25 красавiка 2024, Чацвер, 2:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Navi: Будзем распаўсюджваць нашую ўлюбёную беларускую мову на «Еўравізіі»

7
Navi: Будзем распаўсюджваць нашую ўлюбёную беларускую мову на «Еўравізіі»
ФОТА: CTV NEWS

Прадстаўнікі Беларусі на «Еўравізіі» заявілі, што не збіраюцца перакладаць сваю песню на ангельскую мову.

Ксенія Жук і Арцём Лук'яненка распавялі «Еўрарадыё», што не збіраюцца перакладаць сваю конкурсную песню на ангельскую мову, абяцаюць «узяць» публіку сваёй натуральнасцю і разважаюць аб магчымых трэндах сёлетняга «Еўра».

У 2015 годзе вы казалі, што "Еўравізія" ― гэта іншы культурны працэс, да якога вы не маеце дачынення. А сёння вы ― прадстаўнікі Беларусі на гэтым конкурсе...

Мы змяняемся, змяняецца наша стаўленне да розных рэчаў. І гэта нармальна, гэта натуральна. У нас ёсць рост. Для нас гэта важна. І мы ганарымся тым, што ўпершыню беларуская мова прагучыць на гэтым конкурсе. Мы пастараемся запаліць, каб людзі маглі патанцаваць і самі атрымаць задавальненне. Хочам, каб людзі даведаліся, што гэта за краіна, што за культура і музыка тут цяпер пануе.

Многія лічаць, што песня на беларускай мове нікому на "Еўрабачанні" не патрэбная. Ці плануеце яе перакласці, каб лепш адаптаваць пад еўрапейскую рэчаіснасць?

Не, не збіраемся. Для нас гэта важна. Нам будуць яе падпяваць, мы упэўненыя. Для гэтага ёсць частка "Хэй-хэй", простая і лёгкая. Да таго ж класна адчуваць, як людзі з розных краін спрабуюць спяваць па-беларуску. Праблем не будзе.

Ці ёсць у вас стратэгічны план дзеянняў? Хто будзе спансаваць?

Абавязкова будзем спрабаваць шукаць спонсараў і людзей, якія змогуць нам дапамагчы, бо гэта не простая рэч. Ужо на наступны пасля перамогі дзень нам пачалі паступаць прапановы. Да таго ж, нам дапаможа Белтэлерадыёкампанія. Мы сустракаліся з яе прадстаўнікамі, вельмі спадабалася іх пазіцыя. Яны сказалі, што галоўнае, каб нам было камфортна. Для нас сапраўды важна перадаць нашу натуральнасць, мы не хочам рабіць неверагодных шоу і падтанцоўкі: хочам паказаць шчырасць і пазітыў.

Слухачы цікавяцца, ці ёсць у вашых планах падкарэктаваць аранжыроўку?

Паспрабуем яе дапрацаваць, зрабіць кульмінацыйны момант больш развітым. Галоўнае, што ёсць матыў, які чапляе. А ўдасканаліць трэк мы абавязкова паспрабуем.

Калі вам сёння дашлюць супер-песню ад модных еўрапейскіх аўтараў, вы адмовіцеся ад "Гісторыі майго жыцця"?

Ды ніхто не будзе гэтага рабіць, бо ўсе разумеюць, што мы за гурт і якія ў нас адносіны да музыкі, адчування, сцэны і публікі. Гэта не пра нас.

Як нарадзілася "Гісторыя майго жыцця"? Дзе тут кавалак, які стварыла Ксюша, а дзе Арцёмаў?

На дзень нараджэння гурт мне падарыў квіткі на фэст Lalapalooza у Берліне. Паехалі туды з Ксюшай і правялі там каля тыдня. Мы зазірнулі ў сапраўды вялікі 100-тысячны фэст з вялікімі зоркамі кшталту Radiohead, Keiser Chiefs, Kings of Leon і былі ўражаныя еўрапейскай моладдзю, яе адкрытасцю і шчырасцю. Я прыехаў з неверагодным натхненнем, і мне прысніўся кавалак мелодыі. За дзень я напісаў тэкст, прынёс на рэпетыцыю. І хлопцы сказалі: "Ну ўсё, цяпер у вас ёсць песня для "Еўрабачання".

Чаму з Navi вы ператварыліся ў Naviband?

Па-першае, так нас лягчэй знайсці ў інтэрнэце. Да таго ж Navi ― гэта такая кібер-спартыўная каманда, і нам надакучыла чытаць каментары фанатаў кібер-спартыўнай каманды Украіны, хаця мы нічога агульнага не маем. Па-другое, мы цяпер бэнд, нас цэлы гурт, а не толькі дуэт. На конкурс паедзем усёй камандай, але на сцэне, хутчэй за ўсё, мы будзем удвох.

Ёсць яшчэ адна рэч, якая абмяркоўваецца. Маўляў, нейкае дэжавю, чарговыя “Аляксандра і Канстанцін” паедуць…

Мы не разумеем з чаго гэта, чым мы падобныя!? Бо хлопец з гітарай, а дзяўчына спявае? Песні ў нас розныя! Абсалютна непадобныя!

Вывучалі тое, што да вас рабілі на конкурсе іншыя выканаўцы?

Мы сочым за "Еўравізіяй", там ёсць цудоўныя гурты, цудоўная музыка. Асабліва мы вельмі любім кантры, фолк. Быў такі кантры дуэт, які нас абодвух вельмі ўразіў. Калі не памыляемся, то два гады таму ён заняў другое месца. Гэта нідэрландскі гурт The Common Lines. Гэта было проста супер, шчыра, натуральна, акурат тое, што мы любім. Але ў нас нічога падобнага не будзе, у нас будзе песня, каб людзі ўсміхнуліся, паскакалі.

Мы нават ужо бачылі якая песня паедзе ад Грузіі. Там вельмі сур’ёзная песня, пра тэрор і гэтак далей. Гэта вельмі складаная тэма, увогуле тое, што адбылося за год — вельмі жудасна. Жудаснага, сумнага і так хапае ў нашым жыцці. Менавіта таму ў нас песня заклікае паглядзець у іншы бок, усміхнуцца, знайсці нешта цёплае ў душы.

Можаце ўжо што-небудзь сказаць пра сёлетні фармат, трэнд "Еўравізіі"?

Naviband: Ой, нам асабліва падабаецца, калі людзі кажуць, што гэта не фармат. Па-першае, ну хто сапраўды ведае, што такое фармат, а што не? Таксама кажуць, што трэба, каб была сучасная песня, з сучаснымі гукамі, сэмпламі... Ну, на жаль, няма ў нас у Беларусі пакуль кампазітараў, няма ў нас увогуле такога музычнага выхавання, каб пісаць такія песні, якія стануць трэндам у Еўропе. Выключэнні, безумоўна, ёсць, мы не забываемся на Тоні Фэда (псеўданім бубнача IQ48 Антона Мацулевіча, які намінаваўся на Грэмі за біт, напісаны для рэпера Fetty Wap, — заўв. Еўрарадыё), мы ім ганарымся, гэта неверагодна крута, і спадзяемся, што гэта не апошняя намінацыя на Грэмі.

Але мы вырашылі, што трэба браць сваім. Я прасачыў, што тэма кантры — гэта тое, чым зараз жыве моладзь на Захадзе. Я не пра тое кантры, што на ферме стаяць і спяваюць. Вось гэтая тэма сумесі кантры, хіпі, адкрытасці цяпер зноў вяртаецца. Яны робяць тое, што пажадаюць, апранаюцца, як пажадаюць і гэта клёва. А ў нас пакуль Ксюша можа ісці пасля канцэрта па горадзе з гэтымі рожкамі ці канцэртным мэйкапам, і будуць на яе тыкаць пальцамі.

І пры гэтым ёсць каментары, што ў вас не хапае нейкага вар’яцтва… маўляў, занадта вы мі-мішныя і правільныя.

То бок нам трэба, як Руслана, з дзікімі танцамі і ў скурах? Ведаеце, шмат розных меркаванняў, але калі іх усе слухаць, то нічога не атрымаецца. І мы будзем рабіць так, як лічым мы, але абавязкова будзем прыслухоўвацца да прафесіяналаў.

Гурт Brutto праз свае сацыяльныя сеткі прапанаваў вам дапамогу ў падрыхтоўцы да конкурсу, ці вы пра гэта чулі?

Так! Мы бачылі! Гэта прыемна! Ведаем, што раней яны такога ніколі не рабілі, і для нас гэта вялікі гонар. Але пакуль ніякіх размоваў не было. Адзінае, шкада, што ёсць людзі, якія гэта ўспрымаюць трошкі няправільна. Бо з’явіліся тыя, хто пачаў казаць нешта на Сяргея Міхалка ў сувязі з гэтым, на нас… Чаму? Навошта? Мы будзем распаўсюджваць нашу любімую беларускую мову, і гэта класна. Каб людзі разумелі, што гэта не толькі наша перамога, гэта агульная перамога. Любіш ты ці не, глядзіш ты ці не — гэта ўжо абсалютна не важна.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках