24 красавiка 2024, Серада, 9:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расея неўзабаве ўвамкне друкарскі варштат

3
Расея неўзабаве ўвамкне друкарскі варштат

Санкцыі падтрымліваюць высокі ўзровень няпэўнасці ў дачыненні да расейскіх актываў.

Экс-міністр фінансаў Расеі Аляксей Кудрын на форуме ў Нью-Ёрку заявіў, што дырэктыўныя замежныя інвестыцыі ў расейскую эканоміку скараціліся ў сем разоў - з 70 да 10 млрд даляраў на год. Добры прыклад для тых, хто звык казаць, што «санкцыі не працуюць», піша аглядальнік Павел Казарын для Крым.Реалии.

Бо логіка сучаснай эканомікі ў тым, што вялікія грошы любяць стабільнасць. А санкцыі падтрымліваюць высокі ўзровень няпэўнасці ў дачыненні да расейскіх актываў. У гэтым сэнсе працуюць не толькі ўжо уведзеныя санкцыі, але і пагроза новых.

Нават сама Расея ўважае за лепшае захоўваць свае золатавалютныя рэзэрвы не ўнутры краіны, а ў ЗША. На сёння $ 100 млрд - а гэта чвэрць усяго расейскага ашчадку - інвеставана ў дзяржаўныя аблігацыі ЗША. Тое, што Крэмль - з усёй сваёй рыторыкай пра радыеактыўны попел - захоўвае грошы ў амэрыканскіх каштоўных паперах, толькі пацвярджае аксіёму: важныя не словы, важная надзейнасць. Амэрыканскія дзяржаўныя аблігацыі стабільныя - як і амэрыканская эканоміка.

Фінансамі ў Расеі кіруюць прафесіяналы. Менавіта таму Масква не ўкладвае ў праекты ўнутры краіны. Бо ўкласці грошы ў умоўны «крымскі мост» або чарговае Сколкава азначае, што гэтых сродкаў вельмі хутка не стане. Што яны расцякуцца па карупцыйных раўчуках у прыватныя рукі, а дзяржава вымушана будзе ўвамкнуць друкарскі варштат з усімі адсюль наступствамі.

Менавіта з гэтай прычыны Расея усімі сіламі спрабуе скасаваць заходнія санкцыі.

Рэч не толькі ў «дзяржаўным вобразе». І не ў «імперскім самалюбстве». Рэч у тым, што санкцыі захоўваюць за расейскай эканомікай статус «нестабільнай», а за ўсякімі расейскімі актывамі - статус «няпэўных». Можна, вядома, нешта Маскве прадаць - як гэта зрабіла з газавымі турбінамі кампанія Siemens - але гэта не мае ніякага дачынення да доўгатэрміновага ўкладання грошай.

Эканамічныя законы - цынічныя. Калі б Расея проста была краінай, якая парушае правы чалавека, гэта не знізіла б яе інвестыцыйнай прывабнасці. Гэтую прывабнасць зніжаюць не абстрактныя праваабарончыя справаздачы, а тыя самыя санкцыі, пра бессэнсоўнасць і непатрэбнасць якіх далей чаўпе Крэмль.

І не выпадкова чаўпе. І не выпадкова яму ж туруюць шмат якія еўрапейскія палітыкі, якія любяць каштоўнасці больш за вартасці. Бо менавіта санкцыі перашкаджаюць зарабляць самой Расеі і зарабляць іншым - на Расеі. Пакуль яны захоўваюцца - міжнародны капітал скарачае сваю прысутнасць у краіне. Пакуль яны захоўваюцца - адток капіталу будзе перавышаць прыток.

Стабільнасць і прагназаванасць - два простыя рэцэпты прывабнасці краіны. А калі краіна анэксуе тэрыторыі, у выніку чаго атрымлівае санкцыі і няпэўныя перспектывы, то гэта нічога добрага ёй не дакляруе.

Як у старым падручніку матэматыкі: па адной трубе ў басэйн уліваецца 20 кубамэтраў вады за гадзіну, праз іншую выцякае 40. Пытанне: ці хутка басэйн спусцее?

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках