйны падыход забяспечыў бы пуцінскаму рэжыму хоць бы адносную вонкавую бяспеку і стабільнасць.

Крымскае пытанне

Застаецца важнейшым для Крамля пытанне аб статусе Крыма і неабвешчанай вайны Украіне. У гэтым пытанні ўжо цяпер няма адзінства ў новай амерыканскай адміністрацыі. Хутчэй за ўсё, Трамп і Цілерсан (калі яго зацвердзяць у Кангрэсе) хацелі б перадаць развязанне гэтай праблемы Еўрапейскаму Звязу і забыцца пра яе. Вайскоўцы і Кангрэс будуць супраць. Яны, відавочна, гатовыя нарошчваць ціск на Маскву.

Будучы міністр абароны генерал Джэймс Мэціс заявіў на слуханнях у Кангрэсе, што выступае за разгортванне сталых баз хаўруснікаў па NATO (чытай, амерыканскіх войскаў) на тэрыторыі краін Балтыі, і калі Пуцін не адмовіцца ад сваёй палітыкі ў дачыненні да Украіны. Пры добрым раскладзе, Белы дом, Пентагон, Дзярждэпартамент і Кангрэс паспрабуюць выпрацаваць агульную лінію. Пры дрэнным — гэта хутка стане тэмай новага скандалу, асабліва калі Трамп і Цілерсан пачнуць актыўна прасоўваць ідэю паслаблення санкцый.

Скандал з расейскімі кібератакамі ў перадвыбарчую кампанію пакінуў у Вашынгтоне непрыемны асадак, і гэта таксама даводзіцца ўлічваць. Зрэшты, прэзідэнт Трамп можа змяшаць усе карты палітычнага істэблішмэнта і зрабіць рашучы крок насустрач Пуціну — каб давесці сваю незалежнасць ад Кангрэсу і бюракратыі. Такі варыянт таксама магчымы.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках