28 сакавiка 2024, Чацвер, 23:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сіла незалежнасці

12
Сіла незалежнасці
Сяргей Законнікаў
Фота: svaboda.org

Мець незалежную краіну — гэта вялікае шчасце для кожнай нацыі.

Пра сілу і магчымасці беларускай незалежнасці даводзілася дыскутаваць у 60-х гадах мінулага стагоддзя з песімістамі ў студэнцкім інтэрнаце.

Памятаю таксама хвалюючыя гаворкі са старэйшымі сябрамі, выдатнымі айчыннымі літаратарамі В. Быкавым, У. Караткевічам, П. Панчанкам, Г. Бураўкіным. Але пасля распаду СССР народнага абмеркавання важнай тэмы, выпрацоўкі стратэгіі развіцця краіны і нацыі так і не адбылося. Жывем нашармака.

Мець незалежную краіну — гэта вялікае шчасце для кожнай нацыі, самая лепшая ўмова напоўніцу рэалізаваць свой разумовы і фізічны патэнцыял. У свеце ёсць народы, якія пераўзыходзяць беларусаў па колькасці, але яшчэ не знайшлі сталага прытулку на планеце, не стварылі ўласную дзяржаву. Такі стан — вельмі драматычны. А наша галоўная мэта нарэшце спраўдзілася, і гэтай неацэннай радасцю трэба даражыць да апошняга ўдару сэрца ўсім суайчыннікам.

Для беларусаў надзвычай важна — не страціць дзяржаўнай незалежнасці, якая здабыта велічнай працай нацыянальнага розуму і незлічонымі ахвярамі. Толькі мясцовым манкуртам, у тым ліку і высокапастаўленым, якія сквапна карыстаюцца ёю ва ўласных меркантыльных і амаральных мэтах, здаецца, што вынік прыйшоў сам сабою. Але яны да незалежнасці не маюць абсалютна ніякага дачынення.

У мінулым яе кавалі гераічнымі памкненнямі да свабоды, доўгімі пакутамі, адважна пралітай крывёю і пакладзенымі жыццямі лепшыя прадстаўнікі ўсіх пакаленняў беларусаў. Цэлы шэраг мужных стваральнікаў і абаронцаў незалежнасці выявіла ХХ стагоддзе. Імі сталі арганізатары Беларускай Народнай Рэспублікі, самаахвярныя ўдзельнікі Слуцкага паўстання, смелыя змагары са сталінскай тыраніяй у 20 — 50-я гады, свядомая інтэлігенцыя, якая пастаянна адстойвала родную мову і іншыя чыннікі нацыі.

Незалежнасць адкрывае шырокі прастор для выдатных дасягненняў ва ўсіх сферах эканомікі, навукі, культуры. Але яна вымагае ад краіны і ад кожнага грамадзяніна актыўнай самастойнасці, ініцыятыўнасці, прадпрымальніцтва і, безумоўна, сумленнасці, прыстойнасці, бо на новую дзяржаву звяртае пільную ўвагу свет.

Нам трэба ўсведамляць адказнасць за незалежнасць, за яе эфектыўнае выкарыстанне для ўмацавання і развіцця нацыі. На жаль, такога адчування ў большасці насельнікаў Беларусі няма. У нас нават інстынкт самазахавання катастрафічна прытуплены.

Доўгатэрміноваму правіцелю незалежнасць падабаецца за тое, што можна маніпуляваць мільёнамі людзей, жыць у вялікай раскошы, дагаджаць усім сваім прыхамацям, па-султанску забаўляцца, катацца па свеце, хадзіць па дывановых дарожках, прымаць рапарты ганаровай варты, лічыць сябе «роўным Богу і нават вышэй». Службоўцам і прыўладным бізнесоўцам яна дапамагае хутка і беспакарана абагачацца незаконнымі спосабамі. А замбіраваныя прапагандай маладыя «патрыёты» проста кайфуюць ад удзелу ў тусоўках, арганізаваных чыноўнікамі, дзе можна пабегаць з чырвона-зялёнымі сцягамі і пакрычаць: «Мы — беларусы!», «Я люблю Беларусь!», і прымерваюцца да сваіх будучых высокіх крэслаў.

А хто будзе рэалізоўваць важную стратэгію незалежнасці? Краіне патрэбны дэмакратычная палітычная сістэма і эфектыўны эканамічны курс, а нацыі — адраджэнне, найперш вяртанне роднай мовы на законнае месца, бо яна галоўны абярэг беларусаў. Гэтая праграма патрабуе канкрэтных намаганняў, разлічаных на перспектыву. Але сённяшнія наменклатурныя дачаснікі не ўмеюць працаваць на доўгатэрміновае стабільнае развіццё, яны жывуць паводле выслоўя: «З плеч — і ў печ!». Колькі нагаворана, наабяцана і не выканана за 22 гады аўтарытарнай улады! Колькі высмактаных з пальца планаў і праектаў выкінута ў сметніцу!

Упэўненая сіла нашай незалежнасці не супадае з хранічнымі хістаннямі, з мітуслівымі скачкамі аўтарытарызму. Лёсам, будучыняй Беларусі павінны займацца не А. Лукашэнка з кампаніяй ліслівых лёкаяў, якія толькі ўмеюць стаяць з працягнутай рукой і чужымі грашыма затыкаць дзіркі, а само грамадства ў асобе лепшых спецыялістаў розных сфер. Яшчэ ў 1909 годзе геніяльны Янка Купала заклікаў:

Шчаслівы ты ці нешчаслівы,

Будзі сыноў сваёй зямлі,

Над беларускай соннай нівай


Нязгаслы светач распалі!

У нас ёсць падрыхтаваныя эканамісты, фінансісты, прадпрымальнікі, канструктары, інжынеры, працаўнікі навукі і культуры, якія здольныя вызначыць і рэалізаваць паспяховае развіццё краіны. Разумным дзеянням прафесіяналаў патрэбна толькі адпаведнае палітычнае і грамадзянскае забеспячэнне…

Я не пагаджаюся з тым, што пры аўтарытарызме можа мець добрыя вынікі ідэя ліберальных пакрокавых захадаў. На любы, самы маленечкі крок да дэмакратыі ўлада адказвае інтэнсіўным закручваннем гаек. Яна занятая не развіццём эканомікі, не паляпшэннем жыццёвага ўзроўню народа, а пошукам незадаволеных і іх ізаляцыяй у турмах.

Ніякага аптымізму не прыбаўляе сацыяльная незадаволенасць, якая віруе ў грамадстве. Вядомы пісьменнік Джорж Оруэл у рамане «1984» справядліва сцвярджаў: «…Гэтая незадаволенасць ні да чаго не вядзе, таму што з-за адсутнасці агульных ідэй звернута яна толькі супраць дробных канкрэтных непрыемнасцяў».

Тым не менш, сіла незалежнасці змагла ўцягнуць у сваю арбіту ўзурпатара і «вялікага інтэгратара». Ён яшчэ расказвае казкі пра «адзіны народ», пра беларусаў, якія — «рускія толькі са знакам якасці», але паралельна на ўсе лады славіць незалежнасць і заклікае яе берагчы. Прыпякло, бо ад крамлёўскіх выспяткаў прыкметна захістаўся тутэйшы «царскі трон»!

Незалежнасць перацягвае да сябе нават сваіх нядобразычліўцаў і ворагаў, якіх хапае. Прыхільнікам аўтарытарызму і беларусафобам некуды дзецца, бо іхні кумір раптам стаў апантаным незалежнікам. Яны тут жа ўспомнілі, што ёсць дзяржаўная беларуская мова, і пачалі асцярожненька ўціскаць яе ў рэкламу, выносіць на агітацыйныя шчыты.

Нехта пляскае ў ладкі і радуецца слабенькаму павароту да беларускасці. А я ніколі, хоць забіце мяне, не паверу ў шчырую любоў да Беларусі чыноўнікаў-флюгераў, якія ад макаўкі да пят падпарадкаваны кан’юнктуры. Сёння — адно, а заўтра — іншае. У іх няма адчування роднасці з бласлаўлёнай зямлёй, з яе гісторыяй, з пралітымі потам і крывёю шматпакутных продкаў.

Здзек над нацыянальнай гісторыяй — гэта не толькі хлуслівыя школьныя і ўніверсітэцкія падручнікі або вандалізм у стаўленні да мемарыяльных знакаў, прысвечаных памятным падзеям і датам. Я лічу здрадай і абразай любімай Айчыне тое, што да гэтага часу ў нас няма нацыянальнай і грамадзянскай еднасці, жадання жыць па-чалавечы.

Пакуль што сіла незалежнасці не задзейнічана на карысць пабудовы дэмакратычнай, прававой, цывілізаванай Рэспублікі Беларусь, лепшага жыцця для ўсяго грамадства. Яна служыць толькі вузкаму колу людзей, якія выкарыстоўваюць яе дзеля задавальнення амбіцый, фінансава-матэрыяльнага абагачэння, піяру.

Але я веру, што навечна захаваная намі незалежнасць абавязкова прынясе чаканы плён, што яе сіла — магутная. Як жорны пераціраюць збожжа на муку, каб спячы неўміручы, жыццядайны хлеб, так і яна перамеле аўтарытарную сістэму, дзікунскія дзеянні пустадомкаў і выцягне нацыю з дэградацыі.

Сяргей Законнікаў, «СН плюс»

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках