25 красавiка 2024, Чацвер, 9:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Вайцюшкевіч: У «Палац» мяне ўзялі спяваць Уцёсава

Зміцер Вайцюшкевіч: У «Палац» мяне ўзялі спяваць Уцёсава

У лістападзе адбудзецца юбілейны канцэрт вядомага беларускага музыкі «25 гадоў на сцэне».

2 лістапада ў КЗ «Мінск» адбудзецца юбілейны канцэрт Змітра Вайцюшкевіча «25 гадоў на сцэне» з удзелам гурта WZ-Orkiestra і запрошаных гасцей. Напярэдадні выступу Вайцюшкевіч распавёў nn.by, як з падземнага пераходу трапіў у гурт «Палац».

Музыка нарадзіўся ў пасёлку Бярозаўцы Лідскага раёна, вядомага сваім шклозаводам «Нёман». З дзяцінства спяваў, у школьныя гады стаў займацца на кларнеце. У 1990 годзе скончыў Лідскую музычную вучэльню і паступіў ва Універсітэт культуры.

- Першыя два гады ў Менску я проста вучыўся і гадзінамі займаўся на кларнеце - мне гэта вельмі падабалася, - распавядае Вайцюшкевіч. - Усе змяніў 1992 год. Я граў на кларнеце ў пераходзе на плошчы Перамогі, калі незнаёмая дзяўчына запрасіла мяне на зборны канцэрт найлепшых беларускіх рок-гуртоў таго часу «Мроя», «Новае неба» і «Уліс» у Палацы культуры чыгуначнікаў. Там я зразумеў дзве рэчы. Першае - я закахаўся ў беларускую песню. Другое - трэба варушыцца, калі хачу патрапіць на сцэну.

Музыка падаў заяўку на першы Конкурс нацыянальнай песні і паэзіі, які праводзіла Беларуская тэлевізія. Там Вайцюшкевіч выканаў песню «Спатканне» на вершы Аляксандра Лягчылава з рэпертуару ансамбля «Сябры» - гэта было першае з'яўленне Вайцюшкевіча на тэлеэкранах. Але аўтарытэтнае журы ў другі тур маладога спевака не прапусціла, палічыла «сырым».

- Восенню 1992 года аднакурснік распавёў мне аб праслухоўванні у гурт «Палац», які тады называўся «Палац кукурузных палачак». Яны рыхтавалі дзве праграмы: беларускіх народных песень і джазава-эстрадную на тэму савецкіх песень. У першай выдатна спяваў Алег Хаменка, а мяне ўзялі на другую, спяваць Уцёсава, - тлумачыць Зміцер Вайцюшкевіч. - Але нечакана стрэліла менавіта першая, таму гурт перайменавалі ў «Палац» і наш джаз ніхто не пачуў. Я застаўся на бэк-вакале і духавых. Мой каронны нумар быў, калі я выходзіў чытаць рэп на ангельскай у песні «Русалкі». Цяпер глядзіцца смешна, а тады гэта было неймаверна цікава!

З тых часоў змянілася многае: Вайцюшкевіч сышоў з гурта «Палац», прайшоў праз Kriwi, запісаў шмат сольных альбомаў. Але галоўнае засталося нязменным - любоў Вайцюшкевіча да беларускай песні.

Зміцер Вайцюшкевіч «25 гадоў на сцэне»

2 лістапада, КЗ «Мінск», 19:00.

Квіткі: ад 20 да 28 рублёў.

Продаж: касы і сайт Kvitki.by, каса КЗ «Мінск».

Інфалінія: (033) 661 14 32.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках