19 красавiка 2024, Пятніца, 10:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што вядома пра гібель у Печах жаўнера тэрміновай службы

176
Што вядома пра гібель у Печах жаўнера тэрміновай службы
САША КОРЖЫЧ

Тры версіі таго, што адбылося ў 72-й навучальнай вайсковай часці ў Печах.

Пра тое, што адбылося ў 72-й вучэбнай вайсковай часці ў Печах, за 400 км ад Пінска, гаворыць увесь горад. 3 кастрычніка 21-гадовага пінчука Аляксандра Коржыча, салдата тэрміновай службы, знайшлі ў пятлі. Колькі салдат правісеў мёртвы ў падвале медсанчасткі, стане ясна толькі праз два тыдні, калі скончыцца экспертыза: на званкі сяброў і блізкіх Саша перастаў адказваць яшчэ 26 верасня, піша euroradio.by.

Саша Коржыч - гэта другі за паўгода салдат тэрміновай службы, знойдзены павешаным у вайсковай часці пад Барысавам. Расследаванне абставінаў смерці першага салдата - Арцёма Басцюка - працягваецца дагэтуль. Мінабароны Беларусі адмаўляецца ад каментароў «з этычных прычын» і настойвае, што ў абодвух выпадках гаворка ідзе пра самагубства.

Салдаты тэрміновай службы, якія прыйшлі ў войска пасля школы або тэхнікума, служаць у Беларусі паўтара года. Коржыч праходзіў падрыхтоўку ў 72-м гвардзейскім аб'яднаным навучальным цэнтры. Ён загінуў за тры тыдні да адпраўкі ў іншую вайсковую часць - пад Слонім.

Тады ж, 26 верасня, нехта апошні раз зняў грошы з банкаўскай карткі Сашы Коржыча. У жніўні і ў верасні родныя і сябры салдата перавялі на яе не менш за 200 рублёў. Святлана Мікалаеўна, мама Сашы, паказвае нам квітанцыі з «Прыорбанка». 3 жніўня — 50 рублёў, 8 жнiўня — яшчэ 50 рублёў. Дзе і як растварыліся гэтыя грошы?

«Калі б мне нехта да таго, як Саша пайшоў у войска, сказаў, што за яго жыццё трэба плаціць 15 рублёў у дзень [пра гэты неафіцыйны «тарыф» распавёў сябрам Коржыча адзін з яго таварышаў па службе. — Еўрарадыё], я б знайшла гэтыя грошы. Крэдыт бы ўзяла... — уздыхае Святлана Мікалаеўна. — У яго было адкладзена $500 на машыну. Я кажу: «Саша, вось перада мной гэтыя грошы, ляжаць на стале, калі трэба, я табе іх прывязу». Ён адказвае: «Не трэба, мама, я спраўлюся».

Але спраўляцца з кожным днём станавілася ўсё цяжэй. Паводле падлікаў маці салдата, у месяц ён атрымліваў ад яе і ад сяброў блізу 500 рублёў.

«Недзе 10 ліпеня Саша распавёў, што сяржант забраў у яго банкаўскую карту. Маўляў, салдату карта не паложаная, а калі нешта трэба, можна папрасіць, і гэта будзе купленае. Саша папрасіў мяне прасачыць, куды сыходзяць грошы з яго карты, — распавядае Ілля, лепшы сябар Сашы Коржыча, які працаваў з ім у адной аўтамайстэрні. — Я тады зрабіў скрыншоты з інтэрнэт-банкінга. Там бачныя пакупкі ў кавярні «Воін» [на тэрыторыі 72-га вучэбнага цэнтра. — Еўрарадыё] і «Зорка», і два запар зняцці з банкамата па 10 рублёў. Увесь гэты час картка знаходзілася ў руках сяржанта».

Цяпер на банкаўскай картцы Сашы Коржыча застаўся адзін рубель. Такую суму немагчыма зняць праз банкамат, мінімум — пяць рублёў.

На новых гарадскіх могілках за 11 км ад Пінска шмат свежых магіл, Сашына магіла —30 сектар, 15 шэраг, 20 месца. «У дзень пахавання быў такі вецер, што свечкі адразу згасалі, — успамінае Ілля. — З Барысава на аўтобусе прыехала шмат вайскоўцаў. Не думаю, што гэта Сашыны калегі. Мы ў іх пра яго пыталіся, а яны адказвалі дзяжурнымі фразамі: «Добры быў хлопец...». Яго хавалі з ушанаваннямі. А потым мы даведаліся, што калі салдаты едуць у такую камандзіроўку, іх наогул не кормяць. І Сашына стрыечная сястра, Віялета, бегала купляць ім печыва».

Святар адмовіўся адпяваць Сашу. У яго пасведчанні аб смерці, у графе «Прычына смерці» пазначаны шыфр Т71: «Странгуляцыйная асфіксія». Гэта значыць, удушэнне ў выніку сціскання. Такое заключэнне не дае яснасці: павесіўся чалавек сам або быў павешаны. А Царква лічыць самагубцаў грэшнікамі, нявартымі адпявання. І патрабуе доказаў таго, што чалавек памёр сваёй смерцю або быў забіты. Але ў родных Сашы няма доказаў. Ёсць толькі версіі таго, што адбылося ў 72-й «вучэбцы» у Печах.

Версія 1. Інсцэнавалі самагубства, каб схаваць дзедаўшчыну

У часці, дзе служыў Саша, ёсць два сяржанты: Б. і С., назавём іх так. Кажуць, што гэтых двух баяцца ўсе, хто трапляе ў аб'яднаны навучальны цэнтр падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых камандзіраў у Печах. У «вучэбцы» салдаты праводзяць ўсяго тры месяцы, пасля чаго іх размяркоўваюць да месца далейшай службы. С. апісваюць як больш разумнага, але Б., якога яшчэ называюць «Бэран», гэтага часу дастаткова, каб прынізіць салдата тэрміновай службы, адабраць у яго грошы і рэчы і падпарадкаваць сабе яго волю. Пра гэта сябрам Сашы Коржыча распавялі салдаты, якія служылі ў Печах.

Калі родным Сашы ўсё ж паказалі яго цела (яны прыехалі ў Печы ў ноч на 4 кастрычніка, і цэлы дзень чакалі, пакуль цела «будзе гатовае»), яны звярнулі ўвагу на гематомы, якія былі вытлумачаныя як вынікі збіцця, і на след ад вяроўкі на шыі хлопца. След тоўсты, шырынёй у два пальцы, і ідэальна роўны — як быццам вяроўка не слізгала па шыі самагубцы, а сціснула шыю чалавека, якога ўклалі ў пятлю ўжо мёртвым.

Мы не будзем паказваць вам фота мёртвага Сашы Коржыча. Родных і сяброў хлопца яны пераконваюць у тым, што ён быў забіты. Аднак патолагаанатам, з якім пракансультавалася Еўрарадыё, сцвярджае, што зрабіць адназначную выснову пра прыжыццёвае або пасмяротнае змяшчэнне чалавека ў пятлю па знешніх прыкметах немагчыма. Для гэтага трэба даследаваць пад мікраскопам нервовыя і мягкія тканіны нябожчыка, узятыя ў яго падчас ускрыцця.

Тым не менш, СК распачаў крымінальную справу аб нестатутных узаемадачыненнях. Акрамя карыстання карткай Сашы Коржыча, Б. і С. могуць апынуцца вінаватымі ў прысваенні смартфона загінулага салдата. Адзін з афіцэраў навучальнага цэнтра распавёў маме Сашы, што той прадаў свой HTC One за... 30 рублёў, таму што «адчуў патрэбу ў грошах». Нагадаем, паводле падлікаў мамы, Саша ў той момант атрымліваў да 500 рублёў у месяц. Сябрам салдата кажуць, што тэлефон дагэтуль не знайшлі, хоць яго нескладана вылічыць па IMEI.

На што салдат тэрміновай службы траціў сотні рублёў, не выходзячы з вайсковага гарадка? Няўжо яго забілі, каб схаваць адказ на гэтае пытанне? Разбірацца давядзецца следству.

Версія 2. Самагубства салдата, даведзенага да адчаю

Саша Кожыч пайшоў у войска, таму што не хацеў «касіць». «У яго было шмат планаў на жыццё. Вярнуцца пасля войска і купіць сабе машыну. Саша рамонт рабіў дома. Пазітыўны малады чалавек, цікавіўся аўтамабілямі. Любіў палазіць у рухавіках, пакалупацца ў электроніцы. Праз месяц пасля таго, як прыйшоў да нас на СТА, ужо працаваў самастойна, а не як вучань. Гэта было яго хобі, праца і жыццё», — распавядае Сяргей Казубоўскі дырэктар ТАА «Пінск Аўташанс», дзе працаваў Саша. Ён не верыць у тое, што жыццярадасны хлопец мог здзейсніць самагубства.

Сябрам Саша не распавядаў аб праблемах у часці. Проста час ад часу прасіў перавесці грошай на картку. А ў канцы ліпеня стаў казаць, каб яны не прыязджалі да яго — маўляў, засталося пратрымацца зусім крыху, і будзе перавод у Слонім. А вось маме ён у тым-сім прызнаўся.

«Ён распавядаў, што ўначы сяржанты прыводзяць у казарму жанчын і ладзяць оргіі на вачах у салдат, каб усе глядзелі на іх «подзвігі», — распавядае Святлана Мікалаеўна. — Казаў, што на салдат надзяваюць «хамут» — каўнер з іголкамі — і прымушаюць выконваць чорную працу, чысціць прыбіральні ўсю ноч. Але заўсёды дадаваў, што ў яго ўсё ў парадку. Цяпер я думаю, што ён адкупляўся, пакуль былі грошы».

У сярэдзіне верасня Коржыч распавёў аднаму з таварышаў па службе, што яго доўг вырас да 150 рублёў. Салдат прастудзіўся, у яго паднялася тэмпература і ён патрапіў ў медсанчасць, а потым стаў скардзіцца на болі ў сэрцы. Са слоў мамы Сашы, у гэты час яна атрымала дзіўны званок ад аднаго з малодшых афіцэраў часткі. Ён цікавіўся, ці шмат Саша хварэў раней, прасіў прывезці яго картку з паліклінікі. Цалкам магчыма, салдата папракалі яшчэ і тым, што ён сімулюе хваробу.

«Гэта не дзедаўшчына, армія тут ні пры чым. Гэта быдлаўшчына, так і напішыце, — распавядае Еўрарадыё пінчук, які ведаў Аляксандра Кожыча. — Самыя ліхія «дзяды» - гэта «калгаснікі». Не жыхары сельскай мясцовасці, не сяляне, якія працуюць на зямлі, а менавіта «калгаснікі». Яны хутка знаходзяць адзін аднаго, аб'ядноўваюцца і пачынаюць ціснуць непакорлівых. Гэта можа адбыцца дзе заўгодна. Саша не скарыўся, не хапіла яго... А збегчы ён не мог».

Версія 3. Сашу забіў салдат, які звар’яцеў

Калі мама Сашы Кожыча спытала, ці можна пагаварыць з салдатам, які знайшоў яе сына, ёй адказалі, што ён знаходзіцца ў псіханеўралагічным дыспансеры ў Навінках. Родныя загінулага хлопца ўзгадваюць, што адправіліся ў часць адразу пасля таго, як ім паведамілі аб яго смерці, і былі ў Печах а 3:00 у ноч на 4 кастрычніка.

«У аўторак 3 кастрычніка а 21:23 мне патэлефанавалі з незнаёмага нумара і кажуць: «Спроба суіцыду, ваш сын загінуў!». Я кажу: «Так загінуў ці спроба суіцыду?” — «На жаль, загінуў, мы прывязём вам яго цела». Ну які суіцыд, калі я з ім гаварыла дзесяць дзён таму, і ён сказаў, што засталося зусім крышачку пацярпець? Мы селі ў машыну і паехалі ў Барысаў», — распавядае Святлана Коржыч.

Квіток на перавод у 60 рублёў у руках маці Аляксандра Коржыча

Перад КПП яны ўбачылі дзве машыны, якія пакінулі вайсковы гарадок на працягу 20 хвілін. Пазней нехта з камандавання часткі патлумачыў ім, што ў гэтых машынах з'ехалі следчыя і судмедэксперты.

Калі сябры Сашы стварылі «ВКонтакте» групу «Блізкія 21-гадовага Аляксандра Коржыча», ім пачалі пісаць людзі, так ці інакш звязаныя з сітуацыяй. Адна з такіх крыніц сцвярджае, што ў матэрыялах праверкі ўжо ёсць імя меркаванага забойцы, выяўленае па гарачых слядах. Гэта і ёсць той самы салдат, які «знайшоў» Сашу павешаным ў падвале медсанчасці. «Яго турбавала, што прайшоў час, а Коржыча ніхто не шукае. Ён дапускаў, што ахвяра змагла вызваліцца з пятлі і ўжо дае паказанні. І тады сам пайшоў у падвал, нібыта за венікам (хоць вядома, што інвентар для прыборкі складзены ў іншым месцы), а на самай справе, каб пераканацца ва ўласнай бяспецы», — сцвярджае крыніца.

Дзіўным у гэтай версіі выглядае тое, што зніклага салдата ніхто не шукаў на працягу некалькіх дзён. Усё ж такі вайсковая дысцыпліна прадугледжвае рэгулярныя пастраенні, і адсутнасць Аляксандра Коржыча была б заўважана. Дакладную дату смерці Сашы сваякам не назвалі. У пасведчанні аб смерці хлопца напісана дата, калі было знойдзена яго цела — 3 кастрычніка. Гэтая ж дата — на крыжы на магіле Аляксандра Коржыча ў Пінску.

Афіцыйна следства агучыць свае высновы не раней, чым праз два тыдні, калі будуць гатовыя вынікі судмедэкспертызы. Аднак на практыцы расследаванне такіх выпадкаў цягнецца нашмат даўжэй. Бацькі Арцёма Басцюка, якога знайшлі павешаным у адной з часцей пад Барысавам 31 сакавіка 2017 года, распавядаюць Еўрарадыё, што крымінальная справа па факце гібелі іх сына расследуецца да гэтага часу.

«За гэты час праведзена сем экспертыз, — кажа бацька Арцёма. — Але эксперты не могуць сказаць нічога канкрэтнага. Як у бабулі — напалам, разумееце? Можа так, а можа так. На гэтым тыдні следчыя павінны прыйсці да высновы: закрыць гэтую крымінальную справу ці працягнуць, і калі працягнуць, то па якіх артыкулах. Але, мяркуючы па ўсім, па нестатутных адносінах нічога не ўстаноўлена».

Напісаць каментар 176

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках