29 сакавiка 2024, Пятніца, 11:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Працаўнікі завода «Шкловалакно» абвясцілі страйк

29
Працаўнікі завода «Шкловалакно» абвясцілі страйк

Рабочыя завода маюць намер страйкаваць з 1 лістапада і да канца года.

Рабочыя полацкага завода «Шкловалакно» 10 кастрычніка на канферэнцыі прынялі пастанову аб правядзенні забастоўкі. Канферэнцыю рабочых арганізаваў Свабодны прафзвяз Беларусі (СПБ). Рабочыя патрабуюць роўнага стаўлення да працоўных завода, незалежна ад удзелу ў прафзвязе, піша vitebskspring.org.

Як распавялі прафзвязныя лідары, правядзенне забастоўкі на «Шкловалакно» стала апошняй мерай, каб спыніць здзекі з рабочых у выглядзе дыскрымінацыі і псіхалагічнага тэрарызавання за ўдзел у Свабодным прафзвязе. У патрабаванні рабочых да наймальніка маецца 17 пунктаў, якія тычацца змен норм калектыўнай дамовы. Гэтыя патрабаванні павінны забяспечыць неўмяшанне наймальніка ў дзейнасць прафзвязу, роўнае стаўленне да рабочых, якія ўваходзяць у розныя прафзвязы.

Правядзенне забастоўкі намечанае на перыяд з 1 лістапада да канца года. Як мяркуюць прафзвязныя актывісты, забастоўка будзе насіць характар веернага развіцця ў розных брыгадах у розны час. Пастанова аб форме, месцы і часе забастоўкі будуць прымаць непасрэдна працоўныя падраздзяленні на месцах без папярэдняга паведамлення начальнікаў падраздзяленняў.

«У любым выпадку, - кажа старшыня першаснай арганізацыі СПБ Віктар Стукаў, - Згодна з артыкулам 391 Працоўнага кодэкса працоўны індывідуальна прымае пастанову аб далучэнні да страйку. Ніякі начальнік не можа працоўнага прымусіць не ўдзельнічаць у страйку, за гэта прадугледжаная крымінальная адказнасць начальніку».

Намеснік старшыні СПБ Мікалай Шарах: «Канферэнцыя рабочых заявіла пра страйк у поўнай адпаведнасці з Працоўным кодэксам. У студзеня 2017 года прафзвяз заявіў патрабаванне аб калектыўных перамовах, у пачатку ліпеня былі накіраваны наймальніку прапановы рабочых. 1 жніўня была прынятая новая калектыўная дамоўленасць без уліку прапаноў рабочых і без тлумачэння прычын, чаму не ўлічаны гэтыя прапановы. Таму паўсталі юрыдычныя акалічнасці калектыўнай працоўнай спрэчкі. Далей, згодна з Працоўным кодэксам, працэдуры ідуць у вельмі кароткія тэрміны. 8 верасня прафзвязам скіраваныя патрабаванні наймальніку і 22 прапановы аб прымірыцельнай камісіі. Усе гэтыя лісты прафзвяза наймальнік праігнараваў. Таму 1 кастрычніка стала відавочным, што згода бакоў адносна калектыўнай працоўнай спрэчкі не дасягнутая».

На канферэнцыю работнікаў, арганізаваную СПБ, прыбылі 100% дэлегатаў, якія аднагалосна прагаласавалі за правядзенне забастоўкі. Колькасць дэлегатаў канферэнцыі і персанальны склад прафзвязу не называе для бяспекі работнікаў. 11 кастрычніка прафзвяз накіраваў дырэктару апавяшчэнне пра страйк, як таго патрабуе артыкул 390 Працоўнага кодэкса.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках