19 красавiка 2024, Пятніца, 1:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Станіслаў Багданкевіч: ЗВР Беларусі ўдвая ніжэйшыя за патрэбны мінімум

6
Станіслаў Багданкевіч: ЗВР Беларусі ўдвая ніжэйшыя за патрэбны мінімум

Пакуль золатавалютныя рэзервы меншыя як $12 млрд, дэфолт застаецца рэальнай пагрозай для беларускіх уладаў.

Пра гэта «Беларускаму партызану» заявіў экс-кіраўнік Нацбанка Беларусі Станіслаў Багданкевіч, каментуючы паведамленне рэгулятара аб нечаканым росце ЗВР паводле вынікаў года.

Нагадаем, паводле звестак Нацбанка, золатавалютныя рэзервы за год выраслі на 18% і на 1 студзеня 2017 года склалі 4 млрд 927,2 млн даляраў ЗША ў эквіваленце. Прырост ЗВР у 2,5 разы перавысіў прагноз. Асноўнымі чыннікамі росту ўзроўню золатавалютных рэзерваў стала паступленне двух ратаў фінансавага крэдыту ЕФСР і чыстая купля валюты ў насельніцтва.

Аднак, са слоў Станіслава Багданкевіча, радавацца гэтаму прыросту ЗВР абсалютна не варта.

«На сённяшні дзень, з улікам аб'ёму імпарту, патрэбы выплаты замежных завінавачанасцяў і г. д., трэба не менш як $10 млрд золатавалютных рэзерваў. Гэта патрэбны мінімум, а аптымальнай была бы сума ЗВР $12 млрд. Таму цяпер мы маем рэзерваў удвая менш за неабходны мінімуму. Так што радавацца няма чаму. А галоўнае - рост ЗВР адбыўся не за кошт росту эканомікі, а за кошт збяднення насельніцтва, якое на фоне падзення заробкаў вымушанае праядаць свае валютныя ашчадкі», - мяркуе Багданкевіч.

Аднак, гэты чыннік хутка вычарпае сябе, мяркуе экспэрт.

«Яшчэ нейкі час беларусы прадоўжаць праядаць свае ашчадкі. Але гэта будзе не доўга. З рахункаў у банках было знята $800 млн у мінулым годзе, застаецца яшчэ амаль $7 млрд ашчадку. Але гэты працэс, я мяркую, амаль скончыўся. У банках захоўваюць грошы багатыя людзі. Яны не так ужо моцна пацярпелі. Актыўна выдаткоўваюць ашчаджанні тыя, у каго невялікія даходы. Гэтыя людзі ўжо практычна ўсё, што ў іх было ў банках знялі. Вядома, яшчэ нямала валюты застаецца ў насельніцтва на руках, у скарбонках, пад матрацам і г. д. Але ў кожным выпадку стагнацыя будзе прадаўжацца, узровень жыцця насельніцтва падаць і беларусы будуць усё менш выдаткоўваць ашчадку. Таму сур'ёзна павялічыць ЗВР за кошт куплі валюты ў насельніцтва ўжо не атрымаецца», - упэўнены экс-кіраўнік Нацбанка.

Павелічэнне рэзерваў за кошт замежных запазычанняў – таксама не найлепшы выхад.

«З аднаго боку, вялікай пагрозы ў тым, што ЗВР растуць, у тым ліку, за кошт замежных запазычанняў няма. Міжнародныя крэдыты даюцца на працяглы тэрмін і пад нізкі адсотак, але ёсць глабальная, сістэмная праблема – як яны будуць выкарыстоўвацца. Калі яны будуць скіраваныя на захаванне існага ўзроўню спажывання, а не на ажыўленне эканомікі, то нам не патрэбныя такія крэдыты. Яны прывядуць толькі да далейшага збяднення насельніцтва і створаць пагрозу для ўсёй эканомікі. Таму я б хацеў, каб нам давалі крэдыты толькі пад праграму структурных рэформаў. Тады ў нас атрымаецца нарасціць ЗВР з дапамогай росту экспарту і інвестыцый, а не за кошт завінавачанасцяў і збяднення насельніцтва», - мяркуе Багданкевіч.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках