24 красавiка 2024, Серада, 6:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Маці жаўнера тэрміновай службы з Печаў: Давялося працаваць на войска

62
Маці жаўнера тэрміновай службы з Печаў: Давялося працаваць на войска

Беларусы прадаўжаюць распавядаць пра здзекі.

Аднаму зламалі сківіцу, а другі вярнуўся дадому хворым на сухоты: дзве гісторыі аб беларускім войску апублікаваў «Белсат».

Сын Лідзіі

Яе малодшы сын хацеў трапіць у спецназ – не ўзялі праз страсенне мозгу. Ваенкамат адправіў 18-гадовага хлопца ў сумнавядомую вучэбную частку ў Печы. Адтуль яго перавялі ў барысаўскую в/ч 32377. «Цяпер сядзіць і гуляе ў гульні на кампутары. Ходзіць на працу, якую знайшоў праз біржу. З сябрамі не сустракаецца. Яго нічога не цікавіць. З войска ён вярнуўся зусім іншым чалавекам – са скалечанай псіхікай і хворым на сухоты», – кажа Лідзія.

Бізнэс на салярцы і берцах

«Я ездзіла да яго кожныя два тыдні. Вазіла непад'ёмныя сумкі. Я ж бачыла, якая ў іх там ежа. Жаўнеры ходзяць галодныя.

А колькі грошай яму дасылала. Куды ён іх падзеў? Мне ж здавалася, што пойдзе хлопец служыць, і я хоць трохі грошай назбіраю, а давялося працаваць на войска. Прыехаў неяк у падраных берцах, дык дала яму грошы, каб ён у прапаршчыка сабе новыя купіў.

Ды я нават мыла вазіла. Кажу нейкаму начальніку з часткі: вы крадзяце. На што пачула: кралі, крадуць і будуць красці, маўляў, усе крадуць.

Сын мне расказваў, што яму загадвалі зліваць салярку па 400 літраў, а пасля спісвалі. Баялася я за яго. Думала, што могуць пасадзіць».

Сухоты. Псіхіятрычная лякарня. І жаўнер, які хацеў выскачыць з акна

«Ён не даслужыў тры ці чатыры месяцы. Спачатку трапіў у вайсковы шпіталь. Потым у звычайную лякарню. 7 месяцаў праляжаў на бальнічных ложках. Медыкі, я так разумею, няўдала зрабілі яму пункцыю. Цяпер у лёгкіх у яго дзірка, якая дрэнна гоіцца.

Я прасіла афіцэра з часткі, каб яго адправілі ў санаторый, а ён мне: я сам тры гады ў санаторыі не быў, а вы хочаце свайго сына туды адправіць. Прабачце, але ім да задняга месца былі мае праблемы. Я аддала ім здаровае дзіця. Я ім казала, што дайду да суда і нават выйду на плошчу».

Са слоў Лідзіі, яе сын ляжаў у менскім тубдыспансеры разам з 5 або 6 калегамі, якія таксама захварэлі на сухоты. «У частцы быў хлопец, які захварэў на сухоты і, магчыма, ён іх заразіў. Медыкі кажуць, што мой быў першы. Я хацела звязацца з бацькамі таго хлопца, але, мабыць, яго запалохалі, і ён не даў мне іх кантакты. Іншыя хлопцы, якія захварэлі, яны ж з глухіх вёсак і не разумеюць, што з імі здарылася і махнулі на ўсё рукой.

Сыну, дарэчы, тэлефанавалі яшчэ два хлопцы, яны прыйшлі на 6 месяцаў пазней, і сказалі, што таксама трапілі ў «тубік». Яшчэ адзін хлопец з ягонай часткі трапіў у Навінкі [«Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр псіхічнага здароўя». – Заўв. Belsat.eu], калі вярнуўся дадому. Ягоная маці сама патэлефанавала туды. Сын распавядаў яшчэ пра хлопца, які хацеў выскачыць з акна казармы».

У санчастцы ўсе хваробы лечаць «анальгінам»

«Я пісала лісты і прэзідэнту, і ў міністэрства абароны, але атрымлівала толькі адпіскі. У мяне праз гэтую вайну пачало балець сэрца, і я перастала змагацца далей. Кіраўніцтва в/ч перакінула ўсю адказнасць за хвароба на кіраўніка санчасткі, і ён нібыта на ўласнае жаданне звольніўся. Там жа нават таблетак няма. Кожную хваробу лечаць анальгінам. Мне лекары кажуць, што немагчыма давесці, калі менавіта мой сын захварэў на сухоты. Я падняла ўсе апошнія флюараграфіі – усё было добра. І ў нашай сям'і ніхто не захварэў і не заразіўся», – кажа жанчына.

Сыну Лідзіі цяпер 21 год. Пра войска ён не хоча размаўляць нават са сваёй маці.

Лейтэнант зламаў сківіцу жаўнеру тэрміновай службы

Чытач Belsat.eu наважыў падзяліцца сваім досведам службы ў войску пасля скандалу ў барысаўскім гарнізоне Печы.

«Не ведаю, ці правільна я зрабіў, што дараваў яму. Магчыма, праз такіх афіцэраў і адбываецца тое, што адбываецца ў Барысаве», – распавядае мужчына (які пажадаў застацца ананімным), што праходзіў службу ў вайсковай частцы на Берасцейшчыне.

«Мая гісторыя здарылася ў 2004 годзе. Да нас у роту прыйшоў малады афіцэр пасля акадэміі. У адзін цудоўны дзень нас паставілі ў ачапленне на берасцейскім палігоне. Я быў адказны за групу людзей. Адзін хлопец кудысьці знік, і мы не маглі яго знайсці. Пазней высветлілася, што ён адлучыўся. Праз гэта ў нас з афіцэрам спачатку была сварка, а потым быў удар.

Я ўпаў. Усё паплыло. Адна частка сківіцы ў мяне хісталася, а другая стаяла на месцы. Тады ніводная сволач у пагонах не пацікавілася маім станам. Усе абмяркоўвалі, як замяць справу. Камандзір часткі быў у шоку, калі мяне ўбачыў. Я ледзь гаварыў.

Ягонае меркаванне было такім: рабі тое, што ўважаеш за неабходнае. Патэлефанаваў бацькам, і яны прыехалі да мяне. На месцы наважылі паехаць у абласную лякарню. Там зрабілі здымак – адкрыты пералом. Нейкім чынам бацькі дамовіліся на месяц стацыянарнага лячэння. Лейтэнант стала прыязджаў і прасіў нікуды не паведамляць, карацей, за сцены часткі гісторыя не выйшла».

«У частцы была яшчэ адна сволач – маёр Кныш. Ён быў намеснікам па тыле.

Кожную раніцу ён забіраў па 20-30 жаўнераў тэрміновай службы ў сваё распараджэнне.

Жаўнераў раскідвалі па ўсім Берасці. Хтосьці капаў агарод, а хтосьці смецце прыбіраў. Рабілі самую брудную і цяжкую працу. На абед маглі прывезці, а маглі і не прывезці. У Кныша былі пункты ва ўсім горадзе. Усе камандзіры гэта ведалі. Жаўнеры тэрміновай службы пракліналі яго.

Вось вам наша войска...».

Напісаць каментар 62

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках