19 красавiка 2024, Пятніца, 17:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Калі пра хлопца ў Печах пачалі пісаць, мы падумалі — гэта наш шанец распавесці пра сына»

20
«Калі пра хлопца ў Печах пачалі пісаць, мы падумалі — гэта наш шанец распавесці пра сына»

На Гомельшчыне родныя яшчэ аднаго павешанага жаўнера не вераць у суіцыд.

«Калі пра гэтага хлопца ў Печах пачалі ўсюды пісаць, мы падумалі — вось ён, наш шанец распавесці і пра Андрэя. Мы ж ужо год б'емся ў пошуках праўды. А праўда для нас вельмі важная. Разумееце, яго ж не адпелі... Як мы святара ні ўгаворвалі — не пагадзіўся», — выцірае слёзы Таццяна, распавядаючы сваю гісторыю tut.by.

20 кастрычніка споўніцца год, як не стала яе брата Андрэя Маноніна, жаўнера тэрміновай службы вайсковай часткі 48685 горада Ліды. Увесь гэты час жанчына піша лісты ў розныя інстанцыі, размяшчае статусы-заклікі ў сацсетках і нават збіралася звяртацца да экстрасэнсаў. Некалькі месяцаў таму Следчы камітэт спыніў расследаванне крымінальнай справы за адсутнасцю ў ім складу злачынства. Аднак родныя загінулага хлопца не згодныя з такой пастановай і ва ўсім вінавацяць дзедаўшчыну.

Таццяна перабірае ў руках стос адказаў з пракуратуры, следчага, камітэта салдацкіх маці, вайсковага камісарыята... Перапіску з усімі структурамі вядзе яна. Маці Андрэя — Тацяна Маноніна — жыве ў глухой вёсцы ў Рагачоўскім раёне, працуе даяркай у мясцовай гаспадарцы і паняцця не мае, як весці размовы з прадстаўнікамі такіх структур. Але каб даведацца праўду аб гібелі сына, гатовая на ўсё.

— Мы не ведаем, што нам рабіць. Нават Марату Башараву пісалі ў «Бітву экстрасэнсаў». Яны ж распутваюць такія справы. Але потым нас папярэдзілі, што шмат ашуканцаў, ды і не спашлешся нідзе потым на экстрасэнсаў гэтых. Таму пакуль збіраем самі довады.

Да сваёй гібелі Андрэй паспеў адслужыць у войску пяць месяцаў: спачатку ў вучэбнай частцы ў Баранавічах, затым перавялі ў Ліду. Таццяна кажа, што службай хлопец быў задаволены.

— Нават ганарыўся тым, што ён жаўнер. Кожны дзень тэлефанаваў дадому. Ніколі не скардзіўся. Ды ён такі, што і не будзе. Цікавіўся ў маці, як справы, як здароўе, што з гаспадаркай. У верасні тэлефанаваў брату: «Ой, кажа, мне засталася тут глупства. Я ўжо сам хутка буду «чэрапам», — распавядае сястра Таццяна.

Але ў кастрычніку, за тры дні да гібелі, хлопца як падмянілі.

— Тэлефануе і кожны раз пытаецца: «Мама, у цябе ўсё добра? Ніхто да цябе не прыходзіў? Ты за мяне не хвалюйся», — успамінае маці загінулага.

Апошні раз Андрэй звязваўся з роднымі ў дзень сваёй гібелі — 20 кастрычніка 2016 года. Званок доўжыўся некалькі хвілін. Хлопец прасіў маму, каб тая ні ў якім выпадку не прадавала ягонага каня. А сёмай вечара калегі ў казарменнай прыбіральні знайшлі Андрэя ў пятлі. Кажуць, калі здымалі, яшчэ дыхаў, але выратаваць не ўдалося.

З перапіскі з міністэрствамі і структурамі відаць: пасля трагедыі Следчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле арт.145 «Давядзенне да самагубства». Расследаванне то спынялася, то аднаўлялася. Вясной жа маці Андрэя прыйшло паведамленне, у якім гаворыцца, што справа закрытая, а ў смерці сына вінаватых няма.

«...За адсутнасцю ў дзеі складу злачынства папярэдняе расследаванне крымінальнай справы, распачатай паводле факта давядзення да самагубства, спыненае. Пры нязгодзе з прынятай пастановай раім звярнуцца ў суд».

Сваякі загінулага жаўнера з «адсутнасцю складу злачынства» не згодныя. Самы галоўны іх аргумент — перадсмяротная запіска, у якой жаўнер вінаваціць у тым, што адбылося, канкрэтных людзей. Бачылі гэты лісток родныя Андрэя толькі аднойчы, калі прыязджалі на допыт да следчага. Больш ім яго ніхто ніколі не паказваў.

— «Прабач, брат, прабач, матуля. Не судзіце строга. Але па-іншаму я не магу. Яны мяне прымусілі. Я хацеў жыць, хацеў вярнуцца ў вёску і працаваць у калгасе. Брат, прашу цябе, пакарай іх судом», — скрозь слёзы цытуе прыблізны тэкст перадсмяротнага паслання мама Андрэя. — А ў канцы ён напісаў прозвішчы чатырох чалавек. Трое з іх служылі разам з ім, а чацвёрты — сяржант-кантрактнік. Праводзіліся праверкі, іх вадзілі на допыты. Але на гэтым ўсё і заглухла. Вінаватых няма.

Родныя жаўнера ўпэўненыя — прычынай гібелі стала дзедаўшчына.

— Андрэй быў са стрыжнем. І пра суіцыд ён бы ніколі не падумаў. Ён любіў маму, брата, любіў жыццё. У яго было столькі планаў! Яму давалі адпачынак у лістападзе, тры дні. Ён папрасіў перанесці яго на травень: маўляў, мама, а бульбу хто табе пасадзіць? Не збіраўся ён паміраць! — упэўненая сястра.

Акрамя перадсмяротнай запіскі на расследаванне справы мог праліць святло і дзённік Андрэя, у які хлопец запісваў усё, што адбылося з ім за дзень — была ў яго такая звычка. Брат і маці загінулага кажуць, што запісы ён спраўна вёў і ў войску.

— Дзённік быў пры ім заўсёды. Такі нататнічак. Яго мы бачылі, калі ў верасні прыязджалі на спатканне. Ён нават паказваў нам запісы і казаў, што кожны дзень піша, што з ім адбываецца, колькі праслужыў і колькі яму засталося. Куды потым гэты нататнік дзеўся — невядома, — уздыхае маці жаўнера.

КАЛІСЬЦІ ШЧАСЛІВАЯ СЯМ'Я МАНОНІНЫХ. МАМА І ДВОЕ СЫНОЎ. ЗАГІНУЛЫ АНДРЭЙ — СПРАВА

У родных поўна пытанняў, і задаць іх вось так гучна наважыліся толькі цяпер. Чаму маці паведамілі аб гібелі сына не адразу, а толькі на наступны дзень? Як жаўнер змог павесіцца а сёмай гадзіне вечара, калі ў казарме жыццё ідзе поўным ходам? Што магло адбыцца ў частцы, каб жыццярадасны хлопец, у якога было поўна планаў на будучыню, добраахвотна палезці ў пятлю? Але на іх не змагло знайсці адказаў следства, няма іх і цяпер.

Між тым, у панядзелак Міністэрства абароны паведаміла, што ўзровень суіцыдаў у беларускім войску сёння адзін з самых нізкіх у свеце: у 2016 годзе ў войску адбылося чатыры выпадкі самагубства, і гэтая лічба практычна не змяняецца апошнія пяць гадоў.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках