20 красавiка 2024, Субота, 17:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сяргей Навумчык: Усяго ставала ў нашым войску, але такога, як у Печах, не было

20
Сяргей Навумчык: Усяго ставала ў нашым войску, але такога, як у Печах, не было
Сергей Наумчик

За Печамі ўжо не першае дзесяцігоддзе цягнецца благая слава.

Пра гэта напісаў у «Фэйсбуку» былы дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі Сяргей Навумчык:

- Войска сапраўды не можа без цяжкасцяў. Але нагрузкі і «дзедаўшчына» - розныя рэчы.

Чым магу ганарыцца - што яшчэ праз некалькі гадоў пасля звальнення з войска (я служыў афіцэрам) - атрымліваў у святы віншаванні ад «сваіх» жаўнераў. Я быў «белай варонай» сярод афіцэраў (бо пайшоў у войска супраць сваёй волі, «двугоднікам») і бачыў у жаўнеры чалавека ані не горшага за афіцэра. Такі я быў не адзін, але такога стаўлення не разумела большасць афіцэраў, якія скончылі вайсковыя вучылішчы і ў першыя гады самі спазналі «дзедаўшчыну» («З нас і не так здзекаваліся, жывыя засталіся»).

За добрае стаўленне да жаўнераў камандзір ставіў мяне перад, так бы мовіць, экзістэнцыяльным выбарам. Скажам, ты бяжыш з жаўнерам крос 5 км па пяску на палігоне ў Дрэтуні, камандзір часткі едзе на «газіку» і крычыць: «Лейтэнант Навумчык, дапамажыце радавому Заурбекаву не сапсаваць выкананне нарматыву» (Заурбекаў адстаў ад узвода). У цябе два варыянты: даць Заурбекаву «паджопнік» - альбо ўзяць у яго аўтамат (4 кг) і процігаз у дадатак да сваіх, каб яму было лягчэй бегчы. От, як перад Богам - браў аўтамат.

Камандзір смяецца і едзе на некалькі метраў наперадзе, перад намі, і пясок з-пад колаў забіваецца ў нос, у роце - адчуванне крыві, здаецца, што вось-вось пачнеш адхарквацца лёгкімі. Зрэшты, такое - і ў амерыканскім войску (мяне хоць бы не прымушалі «50 раз упаў - адціснуўся», а там гэта норма).

І ўсё ж, фізічныя і псіхалагічныя нагрузкі - у войску непазбежныя. Я не магу нічога сказаць супраць таго, што на палігоне Капусцін Яр нас прымушалі 48 гадзін не спаць перад пускам ракеты пры мінус 40 - ты павінен навучыцца праводзіць пэўныя аперацыі ў сітуацыі поўнай вычарпанасці сіл.

Але нагрузкі і здзекі - розныя рэчы.

У асяроддзі жаўнераў «дзедаўшчына» была ў розных формах псіхалагічных здзекаў або прымусу (чысціць туалет зубной шчоткай). Усяго выстарчала ў тым нашым войску - але такога, каб патрабавалі грошы за кожны дзень без збіцця, ці ўвогуле, каб збівалі - вось гэтага ў нашай дывізіі (а гэта не адна тысяча вайскоўцаў) - не было дакладна. Ну, а пра Печы і тады хадзіла благая слава, гэтую частку звалі «Фабрыкай вырадкаў» (што, вядома, не зусім справядліва, бо розныя хлопцы там служылі). Відавочна, калі такое цягнецца ўжо не першае дзесяцігоддзе - прасцей гэтую частку расфармаваць.

Нагадаем, 21-гадовы ўраджэнец Пінска Аляксандр Коржыч, адпраўлены на службу менш за паўгода таму, быў знойдзены 3 кастрычніка павешаным у падвальным памяшканні аднаго з будынкаў на тэрыторыі вайсковай часткі пад Барысавам. 5 кастрычніка ў якасці першапачатковай версіі трагедыі следства назвала суіцыд. Бацькі і сябры загінулага ў гэтую версію катэгарычна не вераць.

10 кастрычніка следства паведаміла аб распачынанні крымінальнай справы паводле ч.3 арт.443 КК (парушэнне статутных правілаў узаемастасункаў паміж асобамі, на якіх распаўсюджваецца статус вайскоўца, пры адсутнасці дачыгненняў падпарадкаванасці, якое пацягнула цяжкія наступствы).

Дарэчы, гэта другая трагедыя за год у Печах - 31 сакавіка ў пятлі знайшлі яшчэ аднаго хлопца - Арцёма Басцюка. Як стала вядома сёння, следчы камітэт спыніў крымінальную справу, распачатую аб факце смерці Басцюка.

Гомельскія праваабаронцы стварылі петыцыю на сайце zvarot.by з патрабаваннем стараннага расследавання гібелі Аляксандра Коржыча і за адстаўку міністра абароны Андрэя Раўкова.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках