19 красавiка 2024, Пятніца, 22:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«У сяржантаў у Печах дах едзе, яны сябе недасягальнымі адчуваюць»

197
«У сяржантаў у Печах дах едзе, яны сябе недасягальнымі адчуваюць»
Сцяпан Кульчанка

Былы курсант распавёў аб сваёй службе ў Печах.

У гісторыі 21-гадовага Аляксандра Коржыча, які загінуў у вайсковай частцы ў Печах, чытач «Свабоды» даведаўся пра сваю службу.

Сцяпан Кульчанка служыў у Печах 6 месяцаў, з сярэдзіны 2000-га да пачатку 2001 года. Цяпер яму 36 гадоў, прызываўся ён ва ўзросце дзевятнаццаці. 5 студзеня 2001 года Кульчанку перавялі служыць у Мар'іну Горку. Сцяпан ніколі публічна не расказваў пра тое, што з ім адбывалася падчас службы пад Барысавам. «Але цяпер я наважыў, што хачу расказаць. Чытаю пра тое, што распавядаюць родныя Аляксандра Коржыча, і разумею, што прайшоў праз тое ж, адзін у адзін», - кажа Сцяпан Кульчанка.

Грошы на марозіва для прапаршчыка

«Нас прывезлі ў Печы з Менска яшчэ ў грамадзянскай вопратцы, без формы. Размеркавалі ў казармы на ноч. Лёг спаць, заснуў. Прачнуўся ад таго, што на мяне накінулі рэмень, ударылі пад дых. Малады сяржант. Крычыць: «Дай грошы прапаршчыку на марозіва!» А нас там такіх 200 чалавек. Усе з провадаў толькі вярнуліся, пры грашах».

«Другі дзень у Печах у мяне таксама быў не вельмі добрым. Выдалі абутак са словамі: «Каб табе добра хадзілася па савецкай зямлі». Гэта значыць, на адзін памер меншы. Я пайшоў да прапаршчыка скардзіцца, а ён мне кажа: «Хочаш мітынгаваць? Я вось табе цяпер дам плакат, фарбы. Малюй лозунг і хадзі вакол казармы, мітынгуй». Тое ж самае мне потым сказаў камбат. Гэта ўсё яны мяне перавучвалі, бо на маёй асабістай справе было чырвоным фламастарам напісана - БНФ. Я сам бачыў. Шэсць месяцаў у такім абутку прывялі ў сябе. Потым і крос бегаў. Калі перавёўся ў Мар'іну Горку, абутак памянялі ў першы ж дзень».

«Потым «суботнікі» пачаліся. «Суботнік» - гэта калі з атрыманых жаўнерамі грошай яны скідаюцца сяржантам на дзяўчат. Дзяўчат прыводзілі наўпрост у казарму, нас зганялі ў адзін кут на некалькі гадзін, а з дзяўчатамі ўжо ў другім былі яны. Хто бліжэй знаходзіўся, мог усё бачыць. Проста на вачах сяржанты гэта рабілі. Мноства дзяўчат прыходзіла там. Некаторых мы ўжо ведалі. Былі і жанчыны. «Суботнікі» па начах праходзілі».

«Грошы давалі сяржантам не ўсе. Я не даваў. Іншыя хлопцы супраціўляліся. Не магу сказаць, што было поўнае падпарадкаванне. Былі выпадкі, калі хлопцы аб'ядналіся і разам супрацьстаялі сяржантам. Пры мне пінскія трымаліся разам, я нават здзівіўся, што яны так арганізаваліся самі. Але калі хтосьці не плаціў, то былі «санкцыі».

«У прыбіральні любілі зачыніць. Насыплюць туды хлору і закрываюць жаўнера. Уначы маглі падняць. Гадзіна ночы, а сяржант каманду «пад'ём» дае. Гэта як мінімум. Хто прадаўжаў супраціўляцца, таму клямарам білі па нырках. Накрывалі на ложку матрацам і білі. Гэта каб слядоў не заставалася. Слядоў не відаць, але ў мяне дагэтуль пасля такіх «працэдур» спіна баліць. І хворыя ныркі».

«У аднаго хлопца - здаецца, ён з Барысава быў - грошай проста не было. Бедная сям'я, ён не мог папрасіць. Яму даставалася больш за іншых. Яго больш крыўдзілі, адпраўлялі на брудную працу на ферму».

«Лісты ўсе чыталі нашы. Ведалі, што грошы прыйшлі. Адзін ты не мог ісці на пошту, толькі з сяржантам. Ну і ён на месцы таксама прасіў прапаршчыку на марозіва».

Любоў да радзімы ў прыбіральні

«Асабіста мяне вучылі «любіць Радзіму». Адбывалася гэта ў прыбіральні. Замыкалі ўначы і загадвалі 12 раз запар спяваць гімн БССР. Менавіта БССР, а не сучасны. Чамусьці ім ён больш падабаўся. Пакуль не спяеш 12 разоў - адтуль не выпускалі. Я супраціўляўся. Тады заходзілі і ў г...тварам апускалі».

«Ад настрою сяржантаў многае залежала. Нават магчымасць паесці. Мы маглі абедаць, толькі калі сяржанты сядзяць за сталом. Яны ўсталі - і ўсё, ежы больш не даюць. Часам мы проста не паспявалі атрымаць сваю порцыю. Гэта ўважалася за норму, калі чалавек дзесяць не паабедалі альбо не павячэралі».

«Бывала так, што жаўнеры хадзілі скардзіцца да кіраўніцтва часткі. Такіх потым на смех уздымалі. Маўляў, ты не мужык. А гэта абраза. Вы падумайце, толькі ў маёй роце 80 чалавек. А ніхто не распавядае. Які мужык вам раскажа, што яго тварам у г...апускалі?».

«Помсцілі прапаршчыкам і сяржантам па дробязі. Загадае пачысціць боты - яму там дзірку зробяць. Такім быў супраціў. А што ты зробіш? Прыходзілі ў казармы ідэалагічныя супрацоўнікі. Альбо спецыялісты па выхаванню. Дык яны нічым не адрозніваліся ад нашага камбата».

«На другі месяц службы ў многіх дах ехаў. Асабліва ў людзей з вышэйшай адукацыяй. Ім зусім цяжка было. Яны маральна не былі гатовыя да здзекаў. Не маглі паверыць, што ўсё гэта рэальна адбываецца. Уявіце, што чалавек з вышэйшай адукацыяй можа лезці ў бак са смеццем і шукаць там кавалкі хлеба, якія сяржанты не даелі і свінням выкінулі. Слёзы цякуць, а чалавек есць».

«Сістэма дзейнічае таму, што адбор ідзе з самага пачатку. Ніводзін сяржант або афіцэр не даложыць вам праўды аб Печах. Яны сабе людзей падбіраюць з ліку курсантаў. Выбіраюць найбольш нахабных, пакідаюць у частцы, робяць сяржантамі. Потым гэты сяржант ідзе ў школу прапаршчыкаў...Гэтыя людзі робяць з пачаткоўцамі тое ж, праз што прайшлі некалі самі. Яны нічога не будуць спыняць».

Мы жылі думкамі аб пераводзе ў іншую частку

«У мяне не было думак пра самагубства. Магчыма, таму, што я адразу настройваўся на найгоршае. Але я бачыў, як фізічна моцныя хлопцы ў Печах пачыналі сумаваць. Чуў, што людзі абмяркоўвалі магчымасць адсекчы палец сякерай ці страўнік перцам спаліць. Каб з войска камісавалі».

«Я не магу дакладна сказаць, што адбылося з Аляксандрам Коржычам. Забойства, самагубства або давядзенне да самагубства. Ведаеце, тут усё можа быць. У сяржантаў у Печах дах едзе, яны недасягальнымі сябе адчуваюць, не могуць спыніцца. Давесці кагосьці там да самагубства - гэта вельмі проста».

«Я наважыў расказаць аб усім, бо баюся, што справу Коржыча спішуць на некалькіх сяржантаў, магчыма на прапаршчыка, і ўсё. Знойдуць кагосьці. Але ў казарме ўначы павінен быць таксама афіцэр. У нас было так, што праз сцяну ад туалета быў пакой афіцэраў. І яны заходзілі ў туалет па сваіх справах проста падчас здзекаў, спраўлялі патрэбу і сыходзілі. Часта п'яныя былі...Я бачыў таксама, што камбат біў сяржанта за тое, што ён слаба на нас цісне».

«Мы жылі тым, што нас перавядуць у іншыя часткі. Калі я з Печаў трапіў у Мар'іну Горку, то гэта была Турцыя, курорт. Афіцэры іншыя. Крыкаў не было, ціску. Мяне камбат у першы дзень да сябе паклікаў, папрасіў, каб было «без палітыкі», і ўсё. Ніякіх праблем больш не было. Жаўнеры маглі паміж сабой пачаць нейкі канфлікт. Але камандаванне часткі іх адразу спыняла».

Напісаць каментар 197

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках