25 красавiка 2024, Чацвер, 13:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка і Рэвалюцыя годнасці

27
Лукашэнка і Рэвалюцыя годнасці
Наталля Радзіна

Хоць Украіна сёння, безумоўна, мае патрэбу ў падтрымцы ўсяго свету - мы, беларусы, не менш маем патрэбу ў падтрымцы Украіны.

Я надта люблю прыязджаць ва Украіну. Нягледзячы на вайну і ўсе складанасці пераходнага перыяду, ваша краіна сёння зараджае энэргіяй. Нідзе я не сустракала такой колькасці матываваных людзей, якія сваёй энэргіяй і казацкай самаарганізаванасцю змаглі спыніць ваенную машыну ўсходняй дэспатыі. Здаецца, што тут зусім няма стомленасці або цынізму, смагі нажывы ўсякім коштам, шэрага і маркотнага прагматызму, характэрных для краін з «устаялай» дыктатурай або дэмакратыяй. Гэтыя зіхоткія вочы, гэтыя спрэчкі да хрыпаты, гэтая велізарная колькасць ідэй, многія з якіх не раствараюцца ў паветры, а рэалізуюцца, гэты рамантызм і максімалізм не толькі маладых, а людзей усіх узростаў - усё гэта неацэннае.

І хоць Украіна сёння, безумоўна, мае патрэбу ў падтрымцы ўсяго свету - і ў вайне з імперскай Расеяй, і ў правядзенні дэмакратычных і рынкавых рэформаў - мы, беларусы, не ў меншай ступені маем патрэбу ў падтрымцы Украіны. Нам патрэбныя яе свабодны дух, энэргія, унікальны досвед узаемадапамогі і салідарнасці.

Адзінае, што сёння ва Украіне вышэй за маё разуменне - гэта як можна так шанаваць свабоду, ісці за яе на подзвіг і смерць, але пры гэтым паблажліва і лаяльна ставіцца да суседняй дыктатуры, у якой ужо 23 гады жывуць «браты-беларусы», як нас з любоўю называюць украінцы.

Памятаю, якое велізарнае расчараванне выклікалі паводзіны ўкраінскага «аранжавага» ўраду ў асобе Віктара Юшчанкі і Юліі Цімашэнкі, якія пасля прыходу да ўлады кінуліся абдымацца з Лукашэнкам, спрэс забыўшыся аб беларускай дэмакратычнай апазіцыі, якая горача іх падтрымала падчас рэвалюцыі і стаяла на Майдане плячом да пляча з украінцамі. Пасля ж Рэвалюцыі Годнасці, калі Пятро Парашэнка запрасіў на сваю інаўгурацыю беларускага дыктатара, я адчула сапраўдны шок. «Як жа так? - пыталася я ў сябе. - На Майдане ж людзі загінулі. Беларус загінуў! Няўжо Міхаіл Жызнеўскі і героі Нябеснай сотні страцілі жыцці за тое, каб новая ўлада Украіны цалавалася з дыктатарамі, у якіх рукі ў крыві?»

Далей - больш. Супрацоўніцтва паміж уладамі краіны, якая перамагла ў рэвалюцыі, і апошняй дыктатурай Еўропы стала ўбірацца ў сілу. Ва Украіну з Беларусі гналі эшалоны з перапрацаванай расейскай нафтай, з Украіны ў Беларусь - «санкцыйныя» прадукты, якія Лукашэнка кантрабандай пастаўляў у Расею. У Беларусь ехалі калоны грузавікоў з цукеркамі парашэнкаўскай фабрыкі «Рашэн», з Беларусі ва Украіну везлі мільёны пачкаў цыгарэт для кантрабандных паставак у Еўропу. «Вішанькай на торце» стаў лукашэнкаўскі прапагандысцкі канал «Беларусь-24», які дапусцілі ва ўкраінскія тэлесеткі, і які тлумачыў украінцам, ваяваўшым з расейскай агрэсіяй на Усходзе Украіны, як цудоўна жывецца ў «сацыялістычным раі» па суседстве на датацыі з Крамля.

Ніводнай сустрэчы з дэмакратычнай апазіцыяй Беларусі ўлады Украіны (за выключэннем народных дэпутатаў) не правялі.

На ўладу глядзяць выбаршчыкі. І вось, паводле звестак сацыялагічных апытанняў, у краіне адбытай Рэвалюцыі Годнасці кат і пуцінская марыянетка Лукашэнка становіцца самым папулярным замежным палітыкам!

Падчас свайго нядаўняга прыезду ў Кіеў, у кастрычніку гэтага года, я прыйшла на сустрэчу чытачоў з вядомым расейскім журналістам Аркадзем Бабчанкам, якая праходзіла ў адной з сінагог горада. У зале прысутнічалі сотні інтэлігентных адукаваных людзей. Я спытала ў Аркадзя, як ён можа растлумачыць гэты дзікі выбар горача любімых мной украінцаў? Бабчанка, які, як вы ведаеце, у кішэню па слова не палезе, нават разгубіўся, а народ у зале абурана загуў: не, няпраўда, такога быць не можа, ведаем мы гэтага нягодніка Лукашэнку!

Добра. Пасля гэтага мы з Аркадзем і яшчэ з дзясяткам прысутных на сустрэчы журналістаў, піяршчыкаў і грамадскіх дзеячаў прадоўжылі камунікаваць у нефармальнай абстаноўцы ў адной з кіеўскіх кавярняў. І што вы думаеце? За куфлем піва я пачула ад калег непрыемныя для мяне «аргументы»: «Не такі ўжо дрэнны гэты ваш Лукашэнка, у вас жа парадак!»

Так, на вуліцах у нас чыста (як і ў Кіеве, як і ў большасці гарадоў свету). Але гэтымі вуліцамі ходзяць тысячы міліцыянтаў і супрацоўнікаў АМАП, якіх у 7 разоў больш, чым было ў БССР. Тут, у самым цэнтры чыстага Менска, стаіць будынак КДБ (які праз фасад з калонамі турысты блытаюць з тэатрам), ва ўнутраным двары яго размешчаная страшная турма, дзе катуюць палітычных зняволеных. Гэта і мая асабістая гісторыя, я там была, і я памятаю гэтыя поўныя адчаю і прыніжэння дні і ночы.

Пры гэтым «парадку» забіваюць лідараў апазіцыі, міністраў, дэпутатаў, грамадскіх дзеячаў, журналістаў. Тут турмы на траціну запоўненыя бізнэсоўцамі, у якіх адабралі маёмасць і кінулі падыхаць за краты на вялікія тэрміны на 8-10 гадоў. Тут для наркаманаў, - хворых, фактычна, людзей, - адкрываюць асобныя калоніі, каб іх катаваць, а хворых на алкагалізм адпраўляюць у ЛПП на рабскія працы. Тут страшна адправіць сына ў войска, бо там яго будуць збіваць, вымагаць у яго грошы, а потым заб'юць або падштурхнуць да самагубства. Тут даўно няма свабоды слова, бо СМІ закрывалі, рэдакцыі грамілі, журналістаў забівалі або змушалі пакінуць краіну.

Але беларусы прадаўжаюць змагацца. У сябе ў краіне, у эміграцыі, у тым ліку ва Украіне, куды яны едуць ваяваць са знакамітым лозунгам нашых агульных паўстанняў: «За нашу і вашу свабоду!» Паспрабуйце сказаць гэтым людзям, якія праліваюць за свабоду кроў, што дыктатар Лукашэнка «не такі ўжо дрэнны», калі яны не могуць нават вярнуцца на радзіму, бо там іх немінуча чакае турма.

Няўжо мы не маем права разлічваць на зваротную салідарнасць з боку братоў-украінцаў?

Наталля Радзіна, галоўная рэдактарка Charter97.org, спецыяльна для ЛИГА.net

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках