20 красавiка 2024, Субота, 5:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як Трамп плануе абараняць Амерыку

Як Трамп плануе абараняць Амерыку
Дональд Трамп

Тры ключавыя індыкатары, якія дапамогуць адрозніць тое, што адбываецца ў сферы абароны ад пустых размоў.

Якую абаронную палітыку плануе адміністрацыя Трампа? Ці збіраецца яна падвысіць абаронны бюджэт? Ці скасуе важныя праграмы набыцця абсталявання? На гэты момант найлепшым адказам на гэтыя пытанні, як і на іншыя, што тычацца абароннай палітыкі, з'яўляецца «магчыма».

Прынамсі, падчас кампаніі Трамп практычна не казаў аб рэальных абаронных пытаннях, і пераходны перыяд не растлумачыў сітуацыю, піша экспэрт Цэнтра міжнароднай бяспекі Брэнта Скоўкрафта Стывен Грундман у Atlantic Council (пераклад — nv.ua).

Пералік магчымых дзеянняў адміністрацыі Трампа такі шырокі, а шанцы настолькі неадназначныя, што рабіць прагнозы было б неразумна. У адказ на пытанні сяброў, калег і кліентаў аб тым, як прэзідэнт Трамп можа змяніць Пентагон, я раз за разам паўтараю: «можа адбыцца ўсё што хочаш».

На фоне такой відавочнай нявызначанасці я надумаў адмовіцца ад прагнозаў, але затое прааналізаваць ключавыя індыкатары, якія могуць сігналізаваць пра блізкія перамены.

Выдаткі на абарону

Я хачу параўнаць прапановы адміністрацыі Трампа аб выдатках на абарону ў 2017 годзе і 2018 годзе з прапановамі адміністрацыі Абамы за гэтыя два гады. На 2017-ы адміністрацыя Абамы папрасіла агулам $589 млрд. На 2018-ы Абама спланаваў базавы бюджэт на суму $557 млрд. З цягам часу, як новая адміністрацыя стане раскрываць свае планы выдаткаў на абарону, я буду разглядаць адхіленні ад сумы, узятай з планаў былой адміністрацыі на 2017 і 2018 год, як індыкатар кірунку і тэмпаў змены выдаткаў на абарону.

Размяшчэнне сіл

Індыкатар размяшчэння сіл – амерыканскія войскі ў Афганістане. Мінулым летам прэзідэнт Абама аднавіў колькасць войскаў ЗША ў Афганістане на ўзроўні 8 400 чалавек. Гэтая пастанова стала другім за год выпадкам, калі Пентагону ўдалося перамагчы Белы Дом у зацягванні вываду войскаў з Афганістана – папярэдне адміністрацыя Абамы планавала пакінуць у краіне толькі нязначную «намінальную прысутнасць».

Нягледзячы на тое, што ў навінах аб ёй амаль не гавораць, аперацыя «Вартавы свабоды» застаецца найбуйнейшай замежнай кампаніяй з размяшчэннем амерыканскіх войскаў за мяжой. Адпаведна, тое, як адміністрацыя Трампа падыдзе да пытання амерыканскіх войскаў у Афганістане, пакажа, якога падыходу ў дачыненні да размяшчэння ўзброеных сіл яна пільнуецца.

Тое, што амерыканскія войскі ў Афганістане працуюць з 6 000 прадстаўнікоў сіл NATO, таксама павялічвае значнасць сігналу, які сваімі дзеяннямі пашле адміністрацыя Трамп.

Набыткі

Індыкатарам у гэтым аспекце я абраў кошт знішчальнікаў F-35А, які вызначыцца ў выніку распачатых у гэтым месяцы перамоў. Гаворка ідзе аб вытворчасці амаль 90 знішчальнікаў, што павінна запусціцца ў 2018. Пытанне кошту можа паказаць, ці зменіцца падыход адміністрацыі да набыцця зброі.

Калі F-35А будуць набытыя значна танней (або даражэй) спачатку абмяркоўваліся $95 млн, гэта будзе азначаць, што Пентагон Трампа абярэ прынцыпова іншы падыход.

Адное мы ведаем напэўна: Дональд Трамп – майстар палітычнага дыскурсу, і ад яго падыходу да дзяржаўнага кіравання будзе залежаць значна больш, чым мы наважваемся прызнаць. А гэта яшчэ адная падстава для тых, чые даходы і бізнэс залежаць ад разумення абароннай палітыкі, скласці карту ключавых індыкатараў, якія дапамогуць адрозніць тое, што рэальна адбываецца, ад пустых размоў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках