24 красавiка 2024, Серада, 6:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леў Марголін: Улады не даюць прамысловасці падняцца з каленяў

38
Леў Марголін: Улады не даюць прамысловасці падняцца з каленяў
ЛЕЎ МАРГОЛІН

Без Лукашэнкі амаль палову беларускіх прадпрыемстваў яшчэ можна было б ажывіць.

МТЗ, «Гомсельмаш», МАЗ зладзілі сабе калядныя вакацыі да 9 студзеня. Міністэрства прамысловасці абвясціла вымушаныя вакацыі сінхранізацыяй працоўнага графіка з расейскімі прадпрыемствамі.

Між тым, высокія чыноўнікі ўжо з пачатку восені 2016 загаварылі пра тое, што беларуская прамысловасць «падымаецца з каленяў».

Што на самай справе адбываецца з айчыннай прамысловасцю?

«Ні аб якім уставанні з каленяў не можа быць і гаворкі. Прамысловасць - не сельская гаспадарка, не будаўніцтва, якія можна прастымуляваць хоць бы грашовымі ўліваннямі. Прамысловасці патрэбныя інвестыцыі, без якіх яна чахне. Гэта аб'ектыўны працэс: калі ты не ідзеш наперад, ты стаіш на месцы.

Больш за 15 гадоў урад спрабаваў стымуляваць і прамысловасць таннымі крэдытамі. Прамысловасць сапраўды павялічвала аб'ёмы вытворчасці, а ва ўмовах канца 90-х гадоў, калі расейская прамысловасць знаходзілася ў заняпадзе, у асобе Расеі наша краіна мела сур'ёзныя рынкі. Цяпер сітуацыя ў корані змянілася: у Расеі ёсць інвестары больш сур'ёзныя за нас - і Кітай, Карэя, Японія, з якімі без новых тэхналогій і прадуктаў Беларусь не можа канкураваць.

Адзіны спосаб рашэння праблемы - замежныя інвестыцыі. Замежны інвестар прыходзіць з грашыма толькі тады, калі ў яго ёсць гатовыя рынкі збыту, але патрабуецца дадатковы аб'ем прадукцыі. Тады інвестар задумваецца, дзе больш выгадна размясціць вытворчасць...

Усе размовы пра тое, што вытворчасцей прамысловай прадукцыі ці то павялічылася, то зменшылася на палову адсотка - гэта статыстычная хібнасць. Такія фрустрацыі, якая сёння ёсць, заўтра – знікла», - пракаментаваў сітуацыю ў інтэрв'ю «Еўрабеларусі» эканаміст Леў Марголін.

Ён лічыць становішча айчыннай прамысловасці катастрафічнай.

«Прамысловасць трапіла ў заганную спіраль: скарачаюцца рынкі збыту - скарачаецца вытворчасць, скарачаецца вытворчасць - памяншаецца заробак ва ўмовах адсутнасці свабоднага прытоку рабочай сілы, скарачаецца заробак - найлепшыя кадры сыходзяць, сыходзяць найлепшыя работнікі - пагаршаецца якасць прадукцыі, пагаршаецца якасць - адпаведна яшчэ больш скарачаюцца рынкі збыту. Гэты заганны цыкл практычна немагчымы без сістэмных структурных рэформаў», - адзначыў эканаміст.

На ягоную думку, прамысловаму комплексу можна паставіць адзін дыягназ - павольнае загінання, тое, што называецца дэіндустрыялізацыяй.

«Звонку цяжка ацаніць усю складанасць сітуацыі, але Беларусь можа сутыкнуцца з праблемай, калі інвестар прыйдзе, але не знойдзе ў краіне неабходнай кваліфікаванай рабочай сілы, каб ствараць новыя вытворчасці», - упэўнены экспэрт.

З ягоных слоў, праблемы МАЗа і БелАЗа абумоўлены не замежным крызісам, не крызісам у Расеі.

«Думаю, на гэтых прадпрыемствах таксама адбываецца працэс дэіндустрыялізацыі. Усе кажуць, што ў МТЗ, які ў свой час паспяхова працаваў не толькі на тэрыторыі СССР, але і ў развітых краінах, праблемы з'явіліся шмат у чым таму, што прадпрыемства не можа забяспечыць неабходную якасць прадукцыі. А для падтрымання якасці прадукцыі не стае кваліфікаваных работнікаў», - заўважыў эканаміст.

З ягоных слоў, калі б улады выканалі патрабаванні Міжнароднага валютнага фонду, Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця, - прыбраўшы падпоркі з-пад прамысловасці, аздараўленне прамысловасці пайшло б дастаткова хутка. Можа быць, адсоткаў 30-40 прадпрыемстваў змаглі б трывала стаць на ногі і працаваць далей, яшчэ адсоткаў 30, магчыма, удалося б прадаць, а астатнія 40 адсоткаў проста давялося б зачыняць. Але, на жаль, улада не ідзе на рэформы.

«30-40 адсоткаў - гэта грубая ацэнка, таму што новай улады на больш-менш буйных прадпрыемствах, дзе працуюць звыш 500 чалавек, давядзецца праводзіць аўдыт з прыцягненне міжнародных кампаній, каб даць просты адказ: ці зможа прадпрыемства жыць і працаваць, або яго лепш зачыніць. Але адсоткаў 30, мне здаецца, ажывіць яшчэ можна», - рэзюмаваў Леў Марголін.

Напісаць каментар 38

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках