19 красавiка 2024, Пятніца, 14:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы перасталі маўчаць

9
Беларусы перасталі маўчаць

Людзі патрабуюць адстаўкі міністра абароны Раўкова.

Міністэрства абароны пацвердзіла факт смерці Генадзя Сарокіна ў частцы № 48684 у горадзе Бяроза Берасцейскай вобласці 2-га верасня. У 23 гады, адвучыўшыся ва універсітэце, хлопец памёр падчас дзяжурства на вышцы назірання за небам.

Як распавёў «Белсату» брат Генадзя, атрымаўшы страшную навіну, сваякі тэрмінова паехалі ў Бярозу.

Гналі машыну, але не паспелі

«Яго забралі ў морг, хоць пакуль мы ехалі, мае бацькі і мая жонка прасілі, каб яго не забіралі. Каб мы паглядзелі, ці ёсць там сінякі, пабоі, але яго ўжо забралі», - падзяліўся Аляксей Сарокін, брат загінулага жаўнера.

Афіцыйная версія смерці - прыступ эпілепсіі, але сваякі не вераць, у Генадзя ніколі не было такога дыягназу.

«Ён нам казаў, што вышкі даюць выпраменьванне, радары, якія на вышыні. Ён казаў, што ёсць вышка, дзе калі трапіць пад яе хвалі, то можна лысець, з галавой дрэнна будзе. Яны адзявалі спецыяльную ахоўную амуніцыю. Магчыма, ён заступіў, не адзеты, яго апраменіла, і яму дрэнна стала», - дадаў Аляксей.

Міністэрства абароны прызнала гэтую смерць

І гэта на фоне трагедыі Аляксандра Коржыча, якога знайшлі павешаным з футболкай на галаве і са звязанымі нагамі ў вайсковай частцы ў Печах пад Барысавам. Спачатку і вайскоўцы, і следчыя казалі выключна аб версіі самагубства. Пасля журналісцкіх расследаванняў адкрыліся новыя факты пра страшную дзедаўшчыну ў Печах, пра здзек, збіванні і фактычны рэкет з боку сяржантаў і афіцэраў.

Журналісты даведаліся, што ў РНПЦ псіхічнага здароўя ў Навінках знаходзяцца ажно тры жаўнеры з той жа вайсковай частцы, адзін з іх - калега Коржыча - таксама спрабаваў забіць сябе.

Мінабароны абвінавачвае сваякоў жаўнера

«На лячэнні ў Навінках знаходзяцца тры чалавекі, у тым ліку маладзён, які напярэдадні смерці Аляксандра Коржыча спрабаваў учыніць самагубства... Да войска ён 4 разы спрабаваў учыніць суіцыд, што было схавана сваякамі», - адзначыў прэс-сакратар установы Уладзімір Макараў.

Сёння ж Следчы камітэт аднавіў расследаванне справы Арцёма Басцюка, які загінуў у тых жа Печах за паўгода да Аляксандра Коржыча. Ён таксама скардзіўся сваякам на жорсткую дзедаўшчыну, тыя пагаварылі з афіцэрамі, а неўзабаве Арцёма знайшлі ў пятлі. Каб апраўдацца, Міністэрства абароны выпусціла відэа, дзе маці жаўнера з гэтай вучэбнай часткі кажуць, як іх дзецям добра служыцца.

Мінабароны мяркуе, што ідзе «антывайсковая кампанія»

Так вайскоўцы адрэагавалі на збор подпісаў за адстаўку міністра абароны Андрэя Раўкова, які не мог не ведаць пра парадкі ў вайсковых частках пад Барысавам. На старонцы «zvarot.by» было сабрана 11 300 подпісаў, пакуль яе не пашкодзілі спланаванай атакай.

Цяпер збор подпісаў ідзе на старонцы «petitions.by», там больш за 2 500 чалавек выказаліся за адстаўку Раўкова. Але арганізатары кампаніі патрабуюць не проста адстаўкі чыноўніка, а дэкрыміналізацыі войска агулам. Таго ж патрабуюць і арганізатары адзіночнага пікету ў Баранавічах і імправізаванага аўтапратэсту ў Менску насупраць будынка Мінабароны.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках