24 красавiка 2024, Серада, 2:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Удзельнік акцыі ў Свіслачы: Мы не адмовімся ад сваёй гісторыі і герояў

4
Удзельнік акцыі ў Свіслачы: Мы не адмовімся ад сваёй гісторыі і герояў

Улады аштрафавалі ўжо 18 чалавек за ўвекавечанне памяці паўстанцаў Каліноўскага.

Апошнімі аштрафаванымі за ўдзел у акцыі на Дзяды ў Свіслачы сталі старшыня руху «За свабоду» Юрый Губарэвіч (пакараны штрафам на 525 рублёў ці 25 базавых адзінак), каардынатар руху ў Берасцейскай вобласці Юрый Казакевіч (аштрафаваны на 210 рублёў або 10 базавых адзінак) і актывіст руху Вадзім Бабін (аштрафаваны на 63 рублі, або 3 базавыя адзінкі), паведамляе «Радыё Свабода».

Юрась Губарэвіч атрымаў пастанову Свіслацкага раённага суда ў канцы мінулага тыдня. Кажа, позвы яму не даслалі, праўда, тэлефанавалі са Свіслацкага суда, але паколькі сувязь была вельмі дрэннай, то сутнасці званка ён не зразумеў і папрасіў даслаць позву.

- Міліцыянты развозілі позвы ў Менску, але мяне ў гэты час у горадзе не было, і таму позвы я фармальна не атрымаў і з такой пастановай суда не згодны. Яшчэ адзін значны момант: пастанова суда падпісаная 30 снежня, тэрмін разгляду адміністрацыйнай справы скончыўся 29 снежня. У гэтым я бачу працэсуальнае парушэнне.

Губарэвіч уважае суды за ўвекавечанне паўстанцаў Каліноўскага на Дзяды дэманстратыўным цынічным пераследам людзей, якія шануюць нацыянальную гісторыю.

- Відавочна, што пастанова аб тым, каб судзіць людзей, якія прыехалі ў Свіслач ушанаваць памяць нацыянальных герояў, прымалася не адразу. Міліцыянты, якія прысутнічалі падчас акцыі, былі дасланыя толькі дзеля фіксацыі ўдзельнікаў; яны толькі здымалі ўсіх на камеру, ніхто нікога не папярэджваў аб тым, што хтосьці парушае заканадаўства; усе былі апранутыя ў цывільнае. Улады першапачаткова не вызначыліся, што рабіць, але потым яны прынялі пастанову - папаўняць бюджэт. Ім гэта, вядома, цяпер больш важна, чым міжнародны імідж, правы чалавека і г. д.

Каардынатар руху «За свабоду» ў Берасцейскай вобласці Юрый Казакевіч распавёў журналістам, што ў Свіслацкі суд яго запрасілі СМС, потым тэлефанавала дзяўчына з канцылярыі гэтага суда і пацікавілася, ці атрымаў ён паведамленне. У Свіслач Казакевіч не паехаў, а пазней праз пошту атрымаў пастанову суда.

- Больш за ўсё мяне здзівіла тое, што ў пастанове суда было запісана, што я часткова прызнаў сваю віну. Гэта мяне вельмі абурыла, бо за два месяцы ніводзін прадстаўнік праваахоўных органаў не задаў мне нават аб гэтым ніводнага пытання, я ні з кім не размаўляў: пратакол склалі без мяне, судзілі мяне ў маю адсутнасць...Да таго ж СМС - гэта неадэкватна, і званок нейкай дзяўчыны - гэта можа зрабіць кожная школьніца. Суд не можа дзейнічаць так. Адкуль яны ўзялі, што я часткова прызнаў сваю віну? І, нарэшце, далі штраф 10 базавых адзінак...

Са словаў Казакевіча, суды над удзельнікамі ўшанавання памяці паўстанцаў Каліноўскага ў Свіслачы выклікаюць у яго найбольшае абурэнне.

- Калі судзяць за тое, што людзі прыходзяць у памінальныя дні на могілкі, кладуць там кветкі, запальваюць свечкі, потым ідуць да помніка Кастуся Каліноўскага, які пастаўлены самімі ж уладамі, і там таксама запальваюць свечкі, прамаўляюць словы ў памяць аб сваіх продках; потым едуць, да сядзібы Каліноўскіх і там фатаграфуюцца - за што тут судзіць людзей? Улады ясна паказваюць нашаму грамадству, што яны душаць усякія праявы цікавасці беларусаў да сваёй гісторыі. І робяць яны гэта на карысць так званага «расейскага свету», які таксама хоча, каб мы тут не ведалі ні сваёй гісторыі, ні сваіх герояў, ні сваёй мовы. Мы з гэтым ніколі не пагодзімся.

Актывіст руху Вадзім Бабін з Менска распавёў, што ў суд быў выкліканы 29 снежня а 9 гадзіне раніцы і яму паведамілі, што ягоную справу будуць разглядаць таксама 29-га снежня. Бабін паспрабаваў дабрацца да Свіслачы, але не змог нават купіць квіток на аўтобус. Патэлефанаваў у Свіслач і папярэдзіў, што не зможа дабрацца, прапанаваў разгледзець справу без ягонага ўдзелу.

- Ды і так было зразумела, што асудзяць незалежна ад таго, прыеду я ці не. Вядома, грошай у казне няма, дык такім чынам шукаюць. Сумна, што так адбываецца. Улады імкнуцца ўскладніць жыццё людзям, але не заўважаюць, што гэтым самым прычыняюць шкоду і сабе.

30 снежня ў Свіслачы былі прызначаныя працэсы над Алесем Макаевым і Аляксеем Янукевічам, але яны таксама на гэтых судах не прысутнічалі і пастаноў пакуль не атрымалі.

Паводле маніторынгу гарадзенскіх праваабаронцаў, за ўвекавечанне памяці паўстанцаў Каліноўскага ў Свіслачы раней былі асуджаныя пятнаццаць актывістаў з розных гарадоў Беларусі. Цяпер да іх дадаліся сябры руху «За свабоду» Юрый Губарэвіч, Юрый Казакевіч і Вадзім Бабін.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках