29 сакавiка 2024, Пятніца, 15:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віцябляне ўзбунтаваліся супраць чыноўнікаў

6
Віцябляне ўзбунтаваліся супраць чыноўнікаў

Жыхары мікрараёнаў Білева і Тулава выступілі супраць будаўніцтва смеццесартавальнага завода.

Грамадзяне накіравалі калектыўны зварот у аблвыканкам, Віцебскі райвыканкам, а таксама ў адрас упраўлення капітальнага будаўніцтва. Галоўны аргумент: смеццесартавальны завод, які плануюць пабудаваць на тэрыторыі палігона ў Агародніках, будзе шкодзіць здароўю людзей.

Адна з ініцыятарак калектыўнага звароту шматдзетная маці Ірына, распавяла «Витебской весне», што рашэнне змагацца за скасаванне праекта жыхары прынялі адразу пасля грамадскага абмеркавання праекта, якое прайшло ў пачатку кастрычніка. Тады жыхары віцебскага мікрараёна Білева і пасёлка Тулава так і не прыйшлі да паразумення з прадстаўнікамі заказчыка будаўніцтва (Упраўленне капітальнага будаўніцтва горада Віцебска).

Не адпавядае патрабаванням санітарных нормаў

Згодна з прадпраектнай дакументацыяй, смеццесартавальны завод будзе пабудаваны на адлегласці 1,5 км ад горада на пляцоўцы ля дзейнага палігона цвёрдых камунальных адходаў. Меркаваная прадукцыйнасць - 100 тысяч тон смецця ў год з выбіраннем другасных матэрыяльных рэсурсаў. Тут плануецца наладзіць перапрацоўку ПЭТ-бутэлек і пластмасы, а таксама вытворчасць альтэрнатыўнага паліва праз прэсаванне астатняй масы. Пачатак будаўніцтва прызначаны на 2018 год. Завод плануюць узвесці за 25 месяцаў.

У сваім лісце да ўладаў віцябляне сцвярджаюць, што нават сама назва завода не адпавядае меркаванай дзейнасці. Бо прадпрыемства, на якім (акрамя сартавання) будзе праводзіцца перапрацоўка, ніяк не можа называцца «смеццесартавальны».

Менавіта з гэтага, як мяркуюць грамадзяне, вынікае і няправільнае вызначэнне ў дакументацыі межаў санітарна-ахоўнай зоны, якая, згодна з заканадаўствам, павінна складаць 1000 метраў.

«Будуйце, але дзе-небудзь у іншым месцы!»

«Людзі абураныя. Уявіце сабе, мой участак, дзе буду жыць я і будуць жыць мае дзеці (а я шматдзетная маці), знаходзіцца ад палігона на адлегласці 800 метраў. Людзі ў свой час дамагаліся гэтых участкаў, доўга стаялі за імі ў чарзе, каб потым жыць і дыхаць свежым паветрам. Такіх людзей шмат. Урэшце, тут малады раён, ва ўсіх дзеці - падрастаючае пакаленне. І раптам улады наважваць будаваць гэты завод пад самым нашым носам!..»- абураецца Ірына.

Распавядае, што падчас грамадскага абмеркавання праекта супрацоўнікі «УКСу» ўвесь час спасылаліся на эканамічную мэтазгоднасць такога размяшчэння завода.

«Добра, далёка вазіць смецце вам нявыгадна. А нам, значыць, будзе выгадна дыхаць смуродам, а потым на лекі грошы выдаткоўваць? Мы з гэтай пазіцыі падыходзім. Будуйце, але дзе-небудзь у іншым месцы», - кажа ініцыятар калектыўнага звароту.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках