23 красавiка 2024, aўторак, 23:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Для чаго Беларусь адкрыла псэўдааэрапорт на мяжы з Расеяй

10
Для чаго Беларусь адкрыла псэўдааэрапорт на мяжы з Расеяй
АЭРАДРОМ ВОРША
ФОТА: A. BURAKOW

На месцы аэрапорта знаходзяцца толькі закінутыя казармы.

Беларускі ўрад абвясціў аб адкрыцці аэрадрома Ворша для міжнародных палётаў. Але замест аэрапорта рэпарцёр "Нямецкай хвалі" убачыў толькі закінутыя казармы.

Згодна з пастановай савета міністраў Беларусі №651, з 28 жніўня аэрадром Ворша афіцыйна адкрыты для міжнародных палётаў. Дзяржаўнаму памежнаму камітэту, мытні і іншым міністэрствам і ўстановам РБ было даручана забяспечыць там правядзенне памежнага, мытнага, санітарна-каранціннага і іншых тыпаў кантролю. Але і праз паўтара месяца пасля прыняцця пастановы самалёты ў Воршу не лётаюць. Чаму - высвятляў карэспандэнт DW.

Выгаднае размяшчэнне аэрадрома

Міжнародным беларускія ўлады назвалі былы вайсковы аэрадром у паселішчы Балбасава, размешчаным за пяць кіламетраў ад Воршы. Яго горадаўтваральным прадпрыемствам з'яўляецца Аршанскі авіярамонтны завод. У савецкі час, расказвае віцебскі журналіст Сяргей Серабро, тут быў раскватараваны 402 цяжкі бамбавальны авіяполк, які быў расфармаваны ў снежні 1994 года. Але дзякуючы авіярамонтнікам узлётна-пасадачная паласа аэрадрома ўсе гады падтрымлівалася ў прыстойным стане.

Доўгі час, прадаўжае журналіст, улады абдумвалі ідэю стварэння каля Воршы, якая мае выгаднае геаграфічнае становішча, буйнога лагістычнага цэнтра. Горад размешчаны ўсяго за 50 кіламетраў ад мяжы з Расеяй і знаходзіцца на скрыжаванні двух аўтакалідораў: Санкт-Пецярбург-Адэса і Берасце-Масква. Спачатку гаворка ішла аб перавозцы грузаў аўтатранспартам, але цяпер прапануецца задзейнічаць чыгуначны вузел і міжнародную авіяцыю. Аднак з пастановы Саўміна не зусім зразумела, што менавіта стала міжнародным, канстатуе Юрый Нагорны, які з'яўляўся ў 90-я гады старшынём гарвыканкама Барані, невялікага гарадка побач з аэрадромам.

Напраўду, тлумачыць Нагорны, Балбасава складаецца з інфраструктуры былой вайсковай часткі, гэта не пасёлак у агульнапрынятым разуменні. А ў Барані ў савецкі час размяшчаўся вайсковы завод "Чырвоны Кастрычнік", што выпускаў сродкі сувязі для войска, міліцыі і спецслужбаў усяго СССР.

Два гэтыя населеныя пункты ўваходзілі ў закрытую для замежнікаў рэжымную зону. На вайсковым аб'екце, успамінае Нагорны, аэрапорта ніколі не было за непатрэбнасцю. Таму, з ягоных слоў, пастанова беларускага ўрада выглядае так мудрагеліста: "Міжнародны статус мае не то аэрадром, не то адна ўзлётна-пасадачная паласа (УПП), што дзіўна".

Аэрадром без аэрапорта

Краязнаўца з Барані Віктар Міхасёў, які чатыры разы абіраўся дэпутатам мясцовага савета, пагадзіўся стаць для карэспандэнта DW гідам па былому вайсковаму гарадку. Падышоўшы да прахадной авіярамонтнага завода, ён звярнуў увагу на тое, што афіцыйна прадпрыемства з'яўляецца партнёрам украінскага АТ "Матор Січ", які выпускае рухавікі для гелікаптэраў. Завод спецыялізуецца менавіта на рамонце гелікаптэрнай тэхнікі. Самалёты, са слоў Міхасёва, тут садзяцца вельмі рэдка, добра, калі раз на месяц.

Тэрыторыя, на якой размешчаная УПП, ужо абгароджана калючым дротам і парканам. Аднак нельга сказаць, што жорстка кантралюецца, пры жаданні патрапіць на ўзлётную паласу можна. У астатнім жа "міжнародны аэрапорт" гэта пераважна закінутыя вайсковыя казармы.

У мясцовай прэсе, кажа Віктар Міхасёў, улады тлумачылі, што цяпер узлётная паласа належыць да мультымадальнага прамыслова-лагістычнага комплексу "Брэміна-Ворша" з чыгункай і транспартнымі магістралямі. Гэта маштабны праект, які рэалізуецца кампаніяй "Брэміна Груп", якая мае дзве мытныя пляцоўкі на мяжы з Польшчай. У яе інтарэсах і прысвоены аэрадрому міжнародны статус. Логіка ўладаў у тым, каб зрабіць гэта месца цэнтрам транзіту грузаў без прамежкавых прыпынкаў для правядзення мытных працэдур.

"Боінг" у Воршы не ўзляціць

Аднак месца, дзе павінен стаяць мультымадальны лагістычны комплекс выклікала яшчэ больш пытанняў. Новая бетонная кіламетровая пад'язная дарога вядзе ў пустое поле, на якім трактары толькі пачынаюць рыхтаваць пляцоўку пад будучы катлаван. Пашпарт аб'екта паведамляе, што працы пачаліся толькі ў кастрычніку. "Гэта значыць, на момант абвяшчэння міжнароднага аэрадрома часткай "Брэміна-Ворша" працы тут нават не пачыналіся", - паказвае Віктар Міхасёў.

Узяць каментар у кіраўніцтва "Брэміна Груп" не атрымалася, бо супрацоўніца менскага офіса кампаніі, не назваўшы сябе, адразу ж паведаміла, што гэтая фірма да аэрадрома не мае ніякага дачынення. Узлётна-пасадачная паласа застаецца ўласнасцю Аршанскага авіярамонтнага завода, куды супрацоўніца і параіла звярнуцца. У кампаніі толькі ўклалі дамову на яе выкарыстанне.

У сваю чаргу тэхнічны дырэктар ААТ "Аршанскі авіярамонтны завод" Андрэй Хмялёў, часовы выканаўца абавязкаў гендырэктара, распавёў DW, што пастанова аб прысваенні міжнароднага статусу прынятая толькі намінальна. Сам аэрадром як быў, так і застаўся катэгорыі "Б" - ён можа абслугоўваць толькі транспартныя самалёты і ў дзённы час.

З'явяцца памежнікі

Пры гэтым аэрадром прызначаны для савецкай вытворчасці самалётаў з высока размешчанымі рухавікамі, напрыклад, Ан або Іл, а вось ужо "Боінгі" прыняць не можа. Сесці такі самалёт у Балбасаве зможа, тлумачыць Андрэй Хмялёў, а вось узляцець - наўрад ці. Каб прымаць замежныя самалёты, патрэбныя інвестыцыі для рэканструкцыі УПП, але інвестар пакуль не знойдзены.

Вайсковы картограф у адстаўцы Віктар Болдзін адзначае, што і вайскоўцам толькі для ацэнкі інфраструктуры будучага памежнага атрада (ён неабходны для абслугоўвання аэрадрома, які прымае самалёты з-за мяжы) спатрэбіцца не менш за тры месяцы.

Памежныя войскі Беларусі ўключаюць у сябе восем памежных груп, размешчаных на межах з краінамі ЕЗ і Украінай, а таксама атрад памежнага кантролю у нацыянальным аэрапорце Менск-2. У Воршы цяпер павінен быць створаны атрад, падобны да менскага.

Спачатку рабочыя групы вайскоўцаў наведаюць аэрадром, працягвае Болдзін, і вызначаць, дзе размясціць памежнікаў і знайсці ім жыллё, як арганізаваць харчаванне і дастаўку транспартам. Потым рыхтуецца пералік патрэб на фінансавы год, які павінен быць зацверджаны начальствам. Калі грошы не былі закладзеныя ў бюджэт, то праца пачнецца не раней за 1 студзеня 2018 года.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках