29 сакавiка 2024, Пятніца, 16:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праўнучка Ігната Дамейкі: «Мой прадзед — містычная істота»

7
Праўнучка Ігната Дамейкі: «Мой прадзед —  містычная істота»
Пас Дамейка з дачкой і ўнучкай

На мінулым тыдні міністар замежных справаў Ўладзімер Макей заявіў, што беларускую гісторыю прысвойваюць сабе шмат якія іншыя дзяржавы.

«Напрыклад, я лічу, што абсалютна няправільна, калі Ігната Дамейку ў Чылі і Тадэвуша Касьцюшку ў ЗША ўспрымаюць як прадстаўнікоў іншай дзяржавы». Радыё Свабода знайшла праўнучку Ігната Дамейкі Паc Дамейку і дазналася, што зрабіла беларуская дзяржава, каб не дазволіць іншым скрасьці спадчыну Дамейкі.

Знасьці Паc Дамейку было не складана. Для гэтага дастаткова ўпісаць у пошукаваю сыстэму па-ангельску два словы «сваякі Дамейкі». Празь некалькі сэкундаў мы набіраем нумар у Сіднэй і размаўляем з унучкай сусьветна вядомага навукоўца, народжанага на Карэліччыне.

Пас Дамейка з унукамі

- Спадарыня Паc, гэта вялікі гонар з Вамі размаўляць. Ваш прадзед зь Беларусі уцякаў у Чылі, а як Вы апынуліся ў Аўстраліі?

- Я нарадзілася ў Аргентыне. Мой бацька працаваў у чылійскай дыпляматычнай службе, таму мы вельмі шмат падарожнічалі па сьвеце. Калі мне было пяць гадоў, мы пераехалі з Аргентыны ў Чылі, а потым у Бразылію і ЗША. Калі мне споўнілася 18 гадоў, я вярнулася ў Чылі і выйшла замуж. На радзіме я працавала для амэрыканскай амбасады, узначальвала Амэрыканскі культуры цэнтар. Але калі да ўлады прыйшоў Сальвадор Альендэ, мяне пачалі перасьледаваць. Я была вельмі напужаная і прыняла рашэньне выехаць у Аўстралію. Так у 1972 годзе я трапіла ў Сыднэй. Я вельмі люблю гэты горад і краіну, я тут вельмі шчасьлівая.

- А дзе сёньня жывуць Дамейкі і ці вялікая ваша сям’я?

- Мой прадзед ажаніўся з чылійскай дзяўчынай. Ёй было ўсяго 15 гадоў, а яму 48. Яны былі вельмі шчасьлівыя, у іх было чацьвёра дзяцей. Але толькі ў малодшага сына былі дзеці. У яго было некалькі сыноў, і яны пладзіліся як чума (сьмяецца). Ажно чатыры сыны. У тых было шмат дзяцей. Цяпер жыве чацьвёртае пакаленьне Дамейкаў. Наш род вельмі рэлігійны, і таму ў нас заўсёды было шмат дзяцей. Сёньня ва ўсім сьвеце жыве больш за 200 нашчадкаў Ігната Дамейкі. Каля сотні ў Чылі, а рэшта ў ЗША і Аўстраліі. Напрыклад, у мяне пяцёра дачок.

Пас Дамейка з дочкамі

- А ці застаўся нехта ў Эўропе?

- На жаль, ані ў Беларусі, ані ў Літве ці Польшчы ўжо няма нікога з Дамейкаў. Пасьля эміграцыі Ігната ў Жыбартоўшчыне каля Дзятлава засталася толькі яго дачка Ганна, а сыноў не было. Такім чынам у Эўропе род Дамейкаў памёр.

- Ці перадаў ваш прадзед сваім нашчадкам мовы, на якіх ён размаўляў?

- На жаль, мае дзяды ўжо не гаварылі па-беларуску ці па-польску. У Чылі мае прадзеды гаварылі па гішпанску і па-француску.

- А чым сёньня займаюцца Дамейкі? Нехта пайшоў сьлядамі свайго вядомага прадзеда?

- Унукі Дамейкі ўсе былі вельмі адукаванымі людзьмі. Мой бацька быў, напрыклад, дыпляматам. Сёньня ў нашай сям’і шмат архітэктараў, адвакатаў, лекараў. Дамейкі вельмі прыгожыя, добра выглядаюць. У Чылі нашая сям’я адносіцца да эліты грамадзтва. Усе нашы сваякі вельмі рэлігійныя.

Сям'я Хуана Дамейкі, часовага паверанага Чылі ў Аўстраліі, 1955-1959 гады. Другая справа - Пас Дамейка.

- Міністар замежных справаў Беларусі сказаў нядаўна, што іншыя краіны крадуць у краіны гісторыі і ўзгадаў Ігната Дамейку, якога прысвоіла Чылі. А ці часта з вамі кантактуюцца афіцыйныя чыноўнікі? Магчыма, тэлефануюць дыпляматы з Канбэры?

- Да мяне неаднаразова зьвярталіся літоўскія і польскія дыпляматы. Я ўжо не кажу пра гісторыкаў адтуль. Але ніхто і ніколі зь беларускіх дыпляматаў са мной не кантактаваўся. На жаль, ніякіх афіцыйных стасункаў не было. Напрыклад, цяпер у Беларусі перакладаюць маю кнігу пра Ігната Дамейку. Але гэтая ідэя зьявілася спантанна, дзякуючы знаёмаму беларусу з Аўстраліі, які паехаў да брата ў Гомель і захапіў з сабою адзін асобнік кнігі. Там і зьявілася ідэя яе перакласьці на расейскую. Гэту кнігу я напісала па-гішпанску ў 2002 годзе. У 2004 годзе яна выйшла па-ангельску ў выдавецтве «Random House». Яна называецца «Ігнат Дамейка: жыцьцё ў эміграцыі». У нашай сям’і ёсьць вялікая калекцыя дакумэнтаў і лістоў Дамейкі. Мой бацька сабраў багата рэчаў, зьвязаных з продкамі. У гэтай кнізе будзе шмат унікальных дакумэнтаў і цікавых рэчаў, якіх няма больш нідзе. Я адмыслова езьдзіла ў Францыю, Чылі, Польшчу, Літву і двойчы была ў Беларусі, каб зьбіраць матэрыялы.

Фальварак Дамейкаў Жыбартоўшчына каля Дзятлава
Жыбартоўшчына сёньня

- І якія вашы ўспаміны пра тыя візыты ў Беларусь?

- Вельмі маляўнічыя. Гэта было надзвычай цікавае падарожжа. Упершыню я была ў Беларусі ў 1999 годзе. Памятаю, што тады была жахлівая інфляцыя. Я знайшла маладую пару, якая размаўляла па-ангельску. Яны вазілі мяне сваёй машынай. Я была ў Мядзьвядцы, наведвала школьны музэй Дамейкі, была ў Міры, у Наваградку і Жыбартоўшчыне, былой сядзібе Дамейкаў, якая сёньня ў руіне. Я правяла там некалькі дзён. Калі б не дапамога Скарынаўскага цэнтру, то візыт наўрад ці атрымаўся б. Другі раз я была ў 2002 годзе. У Вільні праходзіла сьвяткаваньне 200-годзьдзя Дамейкі. Я таксама там была і потым на адзін дзень паехала ў Беларусь.

- А ці хацелі б Вы зноў наведаць радзіму прадзеда?

- Вельмі. Мне неўзабаве 80 гадоў, але я пляную ўлетку паехаць у Вільню. Там мае адбыцца вялікая дамейкаўская канфэрэнцыя. Са мною хоча паехаць мая сястра Сэсілія і іншыя чальцы сям’і. Было б цудоўна наведаць Беларусь напрыканцы ліпеня, калі будзе адзначацца 215-годзьдзе Ігната Дамейкі. Тым больш, што цяпер перакладаецца яго кніга. Я ведаю, што ў перакладчыцы ёсьць вялікая праблема зь яе выданьнем. Калі б удалося выдаць кнігу да 215-годзьдзя, гэта было б шыкоўна. Спадзяюся, што ня будзе праблемаў і зь візай. Я чула, што Беларусь адмяніла візы для многіх замежнікаў. Але зь Вільні я хачу ехаць цягніком. Спадзяюся, што ўдасца атрымаць візу.

- А як сёньня Дамейку памятаюць у Чылі? Ці сапраўды яны так карыстаюцца беларускай гісторыяй, асобай, народжанай і выхаванай у Беларусі, у сваіх інтарэсах?

- Ігнат Дамейка найбольш вядомы сярод польскай дыяспары ў Лацінскай Амэрыцы. Канешне, у Чылі ён вядомы дзякуючы таму, што стварыў Чылійскі ўнівэрсытэт і зрабіў шмат адкрыцьцяў. Я правяла летась у Чылі тры месяцы, і ў мяне адчуваньне, што сёньня там мала хто цікавіцца гісторыяй. Яны больш клапоцяцца пра іншыя рэчы. У Чылі ёсьць дом Дамейкі. Ён належыць аднаму з маіх братоў. Там жыве цяпер сям’я. Некалькі месяцаў таму чылійскі ўрад паабяцаў стварыць там нацыянальны музэй. Дом дакладна такі, якім яго пакінуў прадзед, нават некаторая мэбля захавалася. Мой прадзед — гэта для мяне містычная істота. Ня так даўно я зьвярталася ў думках да яго, каб ён паслаў мне цікавую сустрэчу. І бачыце, я размаўляю з вамі, упершыню зь беларускім журналістам. Дарэчы, пра містыку. У доме прадзеда была карціна з родных мясьцін. Там выява краявіду. Калі я была ў Беларусі, то адзін знаёмец вазіў мяне па ваколіцах Жыбартоўшчыны. І мне раптам захацелася спыніцца, каб зрабіць здымак. Калі я вярнулася, то пабачыла, што гэта дакладна тое самае месца, якое адлюстравана на карціне. Гэта быў маленькі цуд. Я вельмі хачу пабачыць гэтыя краявіды зноў.

Жыбартоўшчына. Карціна дачкі Ігната Дамейкі Ганны, 1908 год.
Жыбартоўшчына. Здымак Пас Дамейкі, 1999 год.
Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках