24 красавiка 2024, Серада, 18:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жанчыны «Хартыі»

9
Жанчыны «Хартыі»
НАТАЛЛЯ РАДЗІНА
ФОТА: АНДРЭЙ ДУБЧАК

40 гадоў таму быў створаны чэхаславацкі рух «Хартыя-77», але і сёння ягоныя ідэі натхняюць змагароў за свабоду ва ўсім свеце — у тым ліку, у Беларусі.

Дзеля свабоды цэлай краіны гэтыя жанчыны адмовіліся ад уласнай волі, падпісаўшы незаконны з пункту гледжання ўладаў зварот, які патрабуе захавання грамадзянскіх правоў і свабодаў у камуністычнай Чэхаславаччыне. Яны былі пісменнікамі, маці, дыктарамі, журналістамі ды акторамі. Прайшло сорак гадоў, а яны служаць крыніцай натхнення для маладых жанчын у краінах, якія дагэтуль змагаюцца за гэтыя правы.

7 студзеня 1977 года, у значных заходніх выданнях, такіх як The New York Times і Le Monde, быў апублікаваны кароткі і сціплы тэкст. Напісаны некалькімі днямі раней у Празе (Чэхаславаччыне), у той жа дзень ён быў зачытаны і абмеркаваны на хвалях радыё «Свабодная Еўропа»/«Радыё Свабода» і «Голас Амерыкі». Абедзве радыёстанцыі былі афіцыйна забароненыя ў камуністычнай Чэхаславакіі таго часу – гэтак жа, як і сам тэкст, які распаўсюджваўся выключна як «самвыдат» ці ў іншай падпольнай форме. Аўтары і 242 першапачатковых падпісанты гэты тэкст назвалі «Хартыя-77». Ён утрымліваў такія відавочныя патрабаванні як: павага грамадзянскіх правоў органамі дзяржаўнай улады ў адпаведнасці з дзейнай канстытуцыяй і міжнароднымі пагадненнямі, уключаючы Хельсінскі Акт 1975 года, а таксама пункт, што грамадзяне не будуць пераследвацца за выказванне ўласнага меркавання. Рэакцыя ўрада была хуткай і жорсткай. Людзі, якія падпісалі «Хартыю», былі названыя здраднікамі і імперыялістычнымі агентамі; многія з іх былі арыштаваныя, звольненыя з працы, альбо выключаныя з універсітэтаў, за імі вялося сачэнне, на іх адрас паступалі пагрозы.

Цягам наступных 12 гадоў дысідэнты дапоўнілі «Хартыю-77» яшчэ тысячамі старонак, якія апісваюць грамадства, у якім яны хацелі б жыць, а таксама сабралі дадатковыя подпісы, зазнаючы пераследы і ахвяруючы сваім дабрабытам і, часта, свабодай.

Нарэшце, у 1989 годзе Аксамітная рэвалюцыя прывяла да зрынання камуністычнага рэжыму ў Чэхаславаччыне. Адным з самых яскравых удзельнікаў руху «Хартыі-77» быў драматург Вацлаў Гавэл, які стаў апошнім прэзідэнтам Чэхаславаччыне і першым кіраўніком Чэшскай рэспублікі.

Нягледзячы на тое, што большасць лідараў і людзей, хто падпісаў дакумент, былі мужчынамі, жанчыны зрабілі ўнёсак на ўсіх узроўнях руху. У пэўным сэнсе культура «Хартыі-77» ілюстравала стаўленне і перакананні мужчын і жанчын Чэхаславаччыне таго часу; іншымі словамі, яна была вельмі прагрэсіўная і эгалітарная.

Праект амерыканскай службы радыё «Свабода» распавядае пра трох жанчын, якія падпісалі «Хартыю 77» - Ірыну Сіклаву, Бары Сцяпанаву, Пятрушку Шустраву, а таксама пра дзвюх жанчын, на якіх гэты дакумент зрабіў вялікі ўплыў і падштурхнуў паўплываць на перамены ў іх уласных краінах — галоўную рэдактарку беларускага сайта charter97.org Наталлю Радзіну і азэрбайджанскую пісьменніцу і блогерку Арзу Гейбулаеву.

Пра беларускую журналістку Наталлю Радзіну вядоўца праекта Эмілі Томпсан піша:

«Маральны прыклад»

Цягам двух складаных месяцаў, праведзеных у турме беларускага КДБ пасля выхаду рэпартажу аб пратэстах, якія ўспыхнулі ў Беларусі пасля спрэчных прэзідэнцкіх выбараў 2010 года, журналістка Наталля Радзіна мела пры сабе складзены схаваны лісток паперы. Цыдулка, што выслізнула ад людзей у масках, якія абшуквалі яе офіс і адправілі ў турму, утрымлівала напісаны ад рукі пераклад ліста падтрымкі, які Вацлаў Гавэл, былы чэшскі прэзідэнт і лідар руху «Хартыя-77», адрасаваў дэманстрантам у Менску.

Радзіна была і застаецца галоўнай рэдактаркай сайта «Хартыя-97» – незалежнага беларускага навінавага сайта, які вырас з дэкларацыі за дэмакратыю, што носіць аднайменную назву, натхнёнай «Хартыяй-77» у Чэхаславаччыне. Беларуская дэкларацыя, якая змяшчае заклікі да «прыхільнасці прынцыпам незалежнасці, свабоды і дэмакратыі, выканання правоў чалавека, салідарнасці з усімі выступоўцамі за зрынанне дыктатарскіх рэжымаў і аднаўлення дэмакратыі ў Беларусі», была напісаная ў 1997 годзе пасля таго, як беларускі кіраўнік Аляксандр Лукашэнка, астатні дыктатар Еўропы, кансалідаваў уладу і распусціў парламент – іншымі словамі, учыніў дзяржаўны пераварот.

За дэкларацыяй, да якой Радзіна далучылася неўзабаве пасля яе публікацыі, быў разгром незалежных медыяў, і з таго часу не было аніводных выбараў у Беларусі, якія б уважаліся міжнароднымі назіральнікамі за свабодныя і сумленныя.

«Чэшская Хартыя-77» паслужыла для нас маральным прыкладам»,- кажа Радзіна. «Сітуацыя ў Беларусі была вельмі падобная да сітуацыю ў Чэхаславаччыне таго часу. Беларусь зноў вярнулася да дыктатуры, і нам быў патрэбны прыклад «Хартыі-77» для супрацьстаяння ўладам».

Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2010 года «Хартыя-97» была сярод нешматлікіх незалежных сродкаў масавай інфармацыі, якія ўсё яшчэ функцыянавалі ў краіне. Сталы ціск гадамі на медыі толькі ўзмацняўся. Адным з найбольш трывожных інцыдэнтаў стаў выпадак, калі заснавальнік сайта «Хартыі-97» Алег Бябенін быў знойдзены мёртвым пасля нечаканага суіцыду, хоць ягоныя сябры, у тым ліку Радзіна, адпрэчваюць гэтую версію і перакананыя ў тым, што ён быў забіты праз сваю прафесійную дзейнасць. Яшчэ адзін падпісант «Хартыя-97» Павел Шарамет загінуў у Кіеве ў ліпені 2016 года ў выніку выбуху ўласнага аўтамабіля, што украінская пракуратура прызнала забойствам.

«Для мяне гэта пачалося ў сакавіку 2010 года, калі ў нашым офісе «Хартыі-97» прайшлі ператрусы»,- сказала Радзіна. «Яны збілі мяне і сур'ёзна пашкодзілі вока. Без паказу якога-небудзь ордэра, канфіскавалі ўсё нашае абсталяванне і кампутары, а я зазнала допыты, якія доўжыліся гадзінамі».

Калі Лукашэнка быў абвешчаны пераможцам выбараў 19 снежня, вулічныя пратэсты былі жорстка разагнаныя, а сотні людзей, у тым ліку апазіцыйных палітыкаў, актывістаў і журналістаў, такіх як Радзіна, былі арыштаваныя і заключаны пад варту ў ізалятарах КДБ, якія, са слоў Радзінай, не змяніліся з савецкіх часоў. За журналісцкі рэпартаж аб дэманстрацыях яна была абвінавачаная ў падбухторванні да беспарадкаў, і ёй пагражала да 15 гадоў пазбаўлення волі ў выпадку давядзення яе віны.

«Вядома, я была шакаваная выстаўленымі абвінавачваннямі, бо ведала, што проста выконвала сваю працу і не парушыла ніводзін закон», - кажа Радзіна. «Але, апынуўшыся ў турме, я хутка зразумела, што ў самавольства ўладаў няма ніякіх межаў. Яны знішчаюць сваіх апанентаў самым жорсткім чынам».

У турме КДБ, дзе яна утрымлівалася пад вартай, зняволеныя спалі на цвёрдых драўляных дошках, і ім дазвалялася выкарыстоўваць прыбіральню толькі некалькі раз на дзень – правіла, якое прывяло Радзіну да адмовы ад вады, у выніку чаго яна пацярпела ад абязводжвання і захварэла.

«Ахоўнікамі ў турме былі толькі мужчыны, і яны забаўляліся тым, што маглі ўвесь час назіраць за намі, што, вядома ж, было зневажальна»,- сказала Радзіна.

Пасля двух месяцаў Радзіна была выпушчаная пад хатні арышт, пры ўмове, што пакіне сталіцу ў чаканні суда. Яна бачыла, што гэта можа стаць ейным адзіным шанцам і здзейсніла дзёрзкія ўцёкі – спачатку ў Расею, а затым, з дапамогай ААН у справах уцекачоў (UNHCR), у Нідэрланды, Літву, і ў канчатковым выніку ў Польшчу.

У 2011 годзе Радзіна стала лаўрэаткай міжнароднай прэміі за свабоду слова, якая прысуджаецца Камітэтам абароны журналістаў. Са свайго досведу яна не шкадуе аб моцнай пазіцыі, якую заняла ў працы.

«Найперш я - журналістка», - кажа яна. «Але калі ўзброеныя людзі ўрываюцца ў мой офіс, збіваюць мяне, і абвінавачваюць у жахлівых злачынствах, яны ператвараюць мяне ў актывістку»..

Радзіна далей працуе ў якасці рэдактаркі сайта charter97.org, які знаходзіцца ў выгнанні ў Польшчы.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках