19 красавiка 2024, Пятніца, 2:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алег Воўчак: Да знікнення Юрыя Захаранкі давядзецца вярнуцца новай уладзе ў Беларусі

5
Алег Воўчак: Да знікнення Юрыя Захаранкі давядзецца вярнуцца новай уладзе ў Беларусі
Алег Воўчак
Фотa: charter97.org

Крымінальная справа паводле факта знікнення экс-міністра МУС вядзецца ўжо 17 гадоў, аднак вынікаў расследавання — ніякіх.

Крымінальная справа паводле факта гвалтоўнага знікнення былога міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Захаранкі падоўжаная яшчэ на тры месяцы — да 24 сакавіка 2017 года. Папярэдняе расследаванне па справе экс-міністра МУС Юрыя Захаранкі працягваецца 18-ы год, але не відаць яму ні канца, ні краю, піша belprauda.org.

Начальнік аддзела цэнтральнага апарата Следчага камітэта Ю. В. Вараўко паведаміў, што тэрмін папярэдняга расследавання па крымінальнай справе №110352 паводле факта знікнення Захаранкі Ю. М. падоўжаны да 24 сакавіка 2017 года. Такое апавяшчэнне са Следчага камітэта атрымаў прадстаўнік сям'і Юрыя Захаранкі, кіраўнік праваабарончага цэнтра «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Воўчак.

— Час — самы галоўны вораг любога расследавання: знікаюць сляды злачынства, знікаюць довады, відавочцы захопу Юрыя Захаранкі сыходзяць у іншы свет. Ці не стварылі беларускія спецслужбы «гучны вісяк»?

— Фактар часу, безумоўна, уплывае на раскрыццё любога злачынства, але да знікнення Юрыя Захаранкі давядзецца вярнуцца новай уладзе ў Беларусі. Крымінальныя справы аб гвалтоўных выкраданнях Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Дзмітрыя Завадскага дагэтуль знаходзяцца пад кантролем ААН, ЗША, ЕЗ, Рады Еўропы, АБСЕ, міжнародных праваабарончых арганізацый. Нагадаю, што санкцыі супраць вышэйшых службовых асоб Беларусі за дачыненне да выкрадання апанентаў улады ніхто дагэтуль не скасоўваў. Таму поўная нармалізацыя стасункаў паміж Вашынгтонам, Брусэлем і Менскам магчымая толькі тады, калі беларуская ўлада давядзе сваю недатычнасць да міжвольных пакаранняў смерцю лідараў апазіцыі.

А пакуль ўлада не адкажа на галоўнае пытанне: «Дзе Юры Захаранка, Віктар Ганчар, Анатоль Красоўскі і Зміцер Завадзкі?», — сюды не толькі інвестары не прыйдуць, але нават уцекачы з Сірыі. Уваходжанне ў еўрапейскую эканамічную сістэму і вяртанне Беларусі ў Раду Еўропы магчымыя толькі праз расследаванне гэтых спраў.

— Імаверна, зацікаўленыя асобы ў праваахоўных органах даўно «падчысцілі» крымінальныя справы?

— Гэта тыповая памылка мыслення ўсіх, хто ніколі не быў звязаны са следчай працай. Няма ідэальных злачынстваў, пасля якіх немагчыма знайсці сляды злачынства, немагчыма цалкам схаваць рэчавыя доказы. Ёсць маса аператыўных работнікаў, следчых, пракурораў, якія займаліся ці займаюцца расследаваннем гэтых спраў, — яны ўсё ведаюць і захаваюць доказы. Прыйдзе час — ім давядзецца даказваць, чаму яны адмовіліся пераследаваць вінаватых за ўчыненне цяжкіх злачынстваў.

— На ваш погляд, грамадства інфармаванае аб палітычных знікненнях? Як людзі ставяцца да гэтай праблемы?

— Дзесяць гадоў таму было больш складана даносіць праўду пра зніклых грамадзянах. Сёння існуюць сацыяльныя сеткі, незалежныя інтэрнэт-выданні — тэма выйшла на новы віток. Мне здавалася, што маладых людзей не будуць цікавіць абставіны выкрадання палітыкаў, але я памыляўся, — моладзь з'яўляецца найбольш актыўнай часткай грамадства, якую цікавяць палітычныя знікненні.

Варта аддаць належнае і прафесійным журналістам, якія не паклалі пад сукно старую, зацёртую, але як ніколі актуальную тэму. Летась арабскі канал «Аль-Джазіра» таксама закрануў гэтую тэму.

Нагадаем, былы міністр унутраных спраў Юры Захаранка, які пасля адстаўкі спрабаваў аб'яднаць былых і дзейных афіцэраў сілавых структур, стаў першай ахвярай «эскадронаў смерці». Палітыка выкралі 7 траўня 1999 года побач з уласным домам...

Толькі 17 верасня 1999 года распачатая паводле прыкметаў злачынства, прадугледжанага артыкулам 101 Крымінальнага кодэкса. Сведкі выкрадання, якія былі знойдзеныя не следчымі органамі, а грамадскай камісіяй пошуку зніклага генерала, сцвярджаюць, што Захаранка быў гвалтоўна вывезены некалькімі мужчынамі.

Адведзеныя законам на расследаванне 15 гадоў мінулі 7 траўня 2014 года, таму справа аб знікненні былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі падлягае спыненню паводле тэрмінаў даўнасці.

1 жніўня 2016 года Мінскі гарадскі суд адмовіў у задавальненні скаргі 92-гадовай Ульяны Захаранкі, маці экс-кіраўніка МУС Юрыя Захаранкі, аб прызнанні сына памерлым. Цягам 13 гадоў гэтым жа займаецца і жонка зніклага палітыка Вольга Захаранка.

Крымінальная справа паводле факта знікнення Юрыя Захаранкі вядзецца ўжо 17 гадоў, аднак вынікаў расследавання — ніякіх.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках