24 красавiка 2024, Серада, 13:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Карткай Сашы карысталіся і пасля ягонай гібелі»

104
«Карткай Сашы карысталіся і пасля ягонай гібелі»
ФОТА: MEDIA-POLESYE.BY

Мама Аляксандра Коржыча распавяла аб трох версіях гібелі сына.

«Мне здаецца, што гэта нейкі страшны сон...Аддаць дзіця жывым і здаровым, а атрымаць труп», — распавядае Святлана Коржыч, мама загінулага 21-гадовага жаўнера Аляксандра Коржыча. 19 траўня яе сына прызвалі ў войска, а 3 кастрычніка ягонае цела знайшлі ў пятлі ў склепе ў вайсковай частцы ў Печах. Маці сказалі, што Саша звёў скончыў жыццё самагубствам. Цела хлопца забралі і пахавалі ў Пінску без адпявання — святар адмовіўся. Маці і сябры жаўнера не вераць у версію суіцыду і дамагаюцца стараннага разбору. Праз тыдзень пасля гібелі хлопца Следчы камітэт распачаў крымінальную справу, на дзявяты дзень яго ўсё ж адпелі, піша сайт tut.by.

Кватэра, дзе жыў з мамай і бабуляй Саша Коржыч, размяшчаецца ў спальным мікрараёне Пінска. Мама загінулага жаўнера запрашае прайсці ў гасціную. Перад завешаным тканінай тэлевізарам стаяць фотаздымкі Сашы: адзін дзіцячы, другі — зроблены незадоўга да адпраўкі ў войска. На стале ляжыць стос альбомаў з сямейнымі фотаздымкамі. Святлана Мікалаеўна бярэ верхні і перагортвае адну старонку за другой. Вось гадовы Саша вучыцца хадзіць. Вось — плёскаецца ў тазіку, адпачывае на моры, катаецца на трохколавым ровары.

— А тут ён на ранішніку ў дзіцячым садку ў строі, — распавядае мама, адцягваецца ад альбома і падымае са стала фота маленькага Сашы на пашпарт. — А гэта я проста выразала з ягонага пашпарта. На памяць.

ФОТА: MEDIA-POLESYE.BY

У некалькіх фотаальбомах захаванае ўсё жыццё Сашы. Кожны перыяд: дзяцінства, малалецтва — сад, школа, ліцэй. Няма толькі аднаго — служба ў войску.

«Мама, усё нармальна, усё добра, я разбяруся сам»

Пасля школы Саша паступіў у пінскі каледж. Адвучыўся па спецыяльнасці тэхнік-механік і ўладкаваўся на працу ў аўтамайстэрню. Па месцы працы хлопца характарызуюць, як таленавітага спецыяліста. Ды і сам ён любіў тое, чым займаўся. Са слоў мамы, сын часта «завісаў» з сябрамі ў гаражы непадалёк.

— Ён мог лёгка пазбегнуць прызыву і ніхто б яго не знайшоў. У нас сваякі ў Бельгіі і Маскве. Сваяк у Маскве наогул клікаў яго да сябе на працу. Але ён адмовіўся. Сказаў: «Я ж беларус, на каго я Пінск пакіну» (...) Саша нічога не баяўся. Казаў: «Адслужу, аддам доўг Радзіме і буду жыць, як чалавек». Яму ж усё адтэрміноўкі давалі праз недабор у вазе: ён быў хударлявы. А летась ён сам падахвоціўся, хадзіў у ваенкамат. Сказалі: «Хлопчык, ідзі адсюль — не дарос». (...) Апошнім разам у яго знайшлі пралапс мітральнага клапана і плоскаступнёвасць, але з гэтым, як выявілася, можна служыць, — кажа мама.

Са слоў Святланы Мікалаеўны, Саша павінен быў паехаць служыць у Берасце, але ў апошні момант усё памянялася:

— Ён мне проста патэлефанаваў і сказаў, што яго вязуць у Печы.

ФОТА: MEDIA-POLESYE.BY

Са слоў мамы, Саша пры асабістых сустрэчах распавядаў ёй аб тым, што ў частцы, дзе ён апынуўся, пануе дзедаўшчына: яго зневажалі, абражалі, вымагалі грошы, прадукты, цыгарэты. Са слоў сваякоў жаўнера, пасля прысягі ён пасварыўся «з некім з сяржантаў», а ягоная банкаўская картка знаходзілася ў прапаршчыка.

— Картку прапаршчык забраў. Саша мне сам расказваў, што прапаршчыку за кватэру няма чым плаціць. (...) Саша кожны тыдзень прасіў [выслаць грошы]. Пачалося гэта з чэрвеня месяца. А потым званкі сталі паступаць усё часцей і часцей. Менш, чым па 50 рублёў я не высылала. Потым ён яшчэ прасіў перадаць iphone, які ён дома пакінуў. Не ведаю, каму ён прызначаўся: сяржанту або прапаршчыку. (...) На мае пытанні ўвесь час адказваў: «Мама, усё нармальна, усё добра, я разбяруся сам».

Святлана Мікалаеўна кажа, што грошы Сашу пералічвалі на картку і давалі гатоўкай: яна і ягоныя сябры. Колькі агулам было перададзена сродкаў, яна не лічыла — «блізу 2 тысяч рублёў».

— Прабачце, але навошта жаўнеру ў войску такія грошы? Патэлефанаваў, прасіў пакласці на картку 50 рублёў. Праз дзень зноў тэлефанаваў, каб на картку яшчэ 50 рублёў пералічылі.

У канцы жніўня Саша папрасіў сяброў прывезці яму раздрукоўку выдаткаў на картцы. Высветлілася, што ягонай карткай разлічваліся ў Барысаве і Менску.

— Карткай Сашы карысталіся яшчэ пасля ягонай смерці. Цяпер засталося на рахунку 1,5 рубля. Саша папрасіў больш 30 рублёў на картку не скідваць. Сказаў: «Больш не хачу. Нікому нічога даваць не буду». Ён сказаў, што пойдзе, раскажа аб усё ротнаму і забярэ картку ў прапаршчыка.

«Мы вязем вам цела сына»

Са слоў маці, да ротнага Саша ўсё ж схадзіў, але з гэтага нічога не выйшла. Аб тым, як прайшла размова, хлопец маме не распавёў, але пасля гэтага папярэдзіў яе, каб больш за 30 рублёў яму не пералічвала.

— Сказаў: «Я з імі сам разбяруся». Разабраўся... Пасля гэтага і пачаліся ўсе прыгоды, — распавяла Святлана Мікалаеўна. — Апошні званок быў: «Мама, як у цябе справы?» Я яшчэ здзівілася, спытала, чаму цікавіцца. Ён адказаў: «Я цябе сур'ёзна пытаюся, як справы?» Можа, яму пагражалі, што са мной нейкую расправу ўчыняць. Няхай бы прыйшлі да мяне і мяне за шыю ціснулі.

У другой палове верасня ў Сашы паднялася тэмпература, і 17-га яго адправілі ў медсанчастку на лячэнне з вострай рэспіраторнай інфекцыяй. Жаўнер патэлефанаваў маме і папрасіў даслаць яму антыбіётыкі. 20 верасня Святлана Мікалаеўна адправіла пасылку з медыкаментамі, але Саша яе так і не атрымаў. 26 верасня яго выпісалі, а 3 кастрычніка мёртвага хлопца выявілі ў падвальным памяшканні часткі. Маме жаўнера аб трагедыі паведамілі праз тэлефон у той жа дзень блізу 22.00.

— Мне патэлефанавалі і сказалі: «Мы вязем вам цела сына». Я не зразумела адразу: «Якое цела? Вы аб чым? Я вам цела не здавала. Не трэба мне везці. Мы прыедзем самі». Селі ў аўтамабіль і паехалі. Пяць чалавек нас было з сябрамі Сашы. Дзень нас мучылі, усё рыхтавалі цела. Не ведаю, што яны там рабілі, але тое, што я ўбачыла, мяне ўзрушыла да глыбіні душы: знявечанае цела. Ён быў худы, змардаваны, сіні. Адубелы труп... Напэўна, не адзін дзень ён ляжаў. На галаве Сашы была майка, ногі звязаныя — такім яго знайшлі. Майку надзелі — гэта яму «цёмную» рабілі, каб не бачыў твараў. Кажуць, што жаўнера, які яго знайшоў, адправілі ў Навінкі.

Дзе жаўнер знаходзіўся гэтыя сем дзён пасля выпіскі з медроты і да выяўлення цела ў склепе, родныя і блізкія не ведаюць. Са слоў Святланы ў частцы, калі яна прыехала забіраць цела сына, ёй таксама не змаглі адказаць на гэтае пытанне.

— Як так можна, што яго з 26 верасня ў частцы ніхто не бачыў? Як такое ўвогуле магчымае? Чаму мне нічога не паведамілі? Хай бы прыехалі і чакалі мяне пад дзвярыма — можа, ён уцёк з войска і паехаў дадому. (...) Я думаю, што з гэтай медроты яго забралі і зацягнулі ў падвал. Ніхто яго не шукаў, — абураецца Святлана Мікалаеўна.

Родным тады паведамілі папярэднюю версію гібелі Сашы — суіцыд. Аднак тое, што хлопец распавядаў аб службе і сляды на целе, прымусілі маму і сяброў усумніцца ў гэтай версіі. Святлана Мікалаеўна напісала звароты ў пракуратуру, Міністэрства абароны і адміністрацыю Лукашэнкі. 10 кастрычніка Следчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле прыкмет складу злачынства, прадугледжанага ч.3 арт.443 (Парушэнне статутных правілаў узаемадачыненняў паміж асобамі, на якіх распаўсюджваецца статус вайскоўца, пры адсутнасці дачыненняў падпарадкаванасці, якое пацягнула цяжкія наступствы) Крымінальнага кодэкса. Цяпер разглядаюцца тры версіі гібелі хлопца: давядзенне да самагубства праз дзедаўшчыну, забойства з матываў асабістых непрыязных стасункаў, з карыслівых памкненняў, з прычыны валодання інфармацыяй, якая кампраметавала іншых вайскоўцаў і самагубства.

Следчы камітэт паведаміў, што цела Сашы вісела ў пятлі з задняга рамяня з матэрыі, прымацаванага вольным канцом да металічнай арматуры пад столлю склепа. У яго былі звязаныя шнуркі чаравікаў, а на галаву надзетая майка. Дзе хлопец знаходзіўся 7 дзён пасля выпіскі, пакуль высвятляецца.

Святлана Мікалаеўна ўпэўненая, што яе сын не мог учыніць самагубства.

— Гэта зверскае забойства. (...) Гэта каты, і яны павінны быць пакараныя па поўнай праграме.

Як паведаміў СК, два сяржанты прызнаныя падазраванымі паводле крымінальнай справы, распачатай па ч.3 арт.443 КК (Парушэнне статутных правілаў, якое пацягнула цяжкія наступствы), а ў дачыненні да прапаршчыка, які карыстаўся карткай Сашы, распачатая справа за махлярства. Паводле звестак следства з ліпеня да верасня падазраваны выкраў з рахунку шарагоўца не менш за 150 рублёў.

Святлана Мікалаеўна ўважае гэтую суму за моцна зменшаную.

— Гэта няпраўда. 150 рублёў — гэта далёка не тая сума. Я заехала ў частку (па цела сына — заўв.) і папрасіла паказаць мне прапаршчыка, якога я карміла. Камандзір мне сказаў, што прапаршчыка ўжо месяц, як там няма.

Цяпер два сяржанты і прапаршчык затрыманыя.

ФОТА: MEDIA-POLESYE.BY

На пахаванне Сашы прыязджала кіраўніцтва часткі, у якой ён служыў.

— Прыязджалі камандзір і афіцэры. Яны былі на пахаванні. Там падняўся наш «афганец» — дзеці нашы сябравалі — і сказаў: «Трэба цябе (камандзіра часткі — заўв.) пакласці разам з Сашам». Там стаяла чалавек 300. Увесь мікрараён прыйшоў з Сашам развітацца. Сказалі, што нават міліцыя прыязджала, каб не было ніякіх інцыдэнтаў. Пасля гэтага я іх не бачыла.

«Сашу не вернеш»

12 кастрычніка Мінабароны паабяцала разабрацца ў гібелі жаўнера і пакараць вінаватых, а праз два дні стала вядома, што камандзіра і чатырох службовых асоб вайсковай часткі, дзе праходзіў службу Аляксандр Коржыч, адхілілі ад займаных пасадаў. Яшчэ чацвёра былі звольненыя з шэрагаў Узброеных Сіл.

— Я мяркую, што трэба было пачынаць з камандзіра часткі. Калі мы прыехалі (забраць цела Сашы — заўв.), на пытанне дзе асабістыя рэчы майго сына, мне сказалі, што за трыццатку Саша тэлефон свой прадаў. Як прадаў? Як такое можа быць? — адзначыла жанчына.

Святлана Мікалаеўна падтрымлівае інтэрнэт-петыцыю з патрабаваннем адстаўкі Міністра абароны Андрэя Раўкова, якая да нядаўняга часу размяшчалася на сайце zvarot.by. Цяпер петыцыя не адкрываецца. Аднак, са слоў актывістаў, у іх ёсць магчымасць перадаць усе сабраныя подпісы, а іх ужо больш за 11 тысяч, адрасату.

Напісаць каментар 104

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках