28 сакавiка 2024, Чацвер, 18:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праваабаронца: Анатоль Капскі - не феадал, а рабочыя БАТЭ – не прыгонныя

8
Праваабаронца: Анатоль Капскі - не феадал, а рабочыя БАТЭ – не прыгонныя
Анатоль Капскі

На ААТ «БАТЭ» не пускаюць без флікера.

Кіраўнік ААТ «БАТЭ» - кіроўнай кампаніі холдынгу «Аўтакампаненты» Анатоль Капскі заявіў днямі аб тым, што не дапускае на завод супрацоўнікаў без флікера.

Паводле ягоных слоў, да гэтай пастановы падштурхнула страшная аварыя ў Барысаве, калі аўтамабіль МАЗ, які належыць аднаму з прадпрыемстваў холдынгу, да смерці збіў жанчыну і дзяўчынку-школьніцу на пешаходным пераходзе.

Наколькі апраўданая такая пастанова? З гэтым пытаннем ex-press.by звярнуўся да прафзвязнага лідара і праваабаронцу.

Аляксандр Бухвостаў, лідар Свабоднага прафзвязу металістаў:

- Мяркую, што гэта дапушчальна, пры ўмове, што такая норма ўзгодненая з прафзвязам і замацаваная ў Калектыўнай дамове. Тэрыторыя завода - гэта асаблівая тэрыторыя, дзе ідзе вытворчы працэс. Наймальнік мае права запатрабаваць ад работніка быць там у спецадзенні, насіць каску, начапіць флікер і гэтак далей, г. зн. выконваць неабходныя патрабаванні ТБ, калі гэтыя патрабаванні зафіксаваныя ў адпаведных дакументах. Вядома, у гэтым выпадку, флікер, як элемент абароны, павінен набывацца і выдавацца адміністрацыяй, як спецадзенне, бірушы і гэтак далей.

Алег Мацкевіч, праваабаронца, юрыст:

- Па-чалавечы клопат дырэктара зразумець можна. Але з пункту гледжання закона яго забаронныя дзеянні выклікаюць, мякка кажучы, здзіўленне. Анатоль Капскі - не феадал, а рабочыя БАТЭ – не прыгонныя, і патрабаванні, якія наймальнік можа ім выстаўляць, павінны быць законнымі і абгрунтаванымі. Наймальнік мае права патрабаваць ад работнікаў выканання ўмоў працоўнай дамовы і правілаў унутранага працоўнага распарадку. Ёсць у іх норма, якая замацоўвае абавязак работніка насіць флікер? Сумняваюся.

Паўнамоцтвы для выканання ўдзельнікамі дарожнага руху заканадаўства ў галіне ПДР маюць службовыя асобы органаў унутраных спраў, але ніяк не дырэктары заводаў. Тым больш, не факт, што работнік, які прыйшоў на завадскую прахадную без флікера, парушае ПДР.

Пунктам 17 Правілаў устаноўлена, што пешаход павінен абазначыць сябе святлоадбівальным элементам пры руху па краі праезнай часткі дарогі ў цёмны час, а пры перасячэнні праезнай часткі дарогі па-за падземным, надземным, наземным пешаходных пераходаў і скрыжавання ў цёмны час дня пешаходу рэкамендуецца пазначыць сябе святлоадбівальнымі элементам. Лагічна выказаць здагадку, што не ўсе рабочыя, ідучы на працу, ідуць па краі праезнай часткі дарогі або перасякаюць праезную частку па-за пераходам.

Раіць, пераконваць работнікаў насіць флікеры можна колькі хочаш. Але патрабаваць, а тым больш не пускаць на завод, - не. Не мае права.

Даведка. Самаўпраўства: самавольнае ажыццяўленне свайго сапраўднага або меркаванага права, учыненае з парушэннем парадку, устаноўленага заканадаўствам, цягне накладанне штрафу сумай ад двух да дзесяці базавых адзінак (арт. 23.39 Каап).

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках