18 красавiка 2024, Чацвер, 16:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Грошы ў нас «дзяды» выбівалі»

37
«Грошы ў нас «дзяды» выбівалі»

Беларусы розных пакаленняў, якія адслужылі ў войску, распавялі, што для іх было самым складаным у той перыяд.

У савецкі час нават не ўзнікала пытання аб тым, служыць ці не — у войску былі практычна ўсе, вайсковая служба была ў пашане. А што сёння адбываецца за парканам вайсковай часткі? Пра гэта ведаюць толькі тыя, хто там пабываў.

Журналісты ex-Press.by распыталі беларусаў розных пакаленняў, якія адслужылі ў войску, што для іх было самым складаным у той перыяд была дзедаўшчына, і што б яны параілі тым, каму яшчэ трэба будзе прайсці вайсковую школу.

Аляксандр, 50 гадоў (Жодзіна):

— Навучанне маё было ў Менску, служыў у Гародні. Думаю, вельмі добрую школу прайшоў бы, калі б аднойчы не загадалі 8 кубоў бетону, з абеду і да адбою, па трапах занесці на другі паверх. Мы добра паабедалі перад гэтым, і ў мяне адбыўся заварот кішак — тры тыдні ў шпіталі праляжаў. З тых часоў перанёс чатыры аперацыі. Так што, думаю, здароўе страціў я ў войску.

А што цяпер за войска? Мама вэнджаную курыцу вязе, мабільны тэлефон, «ВКонтакте» з казармы сядзяць. Цяпер ездзяць у гарадскім аўтобусе жаўнеры – што гэта? У наш час такога не было. Што параіць тым, хто баіцца дзедаўшчыны? Рыхтуйцеся быць моцнымі, ці не хадзіце ў войска.

Сяргей, 30 гадоў (Барысаўскі раён):

— Я служыў 7 гадоў таму, у палку сувязі ў Барысаве. Грошы ў нас «дзяды» выбівалі, ладзілі ўсякую лухту, тыпу «прысвячэнняў». Напрыклад, у дзень нараджэння жаўнеру ў шапку складалі масла з абеду, і ён так хадзіў. Быццам, гэта смешна. Першы час даводзілася аддаваць усе грошы, якія плацілі штомесяц. Калі час прыйшоў, сам я грошай не браў, хоць і прапаноўвалі. Ды і мяне перавялі служыць да рэзервістаў, дзе па вызначэнні не можа быць дзедаўшчыны — усе дарослыя людзі.

Ёсць меркаванне, што дзедаўшчына дапамагае трымаць парадак у войску, бо без яе быў бы гамон. Думаю, усе праблемы таму, што ў войска прыходзяць і людзі з тонкай душэўнай арганізацыяй, і неадэкватныя. Калі чалавек ідзе служыць, ён павінен выразна ўсведамляць – ці варта канкрэтна яму гэта рабіць. Не мёд там. А наогул, войска павінна быць прафесійным — такое маё меркаванне.

Васіль, 58 гадоў (Барысаў):

— Я служыў у Лядзішчах. У мой час войска — гэта было ганарова, бо ты набываў усё! Перад дэмбелем былі адкрытыя ўсе дарогі! І ў пажарныя яго бяруць, і ў міліцыю, і курорты ад прафзвязу, і бясплатны праезд на аўтобусе. Дзеўкі так і плачуць па дэмабілізаваных. Я вось у інстытут льготна паступіў, і да мяне была пашана і павага. Так, у войску была дзедаўшчына, але не такая гідкая, як цяпер. Прыгледзьцеся да ППС і міліцыі, і ўбачыце, якое войска – бо яны ўсе амаль надоечы дэмбілізаваныя. Расхрыстаныя, форма абы-як сядзіць. Мне нядаўна распавядаў пляменнік, які служыў — іх дзедаўшчына ў тым, каб цяжкую працу рабілі іншыя, грошы адбіраць і здзекавацца.

Свайму Сыну я войска не жадаў — няма ў мяне ілюзій аб патрыятызме і геройстве, якія патрэбныя мужчыну. Па галаве і ў цывільным жыцці можна атрымаць у кожны момант, а ўжо ў войску за дзіця страшна.

Дзмітрый, 33 гады (Жодзіна):

— Я служыў 13 гадоў таму. У войску начыста пазбавіўся ад гідлівасці. Есці, піць навучыўся ва ўсялякіх умовах, хоць з падлогі. Да войска не мог уявіць, каб піць з чужога кубка. Дзедаўшчына ў нас была ў тым, што «духі» працавалі больш, чым дзяды і дэмабілізаваныя. Праўда, камандзіры былі пісьменныя. Я цяпер разумею, яны энэргію нашу перанакіроўвалі. Калі збіраўся ў войска, наслухаўся пра дзедаўшчыну, гатовы быў і біцца, і атрымліваць, але абышлося. У войска рэдка ідуць інтэлектуалы — калі ідуць, то ў спецыяльныя часткі. А ў нашай, чыгуначнай, былі ў асноўным вясковыя хлопцы, для іх Жодзіна — шчасце, хоць і на ўскраіне мы дыслакаваліся.

Параіў бы ўсім, хто ў войска ідзе — фізічна рыхтавацца і гартавацца. Паглядзець фільмы «ДМБ» — там усё пра войска, хоць і выдумкі поўна.

Аляксандр, 44 гады (Жодзіна):

— Раней я быў за войска абедзвюма рукамі. Але цяпер крыху змяніў сваё стаўленне да яго. У тое войска, якое цяпер — не. Нядаўна сын прыйшоў з войска. У вучэбцы ён быў у Печах, гэта ж смех! У іх няма туалетнай паперы, тканіну бацькі вязуць. За ўсю службу яны стрэльнулі тры разы! Такое войска, як цяпер, нас не абароніць. Калі на нас нападзе Расея, нам — гамон. Калі NАТА — тым больш. Так, чыста вонкава ў дэмбеля усё добра, усё файна. А «духі» — на іх балюча глядзець, шкада. Ужо толькі праз гэта вораг на іх не стане нападаць.

Я служыў у 94-96 гадах у Слуцку. Быў 72 кілаграмы, прыйшоў з войска 84. Атрымаў дзве рабочыя спецыяльнасці.

Была ў нас дзедаўшчына. Тады, я мяркую, гэта гульня такая была — «перавод у гусака, фазана, апалоніка, дзеда, дэмбеля»... Самае смешнае было — перавод з дзеда ў дэмбеля. «Дзед» клаўся на ложак, яго накрывалі пяццю падушкамі, адзін жартам біў ніткай па ср-цы, іншы «дух», седзячы пад ложкам, казаў «не біце дзядулю», усе рагаталі. Ёсць традыцыі: збіраюць грошы — дай! Потым будзеш збіраць ты. Мы былі «дзядамі» — нікога не прыніжалі, не прымушалі мыць анучы...

Але калі па-сапраўднаму б'юць — здачы давай. Дай два разы, дай тры. Нарэшце, атрымай сінякі, хай камандзір убачыць і разбярэцца, але нікога не выдавай. Будзь стойкім. А наогул, я за прафесійнае войска. Толькі такое войска — гэта надзейна, а тое, што цяпер — не. Калі ёсць магчымасць не хадзіць – не трэба.

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках