29 сакавiка 2024, Пятніца, 7:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітолаг: Супрацьстаянне Масквы і Менска ў 2017 годзе прадоўжыцца

1
Палітолаг: Супрацьстаянне Масквы і Менска ў 2017 годзе прадоўжыцца

Палітычныя стасункі Расеі і Беларусі будуць пагаршацца, папярэджвае палітолаг Іван Прэабражэнскі.

З другой паловы 2016 года расейска-беларускія стасункі прымаюць выгляд новай эканамічнай «вайны», і развязаць супярэчнасці да Новага года так і не ўдалося. Галоўным каменем перапоны быў кошт расейскага экспартнага газу, які аспрэчваўся бакамі летась і так і не быў узгоднены. Акрамя таго, беларусы паднялі кошты транзіту расейскай нафты ў ЕЗ, а на адказ расейскі ўрад прыняў пастанову абмежаваць пастаўкі нафты беларускім партнёрам. У выніку, два ўдзельнікі «саюзнай дзяржавы», Еўразійскага саюза і ключавыя вайсковыя саюзнікі ўвайшлі ў 2017 год як праціўнікі ў эканамічнай «вайне» і замежнапалітычнай спрэчцы, піша палітолаг Іван Прэабражэнскі на сайце «Нямецкай хвалі».

Эканоміка важней за ўсё?

Трэба адразу сказаць, што адной эканомікай спрэчкі паміж Расеяй і Беларуссю не абмяжоўваюцца. Чым глыбейшы эканамічныя супярэчнасці, тым часцей узнікаюць рознагалоссі і ў палітыцы. Напрыклад, беларускія ўлады дагэтуль, нягледзячы на ціск з расейскага боку, не стварылі адзіную памежную сістэму допуску. Гэта дазваляе некаторым расейцам, якім забаронены выезд з краіны, карыстаючыся бязвізавым рэжымам Расеі і Беларусі, выязджаць праз гэтую «братнюю рэспубліку».

Так і не была створаная ля Горадні вайсковая база, якую там хацела б бачыць Расея. Хоць так наўпрост і не гаворыцца, але зразумела, што расейскія ўлады менавіта ў адказ на гэта спынілі прапускаць замежнікаў, якія ідуць з беларускага боку. Яны матывуюць гэта тым, што на мяжы Расеі ды Беларусі не існуе міжнародных пунктаў пропуску, праз якія маглі б прыязджаць замежныя грамадзяне, - нягледзячы на тое, што фармальна гаворка ідзе аб «саюзнай дзяржаве Расеі і Беларусі», а таксама аб дзвюх краінах, якія знаходзяцца ў адзіным Мытным саюзе.

Яшчэ адзін кейс у гэтай гісторыі - пастанова Аляксандра Лукашэнкі прыняць да разгляду ў якасці «працоўнага праекта» Мытны кодэкс Еўразійскага Саюза, незадоўга да гэтага ўжо падпісаны кіраўнікамі іншых дзяржаў-чальцоў гэтай арганізацыі, сустрэчу якіх беларускі дыктатар без тлумачэння прычыны праігнараваў. Смешна, але гэта не перашкаджае Лукашэнку патрабаваць з крызіснага фонду Еўразэс грошай на выплату пазыкі перад Расеяй у пастаўках газу, назапашанага за 2016 год.

Ну а самы скандальны прыклад - трое грамадзянін Беларусі, якія супрацоўнічалі з расейскімі выданнямі і якіх нядаўна арыштавалі, распачаўшы супраць іх крымінальныя справы паводле артыкула 130 беларускага Крымінальнага кодэкса «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або розні». Расейскае МЗС тады пастаралася зняць напружанне тым, што вуснамі сваёй афіцыйнай прадстаўніцы Марыі Захаравай назвала «непатрэбнымі рэчамі» выкарыстаныя ў дачыненні да Беларусі тэрміны «недадзяржава» і «неданарод».

Аднак не сакрэт, што ў расейскай палітыцы нямала дзеячаў, якія цалкам падзяляюць ацэнкі арыштаваных журналістаў. Дастаткова згадаць скандальны выступ дырэктара Расейскага інстытута стратэгічных даследаванняў Леаніда Рашэтнікава, што пакідае ў студзені 2017 года сваю пасаду, у якім тэзіс «недадзяржавы» быў практычна даслоўна паўтораны. І гэта пры тым, што РІСД - структурнае падраздзяленне крамлёўскай адміністрацыі.

Так што эканоміка, вядома, у двухбаковых стасунках па-ранейшаму застаецца на першым месцы. Але, як паказваюць прыклады, прыведзеныя вышэй, усё часцей прадметам спрэчкі становяцца вайскова-палітычныя ці, як модна казаць у апошнія гады ў Расеі, геапалітычныя праблемы.

Геапалітычная анамалія?

Для Расеі Беларусь з'яўляецца ў сучасных варунках відавочнай геапалітычнай анамаліяй, з якой Крэмль супрацоўнічае хутчэй па інэрцыі, прадаўжаючы стасункі і падаўжаючы праекты, створаныя пасля распаду СССР, у асноўным, дарэчы, - як «саюзная дзяржава» - якія з'явіліся на беларускую ініцыятыву. З аднаго боку, гэта ледзь ці не адзіны расейскі адданы вайсковы хаўруснік, у дадатак ён выступае «фарпостам» на Захадзе. З іншага, - незалежная дзяржава народа, у існаванне якога некаторая частка расейскага палітычнага кіраўніцтва проста не верыць.

Можна выказаць здагадку, што ў іх разуменні Аляксандр Лукашэнка (і ягоныя папярэднікі) - проста ўдачлівыя авантурысты, якія на хвалі распаду СССР стварылі фармальна незалежныя дзяржавы, што паразітуюць цяпер на супрацьстаянні Расеі з Захадам. Пры гэтым Беларусь надалей не прызнае ніводнай з «заваёў» пуцінскай Расеі: ні незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, ні анэксію Крыма, ні тым больш марыянетачныя «ЛНР» і «ДНР» на ўсходзе Украіны.

Гэтыя супярэчнасці, з улікам імкнення Лукашэнкі захаваць хаця б абмежаваную незалежнасць ад Масквы, нікуды не знікнуць. Аднак на прыкладзе Украіны відаць, што Расея ўсё з большай цяжкасцю трывае самастойнасць тых, каго Крэмль уважае за сваіх сатэлітаў. І гэта дазваляе прагназаваць, што супрацьстаянне Масквы і Менска ў 2017 годзе прадоўжыцца насуперак шматлікім заспакаяльным каментарам, у адпаведнасці з якімі Беларусь і Расея памірацца, як толькі дамовяцца аб нафце і газе.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках