19 красавiка 2024, Пятніца, 21:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Фатальны год для Лукашэнкі

111
Фатальны год для Лукашэнкі

Змена ўлады ў Беларусі — адзін са сцэнароў, які найбольш абмяркоўваецца экспэртамі.

Да канца 2016 года беларуска-расейскія стасункі дасягнулі рысы замярзання. З мноства канфліктаў, якія з'явіліся за год, фактычна не быў развязаны ніводны. Расейскае выданне gazeta.ru сабрала прагнозы развіцця стасункаў дзвюх хаўрусных краін у надыходзячым годзе.

Да канца 2016 года палітычныя стасункі Менска і Масквы дасягнулі рэкорднага пахаладання. Прычым ні ў Маскве, ні ў Менску не бачаць перспектыў і шляхоў іх паляпшэння. Абодва бакі засталіся пры сваіх крыўдах і не ідуць на кампрамісы. У снежні Расея так і не пагадзілася ні на адзін беларускі варыянт развязання «нафтагазавага крызісу», перанёсшы перамовы аб пастаўках вуглевадародаў на 2017 год. Менскае кіраўніцтва, у сваю чаргу, арыштавала трох расейскіх журналістаў на сваёй тэрыторыі, а кіраўнік краіны Лукашэнка дэманстратыўна праігнараваў саміты АДКБ і ЕАЭС, дзе Масква гуляе вядучую ролю.

Крэмль патрабуе ад свайго хаўрусніка «больш лаяльнасці за тыя ж грошы». Беларускі кіраўнік між тым дэманструе Крамлю: з'явіліся «чырвоныя лініі», якія яму не варта пераходзіць, інакш крызіс стане паўнавартасным і вострым.

«Для Лукашэнкі, мабыць, боязь сапсаваць стасункі з Расеяй ужо неактуальныя. Яны ўжо сапсаваныя», - мяркуе расейскае выданне.

Зіма блізка

«Расея чакае, што Беларусь пачне выконваць раней узятыя абавязанні ў продажы цікавых ёй прамысловых аб'ектаў. Гэта, як правіла, прыбытковыя актывы, — разважае экспэрт аналітычнага праекта Belarus Security Blog Віктар Яўмененка. — Беларуская ўлада на прыватызацыю прыбытковых актываў адназначна не пойдзе, так як расцэньвае прыватызацыю як страту ўлады, што паставіць яе ў больш уразлівую пазіцыю».

Беларусь патрабуе знізіць цэны і павялічыць паступленне энэргарэсурсаў, што неабходна для падтрымання яе «эканамічнай мадэлі». Таму ў 2017 годзе варта чакаць, што пазіцыя Менска на перамовах з Расеяй будзе толькі ўзмацняцца.

Зрэшты, на думку суразмоўцы расейскага выдання, нягледзячы на вастрыню канфліктаў у эканамічнай сферы, беларускі бок працягне завяраць расейскі бок у любові і вернасці, а таксама праяўляць жэсты добрай волі — падобныя да вынасу расейскага сцяга на Паралімпіядзе або абвяшчэнне сумеснай жалобы аб трагедыі ў Расеі.

У эканамічным плане працягнецца выкарыстанне нафтагазавых аргументаў, а спрэчныя пытанні застануцца ў падвешаным стане. Ужо вядома, што за гэты год Беларусь атрымае скарочаныя аб'ёмы нафты, 18 млн. тон замест абяцаных 24 млн. тон. Налета, імаверна, будзе тое ж самае.

Не стане лепшай сітуацыя з доступам беларускай прадукцыі на расейскі рынак. Стварэнне адзінай службы сельгаснагляду «саюзнай дзяржавы» ўжо адкладзена на нявызначаны тэрмін, так што прэтэнзіі расейскіх правяраючых органаў да беларускіх прадуктаў, напэўна, захаваюцца. Афіцыйны Менск у адказ можа пайсці на пагрозы: заявіць пра адмову ад стварэння новай вайсковай базы Расеі на тэрыторыі Беларусі, а таксама ад пераарыентацыі беларускага транзіту на парты паўночна-захаду Расеі.

Датацый і новых крэдытаў ад Масквы Менск не атрымае. Захаваецца толькі рыторыка беларускага кіраўніцтва пра «брацкія народы Расеі і Беларусі».

«Гібрыдныя» сцэнары

Змена ўлады ў Менску — адзін са сцэнароў, якія найбольш абмяркоўваецца экспэртнай супольнасцю Беларусі. Вось снежаньскія загалоўкі буйных беларускіх СМІ: «Ці ёсць у Масквы сілавы сцэнар для Беларусі?», «У Расеі прынятая пастанова аб адхіленні Лукашэнкі ад улады», «Дні Лукашэнкі палічаныя».

Асцярогі, што Беларусь можа стаць наступным полем «гібрыднай вайны», у беларускім грамадстве з'явіліся з 2014 года. Дастаткова ўзгадаць, як хутка была зменена вайсковая дактрына Беларусі, куды ўключылі паняцце «гібрыдная вайна».

Свайго апагею абмеркаванне «гібрыднага» сцэнару ў Беларусі дасягнула да канца 2016 года. На гэты раз усё пачалося са звестак аб тым, што ў 2017 годзе Міністэрства абароны Расеі плануе адправіць у Беларусь 4162 вагоны з войскамі і вайсковымі грузамі. Гэтую лічбу беларускія журналісты знайшлі ў дакументацыі конкурсных таргоў па вайсковых грузавых перавозках у прамым міжнародным чыгуначным паведамленні для патрэб Міністэрства абароны РФ. Навіна шакавала беларускую грамадскасць, бо ў 2015 і 2016 гадах такога роду перавозкі склалі ўсяго 125 і 50 вагонаў адпаведна.

З гэтага і пачалася актыўная палеміка адносна таго, ці ажыццявіць Расея ў дачыненні да Беларусі сілавы сцэнар. Пазней яе падагрэлі арышты па-прарасейску настроеных публіцыстаў, так і адстаўкі кіраўніцтва адміністрацыі Лукашэнкі і перастаноўкі ў генштабе Беларусі.

Як заявіў 28 снежня каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка, нядаўна спецслужбы паказалі Лукашэнку дакументы, якія пацвярджаюць існаванне ў Крамлі плана адхілення кіраўніка Беларусі ад улады. Вось і пачалася зачыстка ў вышэйшых эшалонах. Паводле гэтых звестак, на саміт ЕАЭС Лукашэнка не паехаў з той жа прычыны — каб не ціснуць руку Пуціну.

«Вельмі многае ў 2017 годзе будзе залежаць ад таго, як стануць развівацца падзеі ўнутры Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС), амбіцыйнага інтэграцыйнага праекта Крамля на постсавецкай прасторы.

За два гады існавання гэтага саюза ніякіх праблем у Расеі (як лідэра гэтага аб'яднання) не ўзнікала толькі з Арменіяй і Кіргізіяй. З Казахстанам спрэчкі ўзнікаюць, але пакуль не крытычныя. З Беларуссю, аднак, праблемы ўзнікаюць пастаянна, прычым часцей за ўсё — у фармаце скандалу», - рэзюмуе расейскае выданне.

Напісаць каментар 111

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках