16 красавiка 2024, aўторак, 16:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Новы міністр рэсурсаў шукае для Лукашэнкі золата і дыяменты

52
Новы міністр рэсурсаў шукае для Лукашэнкі золата і дыяменты
АНДРЭЙ ХУДЫК

Лёд крануўся, спадары прысяжныя засядацелі!

У той час як узбекі збіраюць бавоўну для дабрабыту радзімы, беларусы слухаюць салодкія прамовы новага міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Запасы нафты вырастуць на 3 млн тон, знойдуцца новыя радовішчы калійных соляў, бурштыну, базальту і ўрану. Не будзе сквапнай беларуская зямля і на золата з дыяментамі! Андрэй Худык падзяліўся сваімі меркаваннямі з журналістамі. Яго папярэднік таксама абяцаў залатыя горы і нафтавыя рэкі, але не паспеў казку зрабіць быллю – пратрымаўся на пасадзе ўсяго крыху больш за два гады, гаворыцца ў рэпартажы «Белсату».

Прызначанаму месяц таму міністру прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэю Худыку, правадыр Беларусі адразу ж акрэсліў галоўныя задачы на новай пасадзе. І нагадаў аб некампетэнтнасці папярэдніка чыноўніка.

«Былому міністру была пастаўленая самая сур’ёзная задача аб прыродных рэсурсах. Што мы ведаем аб нашай краіне? Тое, што на паверхні – мы бачым, а вось што там – пад зямлёй – не ўсе. Таму, вашая задача разабрацца, што там, пад зямлёй», – заявіў 14 верасня Лукашэнка.

І вось праз месяц пасля гэтых настаўленняў міністр распавёў, што пад беларускай зямлёй варта пашукаць і золата і дыяменты і нават уран. Ну, а наконт чорнага золата нават план ёсць.

«Да 2020 года прырост запасаў нафты складзе 3 мільёны тон і будуць выяўлены новыя радовішчы, перспектыўныя для здабычы вуглевадароднай сыравіны», – заявіў міністр Андрэй Худык.

Нафтавыплан, на думку экспэртаў, цалкам рэальны. Іншая справа, што рост запасаў зусім не азначае павелічэнне аб'ёмаў здабычы, на што таксама спадзяецца чыноўнік. Рэалістычную задачу, якую варта было б паставіць міністэрству, агучвае аглядальніца інтэрнэт-выдання «Белрынак» Тацяна Манёнак:

«Не дапусціць зніжэння здабычы нафты, а па магчымасці хоць бы трохі павялічыць. Істотна павялічыць – наўрад ці магчыма. Нават 5 тысяч тон – гэта было б выдатна, але задача стаіць хоць бы ўтрымаць існы ўзровень».

Задача для беларускіх нафтавікоў на гэты год – здабыць 1,645 млн тон «чорнага золата». Але гэта мэты ўнутры самога міністэрства. Уладная вертыкаль жа патрабуе значна больш яркіх вынікаў. Пра іх у сярэдзіне мінулага года казаў Лукашэнка:

«Знайсці нешта ў нашай маці-зямельцы, аб чым цяжка нават сёння ўявіць. Давядзіце, што там у зямлі гэтага няма. Пакуль ніхто гэтага не давёў».

Патрабаваў Лукашэнка ў папярэдняга міністра Андрэя Каўхуты, даслоўна за месяц да ягонай адстаўкі. Чыноўнік спрабаваў выканаць гэтую задачу і паведамляў аб адкрыцці цэлага шэрагу новых нафтавых радовішчаў. Але на думку Следчага камітэта, пошукі вяліся хутчэй у міністэрскіх справаздачах, а не на зямлі, і сотні тысяч выдзеленых бюджэтам даляраў былі змарнаваныя. Вось цяпер і чарговы міністр абяцае горы карысных выкапняў. Колькі ён пратрымаецца на новай пасадзе?

Сітуацыю каментуе філосаф і палітычны аглядальнік Уладзімер Мацкевіч:

«Міністры-лузэры ў нас жывуць вельмі доўга, ды і не толькі міністры – вось паглядзіце на Мясніковіча. Чалавек і за Кебічам быў намеснікам прэм'ера, і за Лукашэнкам некалькі разоў займаў высокія пасады. За дзесяцігоддзі чалавек так і не паразумнеў, але ж трымаецца наверсе. У наш час, за нашым рэжымам ад чалавека чакаюць не вынікаў, а абяцанняў і паслушэнства».

Але атрымліваецца заганнае кола. Беларускі правадыр, прызначаючы чарговага высокага чыноўніка, сутыкаецца з рэальнасцю і заяўляе да прыкладу:

«Я проста не веру, проста не веру, што ў нас няма вялікіх аб'ёмаў нафты і што ў нашых нетрах адсутнічае газ».

Жадаючы застацца на пасадзе чыноўнік рапартуе пра поспехі і, як сённяшні кіраўнік установы, снуе планы пра перспектывы здабычы сланцавага газу, ну а праз пару гадоў ужо пад яго капае Следчы камітэт.

Напісаць каментар 52

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках