28 сакавiка 2024, Чацвер, 23:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Двухтыднёвая чарга на бясплатны прыём да лекара - гэта ненармальна!»

39
«Двухтыднёвая чарга на бясплатны прыём да лекара - гэта ненармальна!»

Бабруйцы збіраюць подпісы за скарачэнне чэргаў да вузкіх спецыялістаў у паліклініках.

Каб трапіць на бясплатны прыём да лора, неўролага, хірурга ў гарадской паліклініцы №7, даводзіцца чакаць тыдзень, а то і два, распавялі babruysk.by жыхары мікрараёнаў 5, 6 і 7. Чарга да эндакрынолага і акуліста можа быць і яшчэ даўжэйшай - блізу месяца. Пры гэтым на платнай аснове трапіць да доктара можна значна хутчэй.

- Я сам сутыкнуўся з гэтым - тэлефануеш запісацца да вузкага спецыяліста, а табе кажуць - праз два тыдні, тры. Раней увогуле не бывае нічога. Пытаюся - а калі платна? Тады бывае, што і на наступны дзень можна, - распавёў бабруец, актывіст аргкамітэта для стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Аляксей Трафімаў.

Аляксей надумаў запытацца ў іншых жыхароў мікрараёнаў, а ці задаволеныя яны абслугоўваннем у адзінай на тры раёны паліклініцы, і выйшаў збіраць подпісы за скарачэнне чэргаў да лекараў.

«Я хачу спытаць ва ўладаў - чаму так атрымліваецца, што за грошы я магу патрапіць да лекара хоць заўтра, а бясплатна, як гэта прапісана ў нас у Канстытуцыі, мне трэба чакаць ад двух тыдняў да месяца. Тым больш што гэта праблема не толькі нашай 7-й паліклінікі, а ва ўсім горадзе так, як мне расказваюць знаёмыя», - кажа актывіст.

Акрамя скарачэння чэргаў у паліклініцы, Аляксей Трафімаў хоча дамагчыся пашырэння магчымасцяў для дзіцячага вольнага часу ў мікрараёнах.

«У нас у раёне ёсць толькі дзіцячая юнацкая студыя «Спадарожнік», але там вялікія чэргі, яна перапоўненая. Яшчэ можна займацца таэквандо, пры школах толькі спартыўныя секцыі. Калі маляваннем, напрыклад, дзеці хочуць займацца, то ў нашым раёне ў іх няма такой магчымасці, - распавёў Аляксей. - Таксама дзеці з нашых раёнаў не могуць наведваць басейн. У паліклініцы №7 ёсць басейн, але ён толькі для дарослых. Дзеці тут займацца плаваннем не могуць. Гэтае пытанне таксама хачу падняць».

Жыхары мікрараёнаў у большасці згаджаліся, што праблемы, пра якія кажа Аляксей, існуюць, і іх трэба разглядаць.

«Я тэлефаную запісацца да лекара, а мне кажуць - праз тыдзень, ці два, - падзялілася сваім досведам жанчына, якая спынілася каля зборшчыкаў подпісаў. - Я тлумачу сітуацыю, кажу, што ў мяне бок баліць, а мне - на іншы час талонаў няма. А калі мне яшчэ горш за гэтыя дні стане, калі мне цяпер трэба, каб мяне лекар паглядзеў? Такія чэргі на прыём - гэта ненармальна».

Жанчына паставіла свой подпіс пад зваротам у выканкам, але перад гэтым спытала:

«А ў мяне праблем потым ніякіх не будзе за тое, што я тут падпісваюся? Не? Тады падпішу, бо пытанне гэтае разглядаць трэба».

Як толькі будзе сабраная дастатковая колькасць подпісаў, Аляксей аднясе іх у гарвыканкам.

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках