23 красавiка 2024, aўторак, 20:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Шэсць цікавых назіранняў ЦРУ ў савецкім Менску

18
Шэсць цікавых назіранняў ЦРУ ў савецкім Менску
Фотa: tut.by

З рассакрэчаных дакументаў ЦРУ ясна, што агенты амерыканскай выведкі ў СССР падрабязна дакладвалі ў тым ліку і пра Менск.

Галоўным чынам пра заводы, дарогі і вайсковыя аб'екты, размешчаныя ў горадзе, але зрэдку ў справаздачах сустракаюцца і назірання за паўсядзённым жыццём. TUT.BY сабраў самыя цікавыя з іх.

1947 год

Працоўныя — пераважна камсамольцы. Хоць яны і скардзяцца на дзённы заробак 5 рублёў, яны рады працаваць на фабрыках, дзе можна красці метал. З яго робяць нажы, замкі і іншыя вырабы для прыватнага перапродажу за 15 рублёў і даражэй.

ПАСЛЯВАЕННАЯ ПРАКЛАДКА ЦЭНТРАЛЬНАЙ ВУЛІЦЫ МЕНСКА. ФОТА: УЛАДЗІМІР ЛУПЕЙКА

Ежа ў дэфіцыце, за выключэннем хлеба — яго, наадварот, лішак. Паёк у кастрычніку 1946 года ўключаў у сябе 200 грам варэння і 1 кілаграм мяса.

Прадметы хатняга ўжытку, напрыклад, талеркі і кухоннае начынне, можна купіць час ад часу, але ў цэлым адчуваецца недахоп металічных прадметаў. Лыжка каштуе 3 рублі, іголка — 1 рубель.

Шыны, зробленыя з расейскай сінтэтычнай гумы, — адзіны тавар, які маецца ў дастатковай колькасці.

ПРАСПЕКТ СТАЛІНА (ЦЯПЕР ПРАСПЕКТ НЕЗАЛЕЖНАСЦІ). ФОТА: МІХАСЬ МІЦКЕВІЧ

1953 год

Пасажырскія цягнікі заўсёды перапоўненыя. Часам можна прастаяць у чарзе некалькі гадзін і ўсё роўна не купіць білет. Нікому не дазваляюць садзіцца ў цягнік раней чым за 40 хвілін да адпраўлення.

Грамадскі транспарт складаецца з трамваяў, аўтобусаў, тралейбусаў і таксі. Паездка ў трамваі каштуе 30 капеек, а аўтобусе і тралейбусе — 50 капеек. На прыпынках заўсёды шмат людзей, транспарт перапоўнены.

Усе таксі маркі «Перамога». Ад звычайных машын яны адрозніваюцца чорнай паласой на корпусе. Тарыф — 2 рублі за кіламетр, і плаціць трэба за паездку туды і назад. Хоць кожны можа скарыстацца таксі, толькі нешматлікія могуць сабе гэта дазволіць.

ПАЛАЦ ПРАФСАЮЗАЎ. ФОТА: МІХАСЬ МІЦКЕВІЧ

Добрымі рэстаранамі ў Менску лічацца «Беларусь» і рэстаран жалезнай дарогі. Кошты там высокія, абед без напояў каштуе 15 рублёў. Рэстараны бяруць 44 рублі за літр гарэлкі «Маскоўская», 45 капеек за кубак гарбаты і ад 1,5 да 3 рублёў за суп.

Абслугоўванне вельмі павольнае, часам чакаць абед даводзіцца гадзіну. Кошты ў сталовых і чайных ніжэйшыя, але ежа там значна горшая. Абед у сталовай каштуе 4 або 5 рублёў.

На вуліцы Кірава размешчаны гатэль «Беларусь», пакой можна замовіць за 16 рублёў за дзень.

ВУЛІЦА КІРАВА КАЛЯ ЧЫГУНАЧНАГА ВАКЗАЛУ. ФОТА: МІХАСЬ МІЦКЕВІЧ

1960 год

У Менску ёсць кавярня, дзе падаюць бутэрброды і закускі, і рэстарацыі. І там, і там прадаюць алкаголь. Размовы ў такіх месцах — гэта звычайная балбатня, чуткі і абмеркаванне спартыўных навін, але ніколі грамадскіх ці палітычных тэм.

Традыцыя праверкі пашпартоў у грамадскіх месцах адышла ў мінулае, але, па ўсёй бачнасці, у кожным рэстаране ёсць афіцыянт, які супрацоўнічае са спецслужбамі і даносіць аб паводзінах людзей, якія цікавяць іх.

ПРАСПЕКТ СТАЛІНА (ЦЯПЕР ПРАСПЕКТ НЕЗАЛЕЖНАСЦІ). ФОТА: МІХАСЬ МІЦКЕВІЧ

Прыкметнае паляпшэнне ў знешнім выглядзе і якасці адзення ў Менску, асабліва сярод канторскіх работнікаў. Кашуль і штаноў колеру хакі на вуліцах менш, а вось касцюмаў дадалося, хоць яны і пашытыя з шырокімі штанамі ў расейскім стылі. На змену фуражкам прыйшлі шыракаполыя капелюшы.

Гэтыя змены прыкметныя нават сярод пралетарыяту: рабочыя сталі апранаць касцюмы пасля працы. Адзенне не самай лепшай якасці: добрыя тканіны ў дэфіцыце, па большай частцы выкарыстоўваецца бавоўна. Адзенне і абутак з'явіліся ў вольным продажы. Каб іх набыць, больш не патрэбныя карткі.

БУДЫНАК ПОЛІТЭХНІЧНАГА ІНСТЫТУТА (ЦЯПЕР БНТУ). ФОТА: МІХАСЬ МІЦКЕВІЧ
Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках