«Заробак той жа самы, а свабоды больш»
6- 16.10.2017, 15:41
- 28,674
Як мянчук кінуў працу на заводзе.
Калі на заводзе не плацяць - можна сысці і адкрыць уласны бізнэс з мінімумам інвестыцый і нават без асаблівай кваліфікацыі. Як гэта зрабілі героі «Белсата».
Мянчук Аляксандр працаваў на заводзе, але звольніўся, аформіў індывідуальнае прадпрымальніцтва і пачаў працаваць кур'ерам. Цяпер развозіць паперы і невялікія грузы на замовы кампаній. З многімі падпісаў гадавыя дамовы на абслугоўванне.
Аляксандр працуе ў так званым b2b сектары: тым, дзе бізнэс абслугоўвае бізнэс. Кур'ерскія паслугі, дастаўка ежы, абслугоўванне тэхнікі - пакуль ІТ-сектар застаецца адным з самых прыбытковых у краіне, невялікія фірмы могуць існаваць за яго кошт.
Віталь Вараб'ёў, кіраўнік крамы «FRU.BY», напрыклад, займаецца пастаўкай у офісы свежай садавіны. «У панядзелак мы развозім блізу 500 кілаграмаў, у сераду блізу 750 кілаграмаў садавіны», - распавядае Віталь.
А вось рынак абслугоўвання офіснай тэхнікі памяншаецца: дакументы становяцца электроннымі, прынтэрамі карыстаюцца ўсё радзей з кожным днём. «Да 2013 года быў нейкі рух, усё было добра. А потым - крызіс, няма грошай, людзі пачалі эканоміць. І стала нам цяжэй», - прызнаецца ўладальнік групы кампаній «FoolColor» Аляксей Шафранскі.