20 красавiка 2024, Субота, 0:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: Магчыма, смерць гэтага хлопца ў Печах падштурхне беларусаў да дзеянняў

39
Зміцер Бандарэнка: Магчыма, смерць гэтага хлопца ў Печах падштурхне беларусаў да дзеянняў
ФОТА: DW.DE

Краінай павінен кіраваць закон, а не калгасны фюрэр.

Дзедаўшчына ў беларускім войску - проста выпадак ці тэндэнцыя? Хто павінен панесці пакаранне за жудаснае злачынства, якое адбылося ў вайсковай частцы ў Печах? Як павінны на гэта адрэагаваць беларусы? На пытанні Сharter97.org адказаў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка.

- Вы праходзілі службу ў Савецкім Войску, у якім дзедаўшчына зарадзілася як з'ява. Раскажыце, ці мела месца штосьці падобнае на трагедыю ў Печах?

- Вядома, дзедаўшчына мела месца ў Савецкім Войску. Усе залежала ад канкрэтных частак, ад канкрэтных родаў войскаў і канкрэтных падраздзяленняў. У залежнасці ад гэтага яна насіла тую ці іншую ступень калянасці. У той жа час можна адзначыць, што дзедаўшчына і зямляцтва (у Савецкім Войску служыла вялікая колькасць вайскоўцаў з Сярэдняй Азіі і Каўказа, якія ментальна вельмі моцна адрозніваліся ад еўрапейскіх жаўнераў), загубілі не толькі войска СССР, якое паказала сваю неэфектыўнасць у Афганістане, але можна сказаць, што гэтая з'ява спрыяла самому развалу Савецкага Саюза. Бо войска было велізарным, а выпадкі нестатутных узаемадачыненняў і міжнацыянальныя канфлікты прыводзілі да шматлікіх чалавечых ахвяраў: суіцыдаў, гібелі жаўнераў на вайсковых вучэннях, смерцяў па бязладнасці.

Я праходзіў вайсковую службу ў брыгадзе спецназа. У нас была невялікая вучэбная частка» на 40 чалавек, дзе я паўгода быў курсантам. Падрыхтоўка была жорсткая, але наўпроставых здзекаў не было, магчыма таму, што там рыхтавалі сяржантаў вайсковай выведкі. Я служыў пасля інстытута, мяне асабіста дзедаўшчына не тычылася, але ў батальёнах яна, безумоўна, была.

- Мінабароны падае гібель жаўнера ў Печах як прыватны, адзінкавы выпадак. Ці так гэта напраўду ці дзедаўшчына ў беларускім войску - гэта ўсё ж такі тэндэнцыя?

- Войскі існуюць і ў дэмакратычных дзяржавах, і там таксама бываюць эксцэсы. Але калі дзяржава з'яўляецца аўтарытарнай, і не проста аўтарытарнай, а дыктатурай, то такія месцы, як войска і турма, носяць дадатковы адбітак таталітарызму, які зыходзіць ад кіраўніцтва дзяржавы.

Можна яшчэ адзначыць, што Лукашэнка сам працаваў супрацоўнікам калоніі і відаць, што ён выбудоўваў мадэль дзяржавы з улікам свайго досведу работы. І самае важнае для дыктатара ў дзяржаўнай сістэме – гэта прыніжэнне падначаленага, кім бы ён не з'яўляўся. На жаль, і ў турмах, і ў войску, быдлячае стаўленне да людзей з'яўляецца нормай.

Калі ў 2010 годзе былі арыштаваныя кандыдаты ў прэзідэнты і чальцы іх штабоў - многія з іх зазналі нечалавечыя катаванні і ціск. Асаблівыя выпрабаванні давялося перажыць сям'і Андрэя Саннікава, які перамог на выбарах у Менску і мусіў выходзіць у другі тур. За яго аддалі галасы мільёны беларусаў. Лукашэнка быў вымушаны вызваліць Саннікава і іншых палітвязняў пад націскам міжнароднай грамадскасці, але беларусы, у масе сваёй, за іх вызваленне не змагаліся. Калі грамадства не стала змагацца за свайго лідара, за якога мільёны беларусаў аддалі свае галасы, не ўстала на абарону іншых кандыдатаў у прэзідэнты, то гэта грамадства выракла сябе на небяспеку самому трапіць пад нечалавечыя пераслед і ціск. Калі людзі не хочуць абараняць сваіх лідараў – то і іх жыццё і свабода нічога не каштуюць.

- Мы ўжо шмат разоў станавіліся сведкамі таго, што ўлады знаходзяць «стрэлачнікаў», тых людзей, на якіх пасля «звальваюць» усю віну. Мы бачым, што і ў гэты раз крайнімі робяць сяржантаў і прапаршчыкаў, але хто напраўду павінен панесці пакаранне за гэты інцыдэнт?

- Павінны панесці адказнасць усе вінаватыя, у тым ліку сяржанты і прапаршчыкі, калі іх віна будзе даведзеная. Да адказнасці павінны быць прыцягнутыя афіцэры сярэдняга рангу, камандзір часткі. Павінен сысці ў адстаўку міністр абароны, бо гэта не адзінкавы выпадак, гэта ўжо стала сістэмай.

Я ўжо казаў, што гэтая сістэма мае дыктатарскі характар, а мы ведаем, што рыба заўсёды гніе з галавы. Аднак не веру, што без ціску знізу могуць адбыцца змены.

- Вы сказалі пра ціск знізу. Дзякуючы незалежным СМІ гэты інцыдэнт атрымаў шырокую агалоску, беларусы актыўна адрэагавалі на гэту падзею ў сацыяльных сетках, петыцыя з патрабаваннем зняць Раўкова з пасады міністра абароны сабрала велізарную колькасць подпісаў, барысаўцы рыхтуюць пікет з патрабаваннем разабрацца ў гэтай справе. Відаць, што беларусаў вельмі зачапіў гэты выпадак...

- Сапраўды, выявіліся жахлівыя факты. Не павінна быць такога, каб маці загінулага збіралася браць крэдыт для выплаты грошай гэтым падонкам, каб яе сына не збівалі.

Неабходна пратэставаць, неабходна бараніць сваю годнасць і права на нармальнае жыццё. Я не веру ў зборы подпісаў за адстаўку. Гэта лепш, чым нічога. У беларусаў ёсць магчымасць абараніць сваіх дзяцей, ёсць магчымасць абараніць сваё права быць грамадзянамі еўрапейскай краіны, права жыць у бяспецы, выйшаўшы 21 кастрычніка на Марш абураных беларусаў 2.0, да ўдзелу ў якім заклікалі лідары Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу.

Хацелася б адзначыць, што незадоўга да Майдана ва Украіне ў адным з пасёлкаў міліцыянты згвалцілі дзяўчыну. Грамадская рэакцыя на беззаконне міліцыі прывяла да народнага бунту ў гэтым пасёлку. Штуршком да пачатку Еўрапейскага Майдана стала менавіта збіццё студэнтаў «Беркутам». Усе ўкраінцы кажуць аб тым, што гэта падштурхнула іх да рашучых дзеянняў. Магчыма, смерць гэтага хлопца падштурхне беларусаў да дзеянняў для абароны сябе і сваіх сем'яў, на тое, каб быць не проста паднявольным быдлам, а грамадзянамі і людзьмі.

Маштабы здзекаў сілавікоў, дыктатарскай вертыкалі з людзей проста каласальныя. А чыноўнікам і сілавікам хацелася б сказаць: вы ж ведаеце, што рана ці позна вы самі становіцеся ахвярамі і сістэма вас здае. Менавіта сілавікамі, лукашэнкаўскімі чыноўнікамі і дырэктарамі забітыя ўсе турмы, дзе гэтыя людзі зазнаюць такое ж стаўленне, як яны ставіліся да іншых людзей. Неабходна перапыніць гэтую інфернальную спіраль, змяніць уладу ў Беларусі і жыць паводле еўрапейскіх стандартаў, калі краінай кіруе закон, а не калгасны фюрэр.

Нагадаем, што 3 кастрычніка 21-гадовы ўраджэнец Пінска Аляксандр Коржыч, закліканы на службу менш за паўгода таму, быў знойдзены павешаным у падвальным памяшканні аднаго з будынкаў на тэрыторыі вайсковай часткі пад Барысавам. 5 кастрычніка ў якасці першапачатковай версіі трагедыі следства назвала суіцыд. Бацькі і сябры загінулага ў гэтую версію катэгарычна не вераць.

10 кастрычніка следства паведаміла аб распачынанні крымінальнай справы паводле ч.3 арт.443 КК (парушэнне статутных правілаў узаемастасункаў паміж асобамі, на якіх распаўсюджваецца статус вайскоўца, пры адсутнасці дачыненняў падпарадкаванасці, якое пацягнула цяжкія наступствы).

Дарэчы, гэта другая трагедыя за год у Барысаве — 31 сакавіка ў пятлі знайшлі яшчэ аднаго хлопца — Арцёма Басцюка. Следчы камітэт спыніў крымінальную справу, распачатую паводле факта смерці Басцюка.

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках