23 красавiка 2024, aўторак, 12:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзевяцігадовая жыхарка Слуцка змагаецца за перамогу ў міжнародным конкурсе дызайнераў

1
Дзевяцігадовая жыхарка Слуцка змагаецца за перамогу ў міжнародным конкурсе дызайнераў

Школьніца змагла абыйсці тысячы канкурэнтаў з усяго свету і трапіць у лік найлепшых.

Случчанка Святлана Крупская трапіла ў фінал штогадовага міжнароднага конкурсу дызайну шкарпэтак Design-a-Sock 2017, які стартаваў у пачатку кастрычніка ў горадзе Мілуокі (ЗША). 9-гадовая дзяўчынка змагаецца за перамогу на роўных з дарослымі канкурсантамі, сярод якіх ёсць і прафесійныя дызайнеры, паведамляе mlyn.by.

Святлана і яе мама Таццяна распавялі, як школьніца змагла абыйсці тысячы канкурэнтаў з усяго свету і трапіць у лік найлепшых.

Спісу дасягненняў Святланы Крупскай можа пазайздросціць кожны дарослы. Удзел у міжнародных конкурсах, перамогі ў розных фестывалях. Цяпер да ліку іншых маленькая жыхарка Слуцка можа дадаць і статус фіналісткі міжнароднага конкурсу дызайну шкарпэтак, які праходзіць у ЗША.

- Пра гэты конкурс мы даведаліся яшчэ летась, - распавядае Таццяна, мама Святланы Крупскай. - Тады Святла таксама распрацавала некалькі эскізаў, аднак яны не прайшлі ў фінал. Але мы на гэтым не спыніліся і сёлета зноў наважыліся прыдумаць арыгінальны дызайн шкарпэтак.

На конкурс Святлана адправіла адразу 5 эскізаў: «Дзяўчынка на санках», «Пэндзлік, які малюе каляровыя плямы», «Кветкавыя выспы ў акіяне», «Чорны заяц» і «Канатаходцы». На пытанне, чаму для эскізаў былі абраныя такія незвычайныя сюжэты, дзяўчынка толькі паціскае плячыма:

- Неяк раптам захацелася намаляваць канатаходцаў...

Такі крэатыўны ход не застаўся незаўважаным. Эскіз «Канатаходцы» стаў адным з 33 фіналістаў конкурсу. Ён апярэдзіў амаль 6 тысяч канкурэнтаў. Цяпер справа за малым: шляхам глядацкага галасавання будуць абраныя 3 пераможцы. За першае месца фіналіст атрымае 2 тысячы даляраў і 15 пар шкарпэтак з уласным дызайнам, за другое - 500 даляраў і 10 пар шкарпэтак, за трэцяе - 250 даляраў і 2 пары шкарпэтак.

- Святла разумее, што наўрад ці пераможа, бо малюнку 9-гадовай дзяўчынкі цяжка спаборнічаць з праектамі прафесіяналаў, - тлумачыць мама Таццяна. - Аднак для яе гэта ўжо вялікая перамога: у такім узросце стаць фіналісткай міжнароднага конкурсу і змагацца з майстрамі сваёй справы!

Зрэшты, на дасягнутым дзяўчынка спыняцца не збіраецца: наперадзе яе яшчэ чакае аналагічны конкурс для стварэння дызайну дываноў. Каб удасканальваць сваё ўменне ў маляванні, Святлана 4 разы на тыдзень наведвае мастацкую школу, а калі вырасце, марыць стаць дызайнеркай адзення.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках