25 красавiка 2024, Чацвер, 11:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Абуральныя гісторыі беларусаў, абвешчаных «дармаедамі»

34
Абуральныя гісторыі беларусаў, абвешчаных «дармаедамі»

Кампанія супраць скандальнага дэкрэта набірае абароты.

Людзі, якіх падаткавікі запісалі ў «дармаеды» абураныя не толькі неабгрунтаванымі паборамі, але і абразлівым стаўленнем уладаў. У лістах, якія пачкамі прыходзяць у праваабарончы цэнтр «Прававая дапамога насельніцтву», «дармаеды» дзеляцца сваімі жыццёвымі гісторыямі, піша belprauda.org.

Учарашнія жаўнеры

Дзмітрый:

— 20 траўня 2015 года прыйшоў з войска, а 4 чэрвеня ўладкаваўся на ранейшае месца працы, але прадпрыемства ледзь-ледзь трымалася на паверхні. Я не працаваў 4 месяцы і прасядзеў без працы чатыры месяцы: у нашым мястэчку працы няма наогул.

Грамадзяне з пэўнымі хваробамі, якія праз абмежаванні не могуць знайсці працу

Ірына:

- Мне прыйшоў ліст аб «дармаедстве». Я не ведаю, што рабіць у такой сітуацыі. У мяне дзіця 10 гадоў. Я знаходжуся на ўліку па ВІЧ-інфекцыі. Шмат розных цяжкасцяў у сувязі з гэтым. Я ўсё роўна павінна плаціць падатак, нягледзячы на тое, што працу складана знайсці нават здароваму чалавеку.

Вячаслаў:

- Я ў 2015 годзе знаходзіўся на ўліку ў нарколага. Мне не падпісвалі медкамісію па маёй спецыяльнасці, а іншых спецыяльнасцяў у мяне няма, а без «скарыначак» на працу не ўладкавацца. Па маёй спецыяльнасці прапаноўвалі шмат вакансій, але нарколаг не падпісваў камісію. Атрымліваецца, што дзяржава мне сама забараніла працаваць, а цяпер хоча садраць з мяне падатак. Я схадзіў у падатковую, патлумачыў сітуацыю, але яны сказалі, што гэта не прычына, што трэба было працаваць не па спецыяльнасці. Я ім тлумачу, што людзей са стажам і ўсімі дакументамі не хочуць браць, а без дакументаў тым больш. Сяк-так перабіваюся падпрацоўкамі. Што рабіць? Я плаціць ніяк не магу, бо ў мяне двое дзяцей, а заробак — капейкі.

Жанчыны, якія вырашылі стаць мамамі

Юлія:

- Мне прыйшоў ліст аб тым, што я «дармаедка». Апошні раз працавала 15 сакавіка, а 20 кастрычніка 2015 года сышла ў дэкрэтны адпачынак. Хадзіла ў падатковую: там сказалі, што трэба выплаціць падатак.

Надзея:

- Мне 20 гадоў. Я замужам, у мяне ёсць дзіця, якому ў гэтым месяцы споўніўся толькі год. Мне прыйшоў ліст з падатковай, каб я заплаціла падатак. У 2015 годзе я не працавала. Спачатку мяне не бралі на працу, спасылаліся на мой узрост (мне было 18), цяжарнасць і адсутнасць адукацыі. У красавіку 2015 года я страціла дзіця на пятым месяцы. І з траўня да лістапада мы паехалі на дачу да свёкра — апрацоўваць ім зямлю, бо жывем мы ў іх кватэры і, натуральна, пакуль залежым ад іх. Вярнуўшыся ў горад, я свядома не ўладкоўвалася на працу: я была зноў цяжарная. Быў як раз 4-5 месяц, і я баялася страціць і гэтага дзіцяці. У выніку дзіця ўсе роўна нарадзіўся раней тэрміну, на шостым месяцы, але выжыла. Я проста не магу заплаціць гэты падатак, мне грошы патрэбныя на рэабілітацыю дзіцяці, бо нам афармляюць інваліднасць і ДЦП..

Хатнія гаспадыні

Наталля:

— Я маці траіх дзяцей: 21, 16 і 15 гадоў. На працу не бралі спачатку, матывуючы тым, што маленькія дзеці, потым казалі, што дзеці будуць хварэць, а цяпер проста муж гэтага не хоча. Усю сям'ю ўтрымлівае муж (дзеці вучацца: старэйшы ў тэхнікуме, малодшыя — у каледжы). Скажыце, калі ласка, што мне рабіць з «лістом шчасця»?

Наталля:

- Жывём мы ў горадзе Хойнікі Гомельскай вобласці, г. зн. у забытай богам глушы, дзе практычна няма працы. Менавіта таму я і стала хатняй гаспадыняй. У падатковай зразумелых адказаў мне не далі, сказалі, што магу плаціць часткамі і далі тэрмін да 20 лютага. Яшчэ ўдакладнялі, ці не езджу я на заробкі ў Расею. Сям'я ў нас складаецца з трох чалавек, сын – студэнт, працуе толькі муж.

Догляд за хворымі сваякамі

Святлана:

- У 2015 годзе не хапіла 1 дня да 183 рабочых дзён (у 2015 годзе працавала з 1 студзеня па 31 сакавіка, з 1 кастрычніка да 31 снежня і па гэты дзень). Я звярнулася ў падатковую, кажу, паўгода «адпрацоўкі» у мяне ёсць, на што мне адказалі: «машына палічыла». У красавіку 2015 года цяжка захварэла свякроў (рак), а ў ліпені памерла. У перыяд летніх адпачынкаў таксама складана было знайсці працу.

Ірына:

—Мяне таксама залічылі ў лік «дармаедаў», хоць я даглядаю за сваёй хворай маці, якой 87 гадоў. Мама ўжо даўно хварэе рознымі захворваннямі, і я яе забрала да сябе, каб за ёй даглядаць. А ў 2014 годзе ў мамы выявілі рак прамой кішкі. Аперацыю ёй не зрабілі праз асцярогі лекараў, што аперацыю яна не перажыве. Са страшным дыягназам нас адправілі дадому. Увесь гэты час я за ёй даглядала, як любая нармальная дачка. У красавіку я звярнулася ў паліклініку, каб аформіць маме групу. Пакуль лекары абследавалі маму, прайшло амаль 3 месяцы. 30 чэрвеня 2015 года маме далі 1 групу інваліднасці. Пакуль гэтыя дакументы дайшлі да сацабароны, і яны разглядалі пытанне догляду за ёй, яшчэ прайшоў час. І толькі з 16 ліпеня 2015 года мяне прызначылі дапамогу па догляду за інвалідам.

Калі прыйшоў ліст з падатковай, я патэлефанавала, патлумачыла сітуацыю, аднак ад мяне запатрабавалі заплаціць 360 рублёў падатку або звярнуцца ў выканкам, што я і зрабіла. Там папрасілі даведку аб заробку мужа і іншыя дакументы. У выніку мне адмовілі ў вызваленні ад падатку, зыходзячы з маёмаснага становішча; як я зразумела, муж зарабляе сярэднестатыстычны заробак, значыць, можа аплаціць падатак. Толькі я не разумею, прычым тут муж? Я б сама працавала, калі б не хворая мама. Іх падачкі, дапамогі мне не патрэбныя. Мяне, маці дваіх дзяцей (малодшаму — толькі 11 гадоў), бабулю, у якой ёсць унук, дачка, якая клапоціцца і даглядае за сваёй хворай маці, зрабілі «дармаедкай» і «ўтрыманкай».

Выпускнікі

Святлана:

- Мая дачка атрымала ліст аб выплаце падатку аб «дармаедстве». Яна ў 2014 годзе скончыла каледж і ў гэтым жа годзе паступіла ў ВНУ на платнай аснове. На працу не бралі, бо не было ні стажу, ні досведу. Яна запаўняла анкеты, ездзіла на гутаркі, але безвынікова. Я, яе мама, аплачваю яе вучобу, хоць сама знаходжуся ў дэкрэтным адпачынку з чацвёртым дзіцем. Дачка ўладкавалася на працу ў сярэдзіне 2016 года. Падкажыце, калі ласка, што рабіць?

Уцекачы з зоны баявых дзеянняў ва Украіне

Юрый:

- Мая жонка з'яўляецца грамадзянкай Украіны (пражывала ў Данецку). З пачаткам вайны яна пераехала да мяне ў Беларусь. Ёй прыйшло паведамленне на выплату падатку (ёй не хапіла 23 рабочых дня, каб не плаціць падатак). У маёй жонкі ёсць від на жыхарства. Патлумачце сітуацыю: законныя патрабаванні падатковай? Што рабіць? Сам я напісаў скаргу ў падатковую на парушэнне канстытуцыйных правоў.

Алена:

— Я з мужам і дзіцем пераехалі з Украіны ў Беларусь у лістападзе 2015 года (дзіця нарадзілася 22.08.2013). Жывем у самай глушы краіны. У вёсцы каля 300 жыхароў. Муж працуе ў калгасе трактарыстам, а я не працую. Чатыры месяцы таму аддалі дзіця ў сад, а цяпер гэты дэкрэт. У Беларусі я не атрымліваю ніякай сацыяльнай дапамогі, і не атрымлівала. У бальніцу наогул дзверы зачынены, за ўсё трэба плаціць утрая даражэй. Хоць у законе пішацца: калі ў нас ёсць від на жыхарства, то нас мусяць прыраўноўваць да грамадзян Беларусі, і медыцына — нароўні з грамадзянамі Беларусі. Але гэта няпраўда. Мы арандуем жыллё ў калгасным доме. Працу шукаю, але пакуль нічога. Да горада паўтары гадзіны аўтобусам дабірацца, што таксама не выйсце. Вяртацца ва Украіну? Там таксама нічога не чакае.

Вясковыя жыхары таксама ў спісах «дармаедаў»

Ганна:

- Я жыву ў сельскай мясцовасці. Застаўшыся без працы, я займаюся падсобнай гаспадаркай. Апрацоўваю 35 сотак зямлі і вырошчваю свіней. Тым самым кармлю не толькі сябе, але і сем'і сваіх дзяцей. Забяспечваю іх мясам, салам, каўбасамі, а таксама агародніннай, садавіной і варэннямі. Хіба можна такога чалавека называць «дармаедам»?

Яўген:

— Жыву ў Гарадзенскай вобласці, у Ваўкавыскім раёне. Я не працую. Але, вядома, не сяджу на месцы, а шукаю працу. Жыву я з бацькамі. Ёсць гаспадарка: карова, парасяты, куры. Дапамагаю па гаспадарцы і займаюся хатнімі справамі, але мне прыйшло апавяшчэнне аб выплаце падатку. Сельсавет кажа, што трэба асобна мне заключыць дамову на вядзенне асабістай падсобнай гаспадаркі, і тады я не буду лічыцца «дармаедам». Паўстае пытанне: а ў мяне ў агародзе якая гаспадарка і чыя?

Каментуе кіраўнік праваабарончага цэнтра «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Воўчак:

- Падаткавікі не спраўляюцца з наплывам скаргаў на «лісты шчасця». Што людзі пішуць чыноўнікам?

Кожны ліст – гэта жыццё звычайнага беларуса. На жаль, на беларускім тэлебачанні не кажуць, як жывуць звычайныя грамадзяне. Але ёсць незалежныя інтэрнэт-рэсурсы, сацыяльныя сеткі, відэаканал Ютуб.

З 440 тысяч разасланых «лістоў шчасця» толькі 35 тысяч грамадзян аплацілі падатак. Чаму людзі не плацяць? Усе проста. Гэты дэкрэт аб'яднаў беларусаў — як бедных, так і забяспечаных. Дзяржава перайшла рысу ў абразе і знявазе сваіх уласных грамадзян.

Ужо два месяцы наша грамадская прыёмная працуе з грамадзянамі. Праваабарончы цэнтр «Прававая дапамога насельніцтву» атрымала блізу 1 100 лістоў і званкоў. Кожны ліст – гэта чалавечае жыццё – з радасцямі, праблемамі і бедамі.

Мы спадзяемся, што прадстаўнікі ўлады ўсё-такі прымуць пастанову скасаваць гэты дэкрэт, які вызначае прымусовую працу ў Беларусі.

Нагадаем, што 17 лютага а 18-00 на Кастрычніцкай плошчы Менска пачнецца Марш абураных беларусаў з патрабаваннем скасавання дэкрэта аб «дармаедах».

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках