20 красавiка 2024, Субота, 4:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сталі вядомыя падрабязнасці гібелі жаўнера ў вайсковай частцы на Берасцейшчыне

37
Сталі вядомыя падрабязнасці гібелі жаўнера ў вайсковай частцы на Берасцейшчыне

У Бярозе памёр салдат пры нявысветленых абставінах і без сведак.

Грамадства працягвае абмяркоўваць шакавальныя факты дзедаўшчыны ў Печах. Тым часам «Нашай Ніве» стала вядома пра смерць яшчэ аднаго жаўнера, 23-гадовага жыхара Барысава Генадзя Сарокіна, які праходзіў службу ў частцы СПА №48684 у Бярозе Берасцейскай вобласці.

Жаўнер памёр 2 верасня пры нявысветленых абставінах і без сведак: нібыта стаяў у дзяжурстве на вышцы і раптоўна памёр.

Пра падзеі таго дня падрабязней нам расказаў ягоны брат, Аляксей.

«Я быў з бабуляй, нам тэлефануюць з часткі і кажуць, што брат памёр, - кажа Аляксей. - Мы не паверылі адразу. Ну як гэта «памёр»? Мы ж да яго на наступны дзень збіраліся ехаць, часта бывалі. Ён не скардзіўся ні на што: толькі мазь для ног і таблеткі ад прастуды неяк папрасіў за час службы».

Пасля таго як сям'я трохі адышла ад шоку, сваякі адразу паехалі з Барысава ў Бярозу.

Але цела ім не аддалі: маўляў, яно ў моргу. А морг зачынены на выходныя. Маці засталася начаваць у інтэрнаце ў Бярозе. Жаўнер памёр у суботу, а маці змагла ўбачыць цела сына толькі ў панядзелак.

«Афіцэры часткі толькі сказалі, што да брата прыязджала хуткая, і лекары нібыта сказалі, што ў яго адарваўся тромб, ну і ўсё», - сказаў Аляксей.

«Потым нейкі экспэрт з морга сказаў, што ў брата былі курчы і прыступ эпілепсіі, бо язык прыкушаны. Але не было ў яго ніколі такога пры жыцці! Ні канвульсій, ні эпілепсіі. Я не веру», - рэзюмуе брат.

Мы спыталі таксама ў маці памерлага, Святланы, што памятае яна, але размова была даволі цяжкай: жанчына ўвесь час галасіла.

«Войска загубіла майго сыночка, - паўтарала яна. - Чаму ён памёр? Можа, вялікія нагрузкі давалі? Да войска ён ні на што не скардзіўся. Ну сэрца... Перад войскам была дрэнная кардыяграма, яму тыдзень сказалі перачакаць, ну і праз тыдзень усё было нармальна - 23 лістапада ён пайшоў, праз год павінен быў вярнуцца [потым зноў плач, гаворка неразборлівая]».

У чым прычына смерці, спыталі мы.

«Нам патэлефанавалі і сказалі - «тромб», больш нічога. З іх слоў, ён памёр паміж двума і трыма гадзінамі. Патэлефанавалі блізу пяці гадзін. Чаму так доўга? Што вы там рабілі? Чаму адразу не паведамілі? Чаму? Я сына ўбачыла ўжо ў панядзелак - прасіла, ледзь пусцілі. Ён ляжаў у адзенні. На левай скроні была драпіна, нос пабіты. Ці гэта ён спачатку падаў, а потым памёр, ці ўжо пасля смерці ўпаў... Але ці падаў ён наогул? Я не ведаю! Раней ніякіх прыступаў у нас не было, ніякіх страт свядомасці, ні ў школе, ні ва універсітэце... А тут - імгненная смерць, як так магло быць, людзі?.

Ён праляжаў жа колькі... Я не магу нават сказаць, ці былі ў яго нейкія пашкоджанні. Таму што ў моргу рэзалі, ускрывалі, усю галаву парэзалі, грудзі парэзалі, на грудзях швы, дзе ты там ужо што ўбачыш? Што я ўбачу? Нічога... [плача]».

На дзедаўшчыну, кажа маці, жаўнер скардзіўся толькі спачатку.

«Ну казаў, што яна [дзедаўшчына] існуе, што адразу былі там нейкія разборкі. Грошы давала яму, мільён-два на старыя. Але так, каб з яго патрабавалі грошы, то ён не казаў...» - дадае маці.

Хоць прайшло ўжо больш за паўтара месяца з моманту смерці, афіцыйнай прычыны дагэтуль няма - у пасведчанні, як кажуць сваякі, напісана «прычыны смерці высвятляюцца».

«Мне не важна, што напішуць. Напішуць, што захочуць! А мне вярніце сына, вярніце сына!» - плача маці, чуць гэта вельмі цяжка.

У Міністэрстве абароны пакуль выпадак не каментуюць - нам параілі звярнуцца да іх пазней, калі яны ўдакладняць.

Як атрымалася даведацца, на тыя дзяжурства жаўнеры ў частцы №48684 заступаюць раніцай, з усходам сонца.

Генадзь Сарокін заступіў на т. зв. «Вышку візуальнага назірання» - глядзеў у неба з біноклем, прасцей кажучы.

І вось у гэты момант - калі жаўнер быў адзін і нікога побач не было, ён нібыта і памёр - знайшоў цела Генадзя калега, які заступаў на пост следам за ім.

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках