25 красавiка 2024, Чацвер, 17:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Le Temps сабрала самыя пацешныя падаткі ў гісторыі

9
Le Temps сабрала самыя пацешныя падаткі ў гісторыі

Беларускім уладам ёсць куды імкнуцца.

«Ніколі не скончацца ідэі, як напоўніць свае засекі: дзяржавы перыядычна абкладвалі падаткамі бароды, коміны, вокны і нават кітайцаў!» - піша Аманда Кастыла на старонках швайцарскай газэты Le Temps (пераклад - inopressa.ru).

«Калі ёсць галіна дзейнасці, дзе вынаходлівасць урадаў у гісторыі вызначалася асаблівай расцуглянасцю і віравала, то гэта галіна падаткаабкладання. Старадаўняя лацінская прымаўка «Pecunia non olet» - «Грошы не пахнуць» - таму довад. Для напамінку: так адказаў імператар Вэспасіян свайму сыну Ціту, калі той папракнуў яго за ўвядзенне падатку на мачу, якая выкарыстоўвалася для апрацоўкі тканін, прання, дубільнай вытворчасці і фармакапеі. Прапануецца нарыс пра самыя абсурдныя і пацешныя падаткі ў гісторыі чалавецтва», - піша аўтарка.

Падатак на бароды

Генрых VIII, які заўсёды знаходзіўся ў пошуку, дзе б узяць грошай, наважыў абкласці падаткам нашэнне барады, пачынаючы з 1535 года. Ягоная дачка Лізавета Тудор падхапіла ідэю і таксама заснавала падатак на бароды, не голеныя больш за два тыдні. У Расеі цар Пётр увёў аналагічны падатак у канцы XVII стагоддзя. Барадачы атрымлівалі медны жэтон, які служыў квітам аб аплаце асобнага збору на нашэнне барады, па-расейску ён называўся «бородовой знак». »Гісторыя замоўчвае, ці тычылася гэта таксама барадатых жанчын альбо яны былі вызваленыя ад падатку з медыцынскіх меркаванняў», - гаворыцца ў артыкуле.

Падатак на коміны і вокны

«У Англіі коміны і вокны былі абкладзеныя падаткамі пачынаючы адпаведна з 1660 і з 1696 года. Як довад таго, што падаткі спрыяюць крэатыўнасці, жыхары ў адказ на ўвядзенне chimney tax сталі ставіць фальшывыя муры, што хавалі коміны ад позіркаў. У адказ на window tax шмат якія вокны былі забітыя дошкамі або замураваныя. Гэты падатак на паветра і на святло прычыніўся да зніжэння ўзроўню гігіены і да развіцця розных хвароб (так, лягчэй сталі распаўсюджвацца сухоты)», - піша аўтарка.

Падатак на парыкі

«І яшчэ раз Вялікабрытанія, якая прыдумала геніяльную ідэю - абкласці падаткам пахкую пудру для парыкоў. Спіс асоб, вызваленых ад падатку, быў вельмі доўгім і уключаў каралеўскіх сямейнікаў ды іхні эскорт. Гэты падатак, заснаваны ў 1795 годзе, павольна, але дакладна спрыяў змене канонаў моды», - працягвае аўтарка.

Падатак на кітайцаў

«У 1885 годзе, каб скарыстацца іміграцыяй кітайцаў, якія ўдзельнічалі ў будаўніцтве чыгуначнай сеткі, каналаў і грэбляў, Канада ўвяла падатак на кітайцаў, якія знаходзяцца на яе тэрыторыі. Гэты падатак прычыніўся да памяншэння колькасці кітайцаў у краіне і быў скасаваны ў 1923 годзе», - гаворыцца ў артыкуле.

Жорсткія метады

«Для запалохвання падаткаплатнікаў і засцярогі ад ухілення ад выплаты падаткаў дзяржавы вынаходзілі ўсялякія больш ці менш жорсткія метады. У 294 годзе імператар Дыяклетыян, напрыклад, зрабіў падатковыя дэкларацыі ўсіх грамадзян здабыткам грамадскасці, каб кожны бачыў, колькі выплачана ягоным суседам, і ў выпадку чаго мог на яго даказаць. Акрамя таго, ён стварыў спецыяльныя ўдарныя сілы, каб расследаваць выпадкі ўхілення ад выплаты падаткаў з ужываннем катаванняў і выкарыстаннем метадаў псіхалагічнага ціску», - апісвае аўтарка.

А ў Швайцарыі?

«На шчасце, у нашы дні ў Швайцарыі мяккія метады пераважаюць над жорсткімі, - працягвае Кастыла. - Так, Швайцарская Канфедэрацыя ў 2010 годзе прыняла закон, які заахвочвае ініцыятыўнае інфармаванне падаткаплатніка аб незадэклараваных даходах». Ён можа «выплаціць падаткі за дзесяць апошніх гадоў на ўмовах, зацверджаных законам, без штрафаў і крымінальнага пераследу».

Добры пастух стрыжэ авечак, а не лупіць з іх скуру

«У пытаннях аб падатках шмат якія ўрады вярнуліся да мудрасці Тыбэрыя, - піша аўтарка. - Калі мясцовыя кіраўнікі рымскіх правінцый папрасілі яго ўзняць падаткі і мыты, імператар ім адказаў: «Добры пастух стрыжэ авечак, а не лупіць з іх скуру!»

Падатак на асмужанасць у Нямеччыне

У Эсэне (Нямеччына) гарадскія ўлады наважылі ў верасні 2010 года прыціснуць уласнікаў салярыяў, увёўшы «падатак на асмужанасць» - 20 еўраў за месяц на кожны апарат.

Чэмпіён у крэатыўнасці

«Аднак пальма першынства ў крэатыўнасці, безумоўна, мае быць прысуджаная вёсцы Нідэрцымэрну ў Турынгіі (Нямеччына), дзе мэрыя прадае жыхарам за 50 еўраў за штуку выбоіны ў дарожным палатне. Імёны пакупнікоў будуць увекавечаныя на памятных шыльдах з тэкстам у вольнай форме, умайстраваных у дарогу побач з заштукаванымі на іхнія сродкі выбоінамі. І што вы думаеце? 257 ямін ужо прададзена», - паведамляе аўтарка.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках