29 сакавiка 2024, Пятніца, 15:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прадстаўнік прафзвязу: Рабочыя «Шкловалакна» не жартуюць, будзе страйк

9
Прадстаўнік прафзвязу: Рабочыя «Шкловалакна» не жартуюць, будзе страйк
Фота: tut.by

Полацкія рабочыя наважылі перайсці ад слоў да дзеяння.

З 1 лістапада на ААТ «Полацк-Шкловалакно» абвешчаны страйк з патрабаваннем роўнага стаўлення да працоўных прадпрыемства - па-за залежнасцю ад прыналежнасці да прафзвязаў.

11 кастрычніка Свабодны прафзвяз Беларускі накіраваў дырэктару прадпрыемства апавяшчэнне пра страйк, пастанова аб якім прынятая напярэдадні на Канферэнцыі працоўных. Колькасны i персанальны склад удзельнікаў канферэнцыі трымаецца ў таямніцы - у пазбяганне рэпрэсій з боку адміністрацыі.

- Сам факт выхаду на страйк - гэта ціск на наймальніка, прымус яго да выканання не толькі беларускага заканадаўства, але і міжнародных нормаў. Гэта спосаб наспелых праблем; свабодныя прафзвязы маюць праблемы не толькі на «Полацк-Шкловалакне», але і агулам у краіне ўжо цягам 14 гадоў, - растлумачыў belaruspartisan.org намеснік старшыні Свабоднага прафзвязу Беларускага (СПБ) Віцебскай вобласці Мікалай Шарах.

- Што вымусіла прафзвяз пайсці на крайні захад - страйк?

- Працэдура правядзення калектыўных перамоў аб укладанні новай калектыўнай дамовы доўжыцца яшчэ з мінулага года. 1 студзеня ўвайшло ў дзеянне новае Генеральнае пагадненне паміж наймальнікамі, урадам і прафзвязамі, на падставе якога ў камісію аб перамовах павінны быць уключаныя ўсе прафзвязы, якія дзейнічаюць на заводзе, у тым ліку першасныя арганізацыі СПБ на «Полацкшкловалакне». Аднак дырэктар прадпрыемства праігнараваў дзейнае становішча. Яшчэ пры мінулым дырэктару пачаўся пераслед, звальненні работнікаў, ціск на работнікаў і прымус выходзіць са складу СПБ, - негатыўнае стаўленне да прафзвязу прадоўжылася і пры новым дырэктару Бунакове, што вылілася ў неўключэнне прадстаўнікоў СПБ у склад камісіі аб перамовах. Унесеныя чальцамі прафзвязу прапановы былі праігнараваныя. Страйк - прадаўжэнне перамоваў, але іншымі метадамі, - растлумачыў прафсаюзны функцыянер.

- Страйк, паводле задумы арганізатараў, павінен насіць «веерны характар». Што гэта значыць?

- Работнікі самі будуць прымаць пастанову - у які дзень, у якой форме будуць браць удзел у страйку. Наймальнік не мае права перашкаджаць работнікам удзельнічаць у страйку, але і прымушаць працаўнікоў удзельнічаць у страйку нікому не дазволена. Прафзвяз апавясціў наймальніка аб правядзенні страйку - з нашага боку ніякіх парушэнняў няма, цяпер самі работнікі павінны паказаць, ці гатовыя яны абараняць свае правы, - падкрэсліў Мікалай Шарах.

- Якія ж патрабаванні вылучаюць работнікі прадпрыемства?

- Гаворка ідзе аб спыненні пераследу, дыскрымінацыі работнікаў паводле прафсаюзнай прыкметы, аб павышэнні ўмоў працы і аховы працы.

«Патрабаванне ўдзельнікаў давесці заробак да тысячы рублёў да канца года таксама стаіць на парадку дня», - адзначыў Мікалай Шарах. Сёння працаўнік «Полацкшклавалакна» ў сярэднім атрымлівае 700 рублёў, але ў калектыўнай дамове (ранейшай і цяперашняй) пазначаны іншы паказчык - 350% ад спажывецкага бюджэту. Гэты паказчык не выконваўся наймальнікам ні раней, не выконваецца і цяпер.

- Наймальнік парушае наша канстытуцыйнае права на годны заробак, і ніякіх іншых механізмаў, каб прымусіць наймальніка выканаць калектыўную дамову, акрамя страйку, мы не бачым, - падкрэсліў Мікалай Шарах.

Дарэчы, Мікалай Шарах раней і сам працаваў на ААТ «Полацкшкловалакно», але паўтара гады таму яму не падоўжылі кантракт. Непадаўжэнне кантракта адбылося за два гады да выхаду работніка на пенсію, што таксама з'яўляецца парушэннем беларускага заканадаўства.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках