29 сакавiка 2024, Пятніца, 8:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У менскага «Дынама» з'явіўся жывы талісман

7
У менскага «Дынама» з'явіўся жывы талісман
ФОТА: HCDINAMO.BY

Пачынаючы з гэтага сезону хакейны клуб аплачвае ўтрыманне ў менскім заапарку зубра Барона.

Упершыню выява зубра з'явілася на джэрсі менскага «Дынама» яшчэ ў 80-я гады ХХ стагоддзя, бо гэта жывёла сімвалізуе Беларусь, а клуб, у сваю чаргу, прадстаўляе краіну на міжнароднай арэне - тады ў чэмпіянаце СССР, а цяпер у Кантынентальнай хакейнай лізе. Акрамя таго, зубр з'яўляецца ўвасабленнем сілы, адвагі, хуткасці, а ўсе гэтыя якасці важныя і ў хакеі, піша tut.by.

ФОТА: HCDINAMO.BY

Пасля адраджэння «Дынама» ў 2003 годзе на матчах каманды заўзятараў пачаў забаўляць маскот «Зубр», а ўжо ў сезоне 2009/10 выява клубнага «татэма» становіцца асновай дынамаўскага лагатыпа, надаючы менскай камандзе вядомы ва ўсёй прасторы КХЛ вобраз.

Цяпер выяву зубра можна сустрэць не толькі ў цэнтральным коле «Мінск-Арэны» і на форме хакеістаў, але і на ўсёй клубнай атрыбутыцы, якую з задавальненнем раскупляе шматлікая дынамаўская тарсіда.

ФОТА: HCDINAMO.BY

Пачынаючы з гэтага сезону ў ХК «Дынама-Менск» з'явіўся жывы маскот - зубр Барон з менскага заапарка. Ягонае ўтрыманне цалкам аплачваецца клубам. Такім чынам, «Дынама» не толькі падтрымлівае і развівае клубную традыцыю, але і спрыяе ахове навакольнага асяроддзя.

ФОТА: HCDINAMO.BY

Дарэчы, супрацоўнікі заапарка паміж сабой называюць Барона Сан Санычам. Яшчэ б, бо ён не толькі талісман хакейнага клуба і проста прыгажун, але і салідны бацька сямейства. Жонка Барона, Барышня, жыве па суседстве. Як і малодшы сын Байнэт. А вось старэйшыя дзеці Барчук і Бусінка пераехалі ў іншыя заапаркі. Уся сям'я мае імёны на літару «Б» невыпадкова: паводле правіл Міжнароднай племянной кнігі, першая літара ў імені кожнага зубра павінна быць такая ж, як першая літара ў назве краіны, у якой ён нарадзіўся.

Фота пра пачатак супрацоўніцтва з менскім заапаркам сёння паказалі капітан ХК «Дынама-Менск» Уладзімір Дзянісаў і супрацоўніца асветніцкага аддзела менскага заапарка Вольга Калмакова.

Пакуль аб прыналежнасці Барона да дынамаўскай сям'і гаворыць толькі сціплая шыльда ля вальера. Але неўзабаве клуб збіраецца аформіць увесь дом свайго маскота ў дынамаўскім стылі, каб ні ў кога не ўзнікала сумненняў, які клуб падтрымлівае і сімвалізуе магутны зубр.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках