28 сакавiка 2024, Чацвер, 13:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

БНР і мытны саюз з Украінай

БНР і мытны саюз з Украінай

Як выглядала першае вялікае пагадненьне між БНР і УНР.

Карэспандэнтка Свабоды знайшла ў кіеўскіх архівах матэрыялы пра эканамічнае супрацоўніцтва амаль 100 гадоў таму паміж новаабвешчанымі БНР і УНР.

Беларуская Народная Рэспубліка, нягледзячы на няўдалыя спробы дамагчыся ад Украінскай Народнай Рэспублікі афіцыйнага прызнаньня незалежнасьці, спрабавала наладзіць з Кіевам эканамічнае супрацоўніцтва.

Праўда, для сталых дачыненьняў трэба было пераадолець супраціў нямецкага камандаваньня, пад пільным вокам якога ажыцьцяўляліся ўсе экспартна-імпартныя апэрацыі між БНР ды УНР. Увоз і вываз кожнай партыі тавараў, асабліва стратэгічных, да якіх адносіліся, напрыклад, беларускі лес і ўкраінскае збожжа, адбываліся толькі на падставе ягонага дазволу.

Чым гандлявалі сто гадоў таму

Таварная намэнклятура таго часу часткова нагадвае сучасную, але, вядома, з улікам тэхналягічнага прагрэсу. Тады Ўкраіна набывала ў Беларусі дровы, драўляныя будаўнічыя матэрыялы, паліва, запалкі, шкляныя вырабы, грыбы, сухафрукты і нават сена. А Беларусь ва Ўкраіне — мэталюргічна-прамысловую прадукцыю (цьвікі, жалеза, плугі, сеялкі, саломарэзкі, рыдлёўкі, косы, сякеры), хімічную (мыла і соду) і сельскагаспадарчую (цукар, скуру, махорку, гародніну і збожжа).

Але пры гэтым бакі абменьвалі стратэгічны тавар на раўнацэнны для партнэра; напрыклад, за пастаўкі ўкраінскага цукру і збожжа Беларусь мела паставіць лесаматэрыялы. І калі складаліся адпаведныя заяўкі, Беларусь і Ўкраіна мусілі хадайнічаць перад нямецкімі ўладамі пра дазвол абмену гэтымі таварамі.

Першая ўгода, першы аванс і першыя непаразуменьні

Калі арыентавацца на архіўныя матэрыялы, то пачатак абмену таварамі між Беларусьсю і Ўкраінаю прыпадае на красавік 1918 году. Тады старшыня Беларускай дэлегацыі па замежных перамовах Аляксандар Цьвікевіч папрасіў украінскае Міністэрства харчовых спраў выплаціць аванс у памеры 300 тысяч рублёў за пастаўку 15 тысяч кубамэтраў бярозавых дроў. Аванс ён атрымаў асабіста па чэкавай кніжцы. Але потым рахунковая палата ўкраінскага міністэрства доўга шукала пацьвярджэньне, што дровы былі пастаўленыя. Некаторыя прадстаўнікі рахунковай палаты сьцьвярджалі, што зьдзелкі не адбылося, а грошы беларускі бок выкарыстаў на стварэньне ў Кіеве Беларускай гандлёвай палаты. Менавіта празь яе і мелі ажыцьцяўляцца ўсе двухбаковыя экспартна-імпартныя апэрацыі.

Адразу пасьля абвяшчэньня незалежнасьці БНР і УНР строілі вялікія пляны на супрацоўніцтва. Вось як іх апісвае часовы консул Украінскай дзяржавы ў Менску Анатоль Квасьніцкі:

«Перад выездам у Кіеў я наведаў прадстаўнікоў Беларусі (прафэсара Доўнар-Запольскага, прысяжнага паверанага Цьвікевіча і іншых) і гаварыў зь імі аб заснаваньні цесных гандлёвых сувязяў Украіны зь Беларусьсю. ... Учора я гаварыў з прадстаўнікамі біржы, а таксама саюзам землеўладальнікаў. Тыя і другія вельмі ўзрадаваліся магчымасьці эканамічных і гандлёвых дачыненьняў Беларусі з Украінай, абяцаюць прыйсьці па дапамогу і хочуць празь мяне падняць пытаньне перад Украінскім урадам пра дазвол адкрыць тут аддзел дзяржаўнага банку, надаючы яму вялікае значэньне, забясьпечыўшы за кароткі час да 10 мільёнаў укладаў. Вельмі пажадана было б адкрыць найхутчэй, каб прадухіліць магчымасьць адкрыцьця тут, як у цэнтры Беларусі, прыватнага гарадзкога банку. Маючы на ўвазе надзею і веру ва Ўкраіну як моцную дзяржаву, наплыў капіталу ў аддзел дзяржаўнага банку чакаецца велізарны, аб гэтым кажуць прадстаўнікі біржы і мясцовага капіталу. Выкарыстаць гэты момант для фінансава-гандлёвай мэты неабходна. Калі ўсе казённыя лясы тут па праве акупацыі будуць выкарыстаныя немцамі, то лясы прыватных уладальнікаў, а іх у гэтай акрузе процьма, пры ўмелай пастаноўцы справы могуць стаць прадметам вывазу на Ўкраіну пры натуральным сплаве па Бярэзіне, Сожы, Прыпяці і Дняпры».

Але рэалізаваць гэтыя пляны не ўдалося празь пэрманэнтныя ваенныя дзеяньні, польскую ды нямецкую акупацыі, у цэлым эканамічнага хаосу, выкліканага Першай усясьветнай вайной, і не ў апошнюю чаргу з прычыны адсутнасьці ў беларускіх і ўкраінскіх элітаў таго часу палітычнай гнуткасьці і ўменьня прагназаваць разьвіцьцё палітычнай сытуацыі.

Увосень 1918 году на загад ўкраінскага Міністэрства замежных спраў усе гандлёвыя апэрацыі зь Беларусьсю спыняюцца. Беларускую гандлёвую палату падазраюць у датычнасьці да спэкуляцый таварам:

«Кіеўская Беларуская гандлёвая палата складаецца з асобаў, невядомых у Беларускім нацыянальна-грамадзкім руху і не дае ўпэўненасьці, што яе дзейнасьць з боку палітычнага можа адпавядаць інтарэсам Украіны. Наадварот, Міністэрства замежных спраў мае зьвесткі аб шкодных наступствах дзейнасьці Кіеўскай гандлёвай палаты. Таму міністэрства замежных спраў лічыць, што да рэарганізацыі Кіеўскай Беларускай гандлёвай палаты і яе сучаснага складу завязваць гандлёвыя зносіны зь ёй, з боку палітычнага, не пажадана і не карысна».

Новы мэханізм для ўзаемнага гандлю, які існуе па сёньня

У лістападзе 1918 году Народны сакратарыят Беларускай Народнай Рэспублікі інфармуе ўкраінскі бок пра стварэньне пад старшынствам Аляксандра Цьвікевіча асаблівай гандлёва-эканамічнай камісіі для аднаўленьня абмену таварамі. Разам з украінскімі калегамі яны мусяць падрыхтаваць праект вялікага пагадненьня пра эканамічнае супрацоўніцтва.

Праект такога пагадненьня быў падрыхтаваны і плянаваўся да падпісаньня ў сьнежні 1918 году.

Мытны саюз мусіў стаць наступным крокам

Пагадненьне складалася з шасьці разьдзелаў. У дакумэнце прапісваліся агульныя правы грамадзян на тэрыторыях абедзьвюх краінаў (у тым ліку і права на набыцьцё ўласнасьці, стварэньне прадпрыемства, атрыманьне патэнтаў). Прадугледжвалася, што дыпляматычныя дачыненьні будуць ажыцьцяўляцца праз прызначэньне генэральных консулаў, консульскіх ды гандлёвых агентаў.

Галоўным прынцыпам гандлёва-эканамічных дачыненьняў вызначалася абавязаньне кожнага з бакоў не ствараць перашкод для ўзаемных гандлёвых апэрацый. У той жа час абумоўлівалася, што ў дачыненьні тавараў дзяржаўнай манаполіі могуць вызначацца асаблівыя ўмовы гандлю. Бакі на ўзаемнай аснове адмаўляліся ад мытных пошлінаў, але ў той жа час маглі ўводзіць зборы за рэгістрацыю тавараў на ўвоз і вываз. Рэалізацыя манапольных тавараў магла ажыцьцяўляцца на падставе адмысловых дазволаў дзяржаўных органаў.

У гандлі дазвалялася браць удзел гандлярам і прамыслоўцам, якія мелі дакумэнтальнае права на вытворчасьць тых ці іншых тавараў. Адначасова бакі абавязваліся папярэджваць адзін аднаго пра ўсе зьмены ў гандлёвым заканадаўстве. Асобна рэглямэнтавалася супрацоўніцтва ў сфэры суднаходзтва і зьдзяйсьненьня транзыту.

Плянавалася, што для рэалізацыі гэтага пагадненьня будуць распрацаваныя і падпісаныя адмысловыя канвэнцыі — для парадкаваньня фінансавых апэрацый, шляхоў зносін, паштовых, тэлеграфных і тэлефонных злучэньняў, пра мытны саюз з дэталёваю распрацоўкаю мытных зносін і парадкам рэгістрацыі тавараў.

Але 10 сьнежня 1918 году Чырвоная Армія заняла Менск, Менская рада абвясьціла аб аднаўленьні Савецкае ўлады, а да сярэдзіны лютага 1919 году амаль на ўсёй тэрыторыі Беларусі зноў усталявалася ўлада бальшавікоў. І гэтае пагадненьне засталося толькі на паперы, якая зьберагаецца ва ўкраінскіх архівах бяз подпісаў прадстаўнікоў БНР ды УНР.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках