24 красавiка 2024, Серада, 8:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Фінляндыі выявілі новую крыніцу ежы для чалавецтва

10
У Фінляндыі выявілі новую крыніцу ежы для чалавецтва
ФОТА: PIXABAY

Навукоўцы прыдумалі незвычайны спосаб "ператвараць" неядомае ў ежу.

Навукоўцы з Інстытута прыроды ў Фінляндыі прапанавалі для барацьбы з ростам голаду на Зямлі выкарыстоўваць пілавінне з драўніны як крыніцу ежы. Група даследчыкаў стварыла праект MonoCell для выпуску з драўнянага пілавіння аднаклетачнага бялку. Плануецца, што такі бялок падыдзе як корм для рыб на прамысловых фермах, што дазволіць не выкарыстоўваць для гэтых мэтаў ежу, якую могуць ужываць людзі, піша "Сегодня".

"Мы маглі б выкарыстоўваць для гэтага бульбу ці кукурузу, але лепш імі накарміць людзей. Да прыкладу, у ЗША з бульбянога крухмалу робяць біяэтанол, а на планеце мноства людзей пакутуе ад голаду. Я супраць таго, каб з ежы рабілі паліва", - адзначыў кіраўнік праекта Рыста Корпінен.

На лесаперапрацоўчых прадпрыемствах Фінляндыі кожны год вырабляецца блізу 3,3 мільёна кубічных метраў драўнянага пілавіння. Значная частка ідзе на выпуск цэлюлозы і электрычнай энэргіі, але шмат пілавіння збіраецца як адходы і гніе.

Паводле прагнозаў, колькасць галоднага насельніцтва на Зямлі павялічыцца на 2 млрд чалавек да 2050 года. Недахоп ежы будзе расці з прычыны зніжэння аб'ёму ворных плошчаў.

Раней група амерыканскіх навукоўцаў з харчовых арганізацый паведамляла, што прыкладна праз 30 гадоў у свеце можа наступіць голад на ўсёй планеце. Навукоўцы таксама сцвярджаюць, што блізу 31% людзей у свеце нерацыянальна выкарыстоўваюць прадукты харчавання, выкідваючы рэшткі ежы, якую ўсё яшчэ можна выкарыстоўваць у ежу. Даследаванні ААН сведчаць, што траціна вырабленай ежы трапляе ў смеццевы кошык.

Пры гэтым вытворцы прадуктаў не пакідаюць спробы знайсці альтэрнатыўныя крыніцы ежы для чалавецтва. Апошнія дзесяцігоддзі актыўна развіваюцца фермы насякомых, якіх прапаноўваюць ужываць у якасці крыніцы бялку. Напрыклад, у Швэйцарыі ўпершыню ў Еўропе заканадаўча дазволілі продаж прадуктаў з цвыркуноў, конікаў і мучных чарвякоў.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках