29 сакавiка 2024, Пятніца, 13:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чачэрскі вінзавод «тоне» пасля чарговай мадэрнізацыі

23
Чачэрскі вінзавод «тоне» пасля чарговай мадэрнізацыі

У філію Гомельскага вінзавода «ўлілі» больш за $3 мільёны, толькі вось праект стаўся «эканамічна немэтазгодным».

Гомельскі «ваявода» Уладзімір Дворнік наведаў з візітам Чачэрск і за адным скрыпам наведаўся на мясцовы вінзавод. Прадпрыемства цяпер, як той казаў, ліпіць: афіцыйна знаходзіцца ў стадыі банкруцтва і праходзіць працэдуру санацыі. Да гэтага ўлады спрабавалі выратаваць вытворчасць.

«Гомельская праўда» піша, што ў перыяд з 2011 да 2014 года ў мадэрнізацыю прадпрыемства ўклалі больш за 37 мільярдаў недэнамінаваных рублёў.

Калі пералічыць гэтую суму ў даляры ЗША курсам на 31 снежня 2014 года, выйдзе $3 млн 122 тысячы. Выніковая сума, напэўна, будзе істотна вышэйшая, калі ўлічваць, што на пачатак фінансавання мадэрнізацыі даляр каштаваў толькі 3 тысячы беларускіх рублёў (супраць 11 850 — на канец 2014 года), адзначае gomel.today.

Тым не менш, гэтыя велізарныя паводле мясцовых мерак грошы, як выявілася, былі змарнаваныя. Увесь праект, пад які яны выдаваліся, палягаў у перапрафіляванні вінзавода пад вытворчасць канцэнтраваных пладовых сокаў, аднак мадэрнізацыя так і не была закончаная. «Праект страціў эканамічную мэтазгоднасць», — так сфармуляваная прычына.

Сёння філіял «Чачэрскі», як і раней, вырабляе пладовыя віны, якія попытам не карыстаюцца. Нягледзячы на гэта, кіраўніцтва вобласці аптымізму не траціць і задумала яшчэ адну мадэрнізацыю прадпрыемства — «з улікам патрэб рынку».

Дырэктар вінзавода Мікалай Юрчанка выказаў меркаванне, што ў найбліжэйшай будучыні віны з садавіны выціснуць з рынку пладовыя, таму мэтазгодна перапрафіляваць завод пад сыравінную базу для захоўвання вінных матэрыялаў. Акцэнт будзе зроблены на нарыхтоўку ягад і садавіны. Прапрацоўваецца таксама магчымасць вырабу газаванай і негазаванай вады.

Выдаткаваўшы больш за $3 млн на эканамічна немэтазгодны праект, які скончыўся санацыяй і банкруцтвам прадпрыемства, а развіццё, як мяркуецца, атрымае ў выглядзе перапрафілявання вытворчасці пад пладовы склад, гомельскія ўлады не трацяць упэўненасці ў тым, што, хай не з першай, але з другой спробы ўсё ў іх выйдзе.

«Мэта цяперашняга візіту — вывучыць эканамічныя паказчыкі, рэнтабельнасць, каб накіраваць развіццё прадпрыемства ў правільнае рэчышча», — заявіў кіраўнік рэгіёну Уладзімір Дворнік.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках