18 красавiка 2024, Чацвер, 13:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Допінгавая мафія ў Расеі

5
Допінгавая мафія ў Расеі
ФОТА C САЙТУ BANITAMAXX.PL

Тэлекампанія ARD змясціла поўны запіс інтэрв'ю расейскага бегуна Андрэя Дзмітрыева нямецкаму журналісту Хаё Зэпэльту.

Расейскі бягун Андрэй Дзмітрыеў распавёў у інтэрв'ю нямецкаму журналісту, аўтару сэрыі фільмаў аб прыйманні забароненых прэпаратаў у спорце Хаё Зэпэльту аб тым, што ў Расеі дзейнічае «допінгавая мафія». Поўны запіс гутаркі са спартоўцам нямецкая грамадска-прававая тэлекампанія ARD змясціла.

«Я называю іх мафіяй... допінгавай мафіяй. Яны зарабляюць вялікія грошы дзякуючы нелегальным справам. Выкарыстоўваюць стэроіды, каб іхнія атлеты паказвалі больш хуткія вынікі і адпраўляюць іх потым на вялікія камерцыйныя спаборніцтвы — у Еўропе ды іншых месцах», — распавёў Дзмітрыеў. «З майго пункту гледжання, гаворка ідзе аб добра арганізаванай сістэме нелегальнага зарабляння грошай», — сцвярджае ён. Паводле версіі расейскага атлета, «калі з'яўляецца штосьці ці хтосьці, хто ім не падабаецца, яны (трэнеры і асобы, якія крыюць сістэму — заўвага) прыбіраюць яго са свайго шляху незаконным метадам».

Трэнер Казарын працягвае працу

Кажучы аб спецыялістах, якія даюць спартоўцам забароненыя прэпараты, Дзмітрыеў назваў трэнера лёгкай атлетыкі Уладзіміра Казарына, які быў фігурантам першай справаздачы камісіі Сусветнага антыдопінгавага агенцтва (WADA) у 2015 годзе і быў «адхілены ад дзейнасці» праз абвінавачванні ва ўдзеле ў допінгавым скандале. Паводле версіі расейскага бегуна, нягледзячы на зробленыя захады, Казарын працуе далей.

Так, Дзмітрыеў сцвярджае, што на пачатку лістапада 2016 года бачыў яго ў лагеры каманды Расеі ў лёгкай атлетыцы ў Кіргізіі. На спартовым аб'екце з Казарыным таксама знаходзіліся Марыя Фарносава (народжаная Савінава) — расейская бягуха на сярэднія дыстанцыі, пераважна на 800 мэтраў, замешаная ў допінгавым скандале, і расейская лёгкаатлетка Анастасія Баздырава, таксама абвінавачаная ў прыйманні забароненых прэпаратаў. «Абодва яны былі ў трэнінгавым адзенні», — сцвярджае Дзмітрыеў.

«Казарын — не самая буйная рыбіна»

Пры гэтым, кажучы пра Уладзіміра Казарына, Дзмітрыеў адзначыў, што той — «безумоўна, не самая буйная рыбіна». Інфарматар ARD назваў прозвішчы яшчэ трох уплывовых асоб, якія, паводле ягонай версіі, прапануюць спартоўцам забароненыя медыкаменты. Адзін з іх — заслужаны трэнер Расеі ў лёгкай атлетыцы Сяргей Япішын, які нібыта бярэ грашовую кампенсацыю са сваіх падапечных, перш чым згаджаецца рыхтаваць іх. Каб трапіць да яго ў групу, трэба заплаціць блізу 200 тысяч расейскіх рублёў, сцвярджае Дзмітрыеў. «На гэтыя грошы ён купляе допінг і клапоціцца аб тым, каб схаваць факт яго ўжывання», — запэўніў Зэпэльта суразмоўца журналіста.

Прозвішчы двух іншых трэнераў на запісу не чуваць, замест іх гучыць спецыяльны сігнал. Аўтары матэрыялу тлумачаць, што гэта зроблена таму, што ў WADA пакуль няма дастатковых довадаў іхняй віны. Што да Япішына, то незалежная камісія WADA для расследаванні абставін ужывання допінгу ў расейскім спорце ў дакладзе ад 2015 года падала шэраг фактаў, што сур'ёзна абняславілі ягоную рэпутацыю, удакладняецца ў тлумачэнні да сюжэту.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках